Людзі Смаргоншчыны: Вікенцій Найдзіч

Люди Сморгонщины
13.03.2018 12:25
Вікенцій Найдзіч нарадзіўся ў невялікай вёсцы Круні ў мнагадетнай сям’і. Пасля заканчэння Войстамскай сярэдняй школы паступіў у Ашмянскае СПТВ-192, а потым скончыў філіял Гродзенскай аўташколы, бо вельмі хацеў стаць вадзіцелем. Па гэтай прафесіі служыў у арміі, у галоўным штабе супрацьпаветранай абароны, які знаходзіўся ў Маскве. У вайсковую часць перыядычна прыходзілі супрацоўнікі органаў унутраных спраў сталіцы, запрашалі салдат тэрміновай службы ў міліцыю.
Найдич_цвет.jpg

Дома Вікенцій расказаў бацькам, што яму прапанавалі службу ў маскоўскай міліцыі і пачуў у адказ: 

“Ніякіх паездак. Сям’я вялікая, ёсць меншыя дзеці, трэба быць каля дому, дапамагаць па гаспадарцы”. 

Бацькі працавалі ў калгасе. Маці была даяркай, рана ішла на ферму і позна адтуль вярталася. І сын пад бацькоўскім націскам здаўся, ужо не рваўся ў далёкую сталіцу, уладкаваўся вадзіцелем ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі райвыканкама.

Аднойчы Вікенція Найдзіча выклікаў да сябе начальнік райаддзела міліцыі Уладзімір Хвалько. Ён паказаў хлопцу паперу, якую прыслалі з Масквы, потым сказаў: 

“Трэба ехаць, цябе там чакаюць, будзеш служыць у органах унутраных спраў”. Юнак патлумачыў, што ў сувязі з сямейнымі абставінамі не можа паехаць у сталіцу. 

“У такім выпадку ты павінен служыць у нас”, - сказаў Вікенцію Найдзічу начальнік райаддзела міліцыі Уладзімір Хвалько.

“Мяне накіравалі ў дзяржаўную аўтамабільную інспекцыю. Тады яшчэ быў аддзел дарнагляду, - кажа Вікенцій Іванавіч. - Мне шанцавала на добрых людзей старэйшага пакалення, ветэранаў вайны. Адным з іх быў Мікалай Фёдаравіч Семянковіч. Ён узначальваў дарнагляд і вучыў мяне азам міліцэйскай прафесіі. Падказваў, як і што лепш зрабіць, аберагаў ад неабдуманых учынкаў. Вялікай душы быў чалавек, па ўзросце падыходзіў мне ў бацькі”.

Потым на тэрыторыю Смаргонскага раёна прыбылі два ракетныя палкі. У Заходнім гарадку было сфарміравана другое аддзяленне міліцыі. Вікенцію Найдзічу прапанавалі пайсці туды інспектарам ДПС, суправаджаць  ракетныя  комплексы. Ён згадзіўся, новая, цікавая служба, ды і зарплату паабяцалі крыху большую, чым у райаддзеле міліцыі. Да таго ж адразу далі жыллё.

Калі пасля распаду Савецкага Саюза, напачатку 90-х гадоў, Смаргонскі раён пакінулі ракетныя падраздзяленні, у Заходнім пасёлку было ліквідавана другое аддзяленне міліцыі. І тады Вікенцій Найдзіч вярнуўся ў РАУС, дзе яго прызначылі інспектарам ДПС. Падчас міліцэйскай службы Вікенцій Іванавіч завочна скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Праз нейкі час яго з ДАІ перавялі ў МРЭА, потым прапанавалі пасаду камандзіра ўзвода.

У 2004 годзе Вікенцій Найдзіч закончыў міліцэйскую службу, але доўга не знаходзіўся ў адпачынку. Тагачасны старшыня райвыканкама Мечыслаў Гой папрасіў яго ўзначаліць раённую арганізацыйную структуру ДТСААФ, палепшыць яе работу. Праз два гады смаргонская аўташкола ДТСААФ заняла першае месца ў Гродзенскай вобласці сярод аднайменных навучальных устаноў. А яшчэ праз такі ж час яна стала лепшай у рэспубліцы.

Потым па просьбе старшыні райвыканкама Вікенцій Найдзіч працаваў некалькі гадоў у аддзеле архітэктуры і горадабудаўніцтва раённага выканаўчага камітэта, а калі было ўтворана раённае аб’яднанне прафсаюзаў, перайшоў у гэту грамадскую арганізацыю і ўжо чацвёрты год працуе тут на пасадзе старшыні. Як адзначыў Вікенцій Іванавіч, за гэты час нямала было зроблена, аказана дапамога людзям, якія прыходзілі на прыём са сваімі праблемамі. Работнікаў, якіх незаконна звольнілі з прадпрыемстваў і арганізацый, пры дапамозе прафсаюза вярнулі на ранейшыя месцы працы, некаторым работнікам выплацілі зарплату, якую затрымлівалі па віне адміністрацый суб’ектаў гаспадарання. А ўвогуле, Вікенцій Найдзіч, які амаль 40 гадоў працуе з людзьмі, сказаў, што гэта няпроста, але ў той жа час цікава, атрымліваеш задавальненне, калі можаш у нечым дапамагчы чалавеку.

Праз пару дзён у старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Вікенція Найдзіча важкі жыццёвы юбілей. Яго павіншуюць родныя, блізкія знаёмыя, калегі, будзе многа цёплых слоў і падарункаў, пажаданняў здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений