Свята ў "пагонах"

Люди Сморгонщины
19.09.2014 08:24
1391
Старшы следчы, маёр юстыцыі Дзяніс ВАСІЛЬЕЎ.
Незвычайным хвалююча-урачыстым выдалася 12 верасня для дваіх супрацоўнікаў Смаргонскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Алеся Наумава і Дзмітрый Апановіч, якім сёлета было прысвоена званне лейтэнанта, прымалі ў гэты сонечны асенні дзень прысягу. Не ў Смаргоні, па месцы службы, а ў Мінску на плошчы Дзяржаўнага...
Старшы следчы, маёр юстыцыі Дзяніс ВАСІЛЬЕЎ. Старшы следчы, маёр юстыцыі Дзяніс ВАСІЛЬЕЎ.

Незвычайным хвалююча-урачыстым выдалася 12 верасня для дваіх супрацоўнікаў Смаргонскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Алеся Наумава і Дзмітрый Апановіч, якім сёлета было прысвоена званне лейтэнанта, прымалі ў гэты сонечны асенні дзень прысягу. Не ў Смаргоні, па месцы службы, а ў Мінску на плошчы Дзяржаўнага Сцяга разам з іншымі маладымі супрацоўнікамі гэтага ведамства.


- Гэты дзень для прыняцця прысягі быў выбраны невыпадкова, - сказаў начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Андрэй Рэзін. - Ён яшчэ з’яўляецца і днём нашай службы, бо 12 верасня 2011 года кіраўнік краіны падпісаў Указ аб стварэнні Следчага камітэта. Пачалося фарміраванне новай структуры. У яе склад увайшлі следчыя пракуратуры, міліцыі, дэпартамента фінансавых расследаванняў. З 1 студзеня 2012 года камітэт пачаў сваю работу.
Цяпер раённы аддзел Следчага камітэта поўнасцю ўкамплектаваны, аснашчаны неабходнай тэхнікай, аўтатранспартам. Дзяржава зрабіла ўсё неабходнае для таго, каб следчыя маглі паспяхова выконваць пастаўленыя перад імі задачы. Па-ранейшаму супрацоўнічаем з прадстаўнікамі іншых праваахоўных структур. Нам нават перадаюць асобныя матэрыялы з Камітэта дзяржаўнай бяспекі.




Старшы следчы, маёр юстыцыі Павел ІВАНОЎСКІ. Старшы следчы, маёр юстыцыі Павел ІВАНОЎСКІ.

Па выніках службовай дзейнасці за мінулы год мясцовы следчы аддзел заняў 3 месца сярод аднайменных падраздзяленняў вобласці. Дасягнуць гэтага ўдалося дзякуючы прафесіяналізму супрацоўнікаў. У калектыве ёсць як вопытныя следчыя, так і маладыя, якія добра зарэкамендавалі сябе. Вядома ж, пераважная большасць мужчын, толькі тры жанчыны: следчы, спецыяліст па дакументаабароце і тэхработнік.
Да прафесійнага свята адзін следчы ўзнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, іншыя за паспяховую работу заахвочаны грашовымі прэміямі.
Пацікавіўся ў некаторых з іх, як служыцца ў новай структуры.
- Пасля стварэння Следчага камітэта працаваць стала крыху прасцей, - кажа старшы следчы Дзяніс Васільеў. - Цяпер следчыя выконваюць толькі непасрэдныя абавязкі - расследуюць крымінальныя справы і накіроўваюць іх у суд. Раней, калі мы былі пры сістэме МУС, прыходзілася ахоўваць грамадскі парадак, удзельнічаць у іншых мерапрыемствах па лініі міліцыі. Усё гэта не лепшым чынам уплывала на нашу непасрэдную работу. Ёсць канкрэтныя тэрміны расследавання крымінальных спраў, і за іх парушэнне строга караюць. Але тады ніхто не зважаў на тое, што ты нёс службу па ахове грамадскага парадку. Пыталіся: “Чаму пратэрмінаваў расследаванне той ці іншай крымінальнай справы?”




Маладыя лейтэнанты юстыцыі Алеся НАУМАВА, інспектар па дакументацыйным забеспячэнні і справаводстве, і Дзмітрый АПАНОВІЧ, следчы, сёлета закончыў акадэмію МУС. Маладыя лейтэнанты юстыцыі Алеся НАУМАВА, інспектар па дакументацыйным забеспячэнні і справаводстве, і Дзмітрый АПАНОВІЧ, следчы, сёлета закончыў акадэмію МУС.

Цяпер павысіліся патрабаванні да якасці расследавання крымінальных спраў. Можа, звязана гэта з тым, што з нас знялі абавязкі па ахове грамадскага парадку. Затое ў следчага з’явілася магчымасць праводзіць больш часу з сям’ёй у выхадныя, святочныя дні, калі няма дзяжурства. Раней жа, да стварэння Следчага камітэта, за ўсю міліцэйскую службу, добра калі два разы я сустрэў Новы год разам са сваёю сям’ёй. То дзяжурства падчас святочнага мерапрыемства каля гарадской ёлкі, то ахова грамадскага парадку альбо ўдзел у аператыўнай групе - асноўнай ці рэзервовай. Так было і ў іншыя святы.
Старшы следчы Павел Іваноўскі лічыць, што колькасць вольнага часу залежыць ад нагрузкі. Ёсць крымінальныя справы, якія не патрабуюць вялікіх намаганняў пры іх расследаванні, над іншымі ж трэба пасядзець, паламаць галаву. Бывае, прыходзіцца затрымлівацца пасля работы. Цяпер у следчых пяцідзённы працоўны дзень. Але калі на выхадныя прыпадае дзяжурства, то адпачываць не прыходзіцца. На яго заступаюць тры следча-аператыўныя групы. Адна асноўная і дзве рэзервовыя. Тое, што “раз’ехаліся” з супрацоўнікамі міліцыі, негатыўна не ўплывае на ўзаемадзеянне па службе - адлегласць невялікая паміж адміністрацыйнымі будынкамі гэтых двух падраздзяленняў.
Павел Іванавіч не адразу прыйшоў у следства, пачынаў службовую дзейнасць на пасадзе ўчастковага інспектара. Потым, як сказаў сам, захацелася рамантыкі, перавёўся ў крымінальны вышук. Праз пяць гадоў цяперашні начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Андрэй Рэзін запрасіў Іваноўскага ў дазнанне. Тры гады быў дазнавацелем, цяпер працуе следчым. Хоць ёсць пэўны вопыт у следчай справе, але ўсё роўна пастаянна прыходзіцца вучыцца - чытаць законы, рэкамендацыі, артыкулы.
У раённым аддзеле Следчага камітэта Алеся Наумава працуе інспектарам па дакументацыйным забеспячэнні і справаводстве. Работа няпростая. А калі ўлічыць тое, што перад гэтым Алеся Сяргееўна была звязана з судавыканальніцкай дзейнасцю, то пачынаць ёй прыйшлося літаральна з нуля. Вучылася сама, калі ўзнікалі нейкія пытанні, тэлефанавала калегам у Астравец і Ашмяны. Абласное ўпраўленне Следчага камітэта таксама не адмаўляла ў дапамозе. Работы хапае. Неабходна весці канцылярыю, працаваць з дакументамі абмежаванага распаўсюджання, а дакументаабарот вялікі.
Сёлета Алесю Навумаву атэставалі. Цяпер яна лейтэнант юстыцыі - яшчэ адзін афіцэр у раённым ад-дзеле Следчага камітэта.


Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений