Людзі Смаргоншчыны: Уладзіслава Аўчыннікава

Люди Сморгонщины
03.12.2018 15:29
479
Школа ў вясковай хаце. Уладзіслава Аўчыннікава памятае, якою яна была. У вялікай будыніне, дзе жыла сям’я і ў пакоі стаялі парты, – вучыліся дзеці. Такіх хатаў-школ было тры ў Лакачах. У іх размяшчаліся пачатковыя класы. У адзін з іх, першы, Уладзіслава пайшла ў 1955 годзе, бо ў яе роднай вёсцы Пагарэльшчыне не было школы.

Неўзабаве ў Лакачах пабудавалі новую школу, васьмігодку, і дзеці перайшлі вучыцца туды.

Уладзіслава Аўчыннікава была актывісткай. 

“Калі прынялі ў піянеры, я бегла дамоў, і гальштук трапятаў на ветры. Хаця было халаднавата, але я расшпілілася, каб усе бачылі чырвоныя палоскі матэрыі. Я так радавалася, што стала піянеркай, - з захапленнем расказвала жанчына. - Потым была старшынёй савета атрада, крыху пазней – дружыны. У 8 класе ўступіла ў камсамол, мяне выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі школы”.

Пасля Лакачоўскай васьмігодкі была Войстамская сярэдняя школа. Там старшакласнікаў чакала вытворчае навучанне. З якіх механізмаў і дэталей складаецца трактар, павінны былі ведаць юнакі і дзяўчаты. Выкладчык добра разумеў, што вучаніцам не спатрэбіцца ў далейшым  веданне ўстройства колавай альбо гусенічнай тэхнікі, таму моцна не “ганяў”.

“Памятаю, што мы вельмі шмат працавалі. Вытворчая практыка доўжылася 56 дзён. Яна прыпадала на навучальны год і летнюю пару, - прыгадала далёкае мінулае Уладзіслава Адольфаўна. - Зімою нас ва­дзілі на фермы, дзе мы чысцілі клеткі, у якіх утрымліваліся цяляты і каровы. Ніхто не гадзіўся, выкідвалі гной. Нават арганізоўвалі спаборніцтвы, хто хутчэй пачысціць клетку”. 

Пасля школы Уладзіслава Аўчыннікава падала дакументы ў Гродзенскі педінстытут. Ёй падабалася хімія, любіла школьную настаўніцу, якая выкладала гэты прадмет, удзельнічала ў алімпіядах, нават ездзіла на абласную.  Хімію здала на 5, а фізіку, да якой не ляжала душа, - на 3. Прахадны бал быў 8, але дзяўчына не паступіла, не прайшла па конкурсе.

Паколькі Уладзіслава была актывісткай, то райкам камсамола накіраваў яе старшай піянерважатай у школу, якая знаходзілася ў Гарыдзенятах. Піянерская дружына была на добрым рахунку. У гэтай школе дзяўчына пазнаёмілася з педагогам Аркадзем Аўчыннікавым. Неўзабаве згулялі вяселле, і маладыя пераехалі ў Старую Рудню. Яны абодва вучыліся завочна ў Смаленскім педінстытуце. Уладзіславу абрадавала тое, што можна было адначасова атрымаць дзве спецыяльнасці – хіміка і біёлага. Па іх і працавала тры гады ў Старарудзенскай школе.

Владислава Овчинникова.jpg

Потым мужа накіравалі ў Сінькі дырэктарам, і Уладзіслава Адольфаўна паехала разам з ім. Будаўніцтва школы было яшчэ не закончана. Яна была вялікай, на 480 месцаў. Арка­дзю Аўчыннікаву прыходзілася працаваць без водпуску, вырашаць пытанні з завозам неабходнага абсталявання і іншыя.

З уводам у эксплуатацыю вялікай школы ў Сіньках былі закрытыя школы ў Сівіцы, Паніззі, Байбах. Настаўнікаў перавялі ў Сінькі. Сярод іх было нямала біёлагаў і хімікаў, таму жонка дырэктара засталася без справы.

Уладзіслава Аўчыннікава некалькі гадоў працавала піянерважатай у Сінькоўскай сярэдняй школе, потым пайшла ў дэкрэтны вод­пуск. Калі выйшла з яго, то прызначылі выхавальнікам у групу падоўжанага дня. А яшчэ ў гэтай настаўніцы было некалькі гадзін біялогіі. Так дапрацавала да пенсіі.

Але школа не захацела развітвацца з Уладзіславай Адольфаўнай. Адміністрацыя папра­сіла яе ўзначаліць прышкольны ўчастак, паабяцала дапамогу ў гэтай нялёгкай справе. Мужа не стала, дзеці выраслі і пакінулі роднае жытло. Заставацца адной у чатырох сценах для новаспечанай пенсіянеркі было невыносна, і яна згадзілася з прапановай, усю сябе пачала аддаваць прышкольнаму ўчастку, дзе вырошчвалі многа розных кветак, і школьнаму агароду – там саджалі культуры для патрэб школы, лішкі вырашчанай прадукцыі прадавалі. У рабоце на прышкольным участку дапамагалі вучні, яны тут праходзілі практыку, не раз праводзіліся суботнікі. Таму дзякуючы клопатам і старанням прышкольны ўчастак Сінькоўскай СШ неаднаразова займаў прызавыя месцы ў конкурсе. 

Уладзіслава Адольфаўна папрацавала ў школе і дыетычнай сястрой, складала меню, прыходзіла на кухню сталовай перад закладкай прадуктаў у кацёл, сачыла за тым, каб повары рабілі ўсё правільна, па тэхналогіі. Пры гэтым па-ранейшаму была загадчыкам прышкольнага ўчастка.

“Амаль 10 гадоў я адпрацавала на пенсіі і ўдзячна за тое, што была сярод людзей”, - сказала Уладзіслава Аўчыннікава.

Праз нейкі час жанчыну паклікалі ў Сінькоўскі сельвыканкам. Там быў сход. У ім удзель­нічаў старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Мікалай Шахмуць. Неабходна было выбраць старшыню ветэранскай арганізацыі ў Сіньках, паколькі ранейшы кіраўнік, ветэран вайны, склаў свае паўнамоцтвы па стану здароўя.

І пачала Уладзіслава Адольфаўна працаваць з ветэранамі. Тады яшчэ было пяць ветэранаў вайны, цяпер ужо не засталося ні аднаго, толькі ветэраны працы. У рабоце з імі дапамагае Сінькоўская школа. Яна давала аўтобус, каб ветэраны з’ездзілі ў музей-сядзібу М. К. Агінскага ў Залессі, на канцэрты ў Смаргонь, у манастыр, які знаходзіцца ў Багушах, у на­дзвычай прыгожы ў архітэктурным плане гервяцкі касцёл.

Уладзіславу Аўчыннікаву падтрымлівае ў рабоце з ветэранамі старшыня Сінькоўскага сельвыканкама Сяргей Пачыкоўскі. Колькі б разоў ні звярталася жанчына да яго са сваімі просьбамі, ні разу не адмовіў. Заўсёды выслухае, дасць добрую параду, разам з Уладзіславай Адольфаўнай наведаецца да ветэрана, якому патрэбна дапамога, альбо з прыемнай місіяй – павіншаваць з юбілеем.

У гэтым месяцы важкі жыццёвы юбілей і ў былой настаўніцы, цяпер актыўнага старшыні ветэранскай арганізацыі Уладзіславы Аўчыннікавай. Нягледзячы на свой салідны ўзрост, яна выглядае маладжава, рухавая жанчына, у якой дастаткова сіл і энергіі, каб прыносіць карысць грамадству.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений