Дзякуй за сына

Люди Сморгонщины
21.11.2014 10:23
1247
Жыхары Смаргоні Іван Эдуардавіч і Тамара Зянонаўна Аляхно былі прыемна ўражаны: падзяку ім выказаў Міністр унутрных спраў Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Ігар Шуневіч. У чым ён убачыў асаблівую заслугу гэтых дваіх людзей? Можа, яны дапамаглі міліцыянерам затрымаць вельмі небяспечнага злачынцу, выратавалі чалавека ад немінучай гібелі? Адным словам, здзейснілі нешта гераічнае. Іншае,...

IMG_4556Жыхары Смаргоні Іван Эдуардавіч і Тамара Зянонаўна Аляхно былі прыемна ўражаны: падзяку ім выказаў Міністр унутрных спраў Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Ігар Шуневіч. У чым ён убачыў асаблівую заслугу гэтых дваіх людзей? Можа, яны дапамаглі міліцыянерам затрымаць вельмі небяспечнага злачынцу, выратавалі чалавека ад немінучай гібелі? Адным словам, здзейснілі нешта гераічнае. Іншае, больш прыземленае ў дзеяннях мужа і жонкі Аляхно, наўрад ці выклікала б цікавасць у міністра. Так думаем мы, звычайныя абывацелі. На самай справе ўсё значна прасцей. “...Сардэчны Вам дзякуй, Іван Эдуардавіч і Тамара Зянонаўна, за выхаванне Вашага сына, сапраўднага грамадзяніна, патрыёта, абаронцы нашай Айчыны. Жадаю Вам моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і доўгіх гадоў жыцця. З павагай – Міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Ігар Шуневіч”.


Пацікавіўся ў Івана Эдуардавіча, як выхоўвалі сына ў сям’і, можа былі нейкія свае метады, якія адрозніваліся ад агульнапрынятых. Аказалася, не. Толькі існавала адна асаблівасць: паміж бацькам і сынам усталяваліся сяброўскія адносіны. Гэта станоўча ўплывала на выхаванне. Сям’я культывавала дэмакратычныя каштоўнасці, таму бацькі не абмяжоўвалі волю маленькага Паўла, хаця і ўседазволенасці не было. Хлопчык рос адказным з ранняга дзяцінства. Тамара Зянонаўна прыгадала, як сын дапамагаў ёй прыбіраць у кватэры, даглядаў ката. Жывёліну завялі дома па просьбе Паўла, вядома ж, з пэўнай умовай. У школе хлопец вучыўся і паводзіў сябе добра. Аб тым, кім марыць стаць, калі вырасце, нічога не казаў бацькам. Любіў бавіць час з тэхнікай. Спачатку ў Паўла былі веласіпеды, потым матацыклы. Напачатку рамантаваць іх дапамагаў дзед, які разбіраўся ў тэхніцы.


Крокі ў нялёгкую прафесію


- Тэхніку я любіў, мне падабалася круціць гайкі. Але гэта было як хобі, - прызнаўся Павел Аляхно. - У 11 класе настаў час вызначыцца з будучай прафесіяй. Паглядзеў інфармацыю аб вышэйшых навучальных установах Беларусі. Цікавасць выклікала міліцэйская акадэмія. Пачаў рыхтавацца да паступлення. Конкурс быў дастаткова вялікі. Нямала “адсеялася” абітурыентаў. Мяне залічылі ў акадэмію. Потым «наваспечаных» курсантаў чакаў курс маладога байца - правяралі на трываласць. З цягам часу стала крыху лягчэй.
Паўлу Аляхно было цікава вучыцца ў міліцэйскай акадэміі, тым больш па такой спецыялізацыі, як аператыўна-вышуковая дзейнасць. Акрамя спецыяльных прадметаў курсантам выкладалі прадметы, якія садзейнічалі агульнаму развіццю, пашырэнню кругагляду. Так было першыя чатыры гады. На пятым годзе навучання курсантаў падзялілі на групы: крымінальны вышук, барацьба з эканамічнымі злачынствамі, супрацьдзеянне гандлю людзьмі. І пачалі даваць веды вузкай накіраванасці.
Напрыканцы вучобы ў акадэміі Павел ужо ведаў, на якой пасадзе будзе служыць. Да таго ж, яму пашанцавала - у Смаргонскім РАУС з’явілася вакантнае месца. Аднак тэарэтычны багаж маладога лейтэнанта з-за адстутнасці практыкі не прыносіў чаканага выніку. І калі б не дапамога старэйшых і вопытных калегаў з аддзялення крымінальнага вышуку, то невядома колькі спатрэбілася б часу Паўлу Аляхно для асваення нялёгкай міліцэйскай прафесіі. Малады супрацоўнік не саромеўся пытацца, калі чаго не ведаў. Яму падказвалі, раілі, як лепш зрабіць у тым ці іншым выпадку. І паступова практыка ў спалучэнні з тэорыяй пачала прыносіць плён.
Мінулі два гады. На пагоны кіцеля дабавілася па зорачцы, і сам ён за гэты час набраўся службовага вопыту. Таму і перамог у конкурсе, які праводзіўся ў райаддзеле міліцыі. Потым паехаў у Гродна на абласныя спаборніцтвы. Было нялёгка. Удзельнікаў чакалі розныя тэсціраванні, агнявая і фізічная падрыхтоўка. Калі падвялі вынікі, Павел Аляхно даведаўся, што заняў трэцяе месца. Спачатку не паверыў, бо яго сапернікамі былі аператыўныя ўпаўнаважаныя крымінальнага вышуку са стажам - капітаны, маёры.


Гонар бацькоў і райаддзела міліцыі


Івана Эдуардавіча і Тамару Зянонаўну Аляхно запрасілі ў райаддзел міліцыі, каб ўручыць ім узнагароду міністра ўнутраных спраў. У актавай зале сабраўся асабовы састаў. Начальнік РАУС Вячаслаў Страчынскі пачаў сваё выступленне з таго, што аўтарытэт праваахоўных органаў залежыць ад добрасумленных адносін супрацоўнікаў да сваіх служовых абавязкаў, гатоўнасці прыйсці на дапамогу людзям, абараніць іх законныя правы, інтарэсы. Нават калі нейкія пытанні не ўваходзяць у кампетэнцыю міліцыі, чалавеку павінен быць дадзены кваліфікаваны адказ, парэкамендавана, куды можна звярнуцца для іх вырашэння.
Важнае значэнне для супрацоўнікаў міліцыі маюць конкурсы прафесійнага майстэрства. На працягу апошніх гадоў РАУС даволі паспяхова ўдзельнічае ў іх. Сёлета ў конкурсе на лепшага аператыўнага ўпаўнаважанага крымінальнага вышуку ўдала выступіў малады супрацоўнік Павел Аляхно. І пры даволі сур’ёзнай канкурэнцыі ўвайшоў у тройку лепшых вышукнікоў вобласці. Рэспубліканскі этап конкурсу аказаўся больш складаным для Паўла, яму не ўдалося заняць прызавога месца. Але, як адзначыў начальнік РАУС Вячаслаў Страчынскі, у маладога супрацоўніка ўсё яшчэ наперадзе, і пры больш мэтанакіраванай падрыхтоўцы ён дасягне значна лепшых вынікаў.
Вячаслаў Казіміравіч упэўнены, што ў поспехах Паўла немалая заслуга яго бацькоў. Яны з дзіцячых гадоў прывівалі сыну пачуццё мэтанакіраванасці, адказнасці. А ў міліцыі толькі падтрымліваюць і развіваюць станоўчыя якасці супрацоўнікаў, якія былі закладзены ім у бацькоўскіх сем’ях.


Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений