Любоў з матэматычным ухілам

Люди Сморгонщины
29.01.2016 17:11
1272
Напачатку лютага, а дакладней, трэцяга чысла, юбілей у майго і не толькі майго настаўніка матэматыкі Марыі Вікенцьеўны Букаевай. Хочацца назваць яе Настаўніцай з вялікай літары. Шмат каму на Смаргоншчыне і па-за межамі раёна вядома гэта імя. Асабіста для мяне яна чалавек, з якім цесна звязана ўсё жыццё.

Марыя Вікенцьеўна многа гадоў...
Напачатку лютага, а дакладней, трэцяга чысла, юбілей у майго і не толькі майго настаўніка матэматыкі Марыі Вікенцьеўны Букаевай. Хочацца назваць яе Настаўніцай з вялікай літары. Шмат каму на Смаргоншчыне і па-за межамі раёна вядома гэта імя. Асабіста для мяне яна чалавек, з якім цесна звязана ўсё жыццё.

Марыя Вікенцьеўна многа гадоў разам з маімі бацькамі працавала ў сярэдняй школе №2, затым была адным з першых настаўнікаў сярэдняй школы №4. Пачатак пераўтварэння гэтай школы ў гімназію пакладзены менавіта ёй, таму што Марыя Вікенцьеўна, маючы вопыт і дадатковы матэрыял па матэматыцы, узялася працаваць у класах з паглыбленым вывучэннем гэтага прадмета. З 5 па 10 клас настаўніца выкладала матэматыку і ў мяне.

Выхаваная ў настаўніцкай сям’і, я не ўяўляла для сябе іншага жыццёвага шляху, чым праца ў школе. Але напрыканцы дзясятага класа вагалася, якому прадмету аддаць перавагу. Поспехі былі ў вывучанні розных прадметаў, акрамя… матэматыкі. І менавіта Марыя Букаева выдала мне “крэдыт даверу”:
- Паспрабуй, у цябе атрымаецца!

Дзякуючы добрай падрыхтоўцы паступіць удалося, здаўшы адзін экзамен. А ўжо праз пяць гадоў я прыйшла працаваць у родную школу, стаўшы калегай Марыі Вікенцьеўны.букаева ц

Упэўнена, што ўсе выпускнікі гэтай настаўніцы з глыбокай павагай успамінаюць яе абсалютны прафесіяналізм, інтэлігентнасць, уменне тлумачыць так, каб дайшло да любога вучня, бездакорную мову (як казала мая мама, усё патрэбнае сказана, і нічога лішняга). Яшчэ яна вельмі адказная, нераўнадушная, ёй пад сілу самыя разнастайныя метады выкладання і прыёмы прывіцця інтарэсу да матэматыкі. Але Марыя Вікенцьеўна як калега – гэта проста знаходка, асабліва для маладога спецыяліста. Здавалася, яна ведае адказы на любыя пытанні: як рашыць цяжкую задачу, як пабудаваць урок, як распазнаць здольнага вучня і як пачаць рыхтаваць яго да алімпіяды. Прытым, яна часта гаварыла: “Лягчэй за ўсё сказаць, што не ўмею, не магу – і не рабіць!”

А яшчэ вучыла таму, што ўласныя прыродныя здольнасці – не галоўнае. Галоўнае для дасягнення поспеху – пастаянная работа над сабой. Не дзіўна, што Марыя Вікенцьеўна – выдатнік адукацыі, мае шмат грамат і дыпломаў, выхавала вялікую колькасць пераможцаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд па матэматыцы. Пры гэтым любімая матэматыка – не адзінае захапленне гэтай жанчыны. Мая настаўніца выгадавала цудоўную дачку Наталлю, якая, як і яе бацькі, скончыла матэматычны факультэт БДУ і цяпер працуе ў банку. Унук Косця, дзевяці-класнік гімназіі, таксама таленавіты матэматык, неаднаразовы пераможца раённых і абласных алімпіяд. (Па волі лёсу менавіта мне выпала вучыць Косцю матэматыцы).

А яшчэ Марыя Вікенцьеўна – цудоўная гаспадыня, з лёгкасцю можа даць майстар-клас па прыгатаванні незвычайных і вельмі смачных страў. Акрамя таго, гэта вельмі чулы і спагадлівы чалавек, яна прыходзіць на дапамогу сваім знаёмым і блізкім у розных жыццёвых абставінах. З нагоды прыгожага юбілею хочацца пажадаць лю-бімаму настаўніку моцнага здароўя, дабрабыту, спакою і толькі радасных падзей у сям’і. Упэўнена, што да маіх пажаданняў далучаюцца вучні, калегі і сябры гэтага выдатнага чалавека.

Аксана РАМАНЕНКА,
настаўніца матэматыкі гімназіі.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений