Людзі Смаргоншчыны: Дзмітрый Марозаў

Люди Сморгонщины
07.09.2017 08:52
Дзмітрыя Марозава яшчэ ў школьныя гады прыцягвала правазнаўства. Прычым не ў чыстым выглядзе, а з палітычным ухілам. На юрыдычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта якраз была такая спецыялізацыя, і юнак паступіў у гэту навучальную ўстанову.

Морозов_Сморгонь_милиция.jpg

На першых курсах Дзмітрыю Марозаву і студэнтам, якія разам з ім выбралі такую ж спецыялізацыю, не прыйшлося вывучаць праваахоўную сістэму, замест яе была паліталогія. Гэта прадугледжвала працу ў даследчым інстытуце, вывучэнне грамадскай думкі, рэкамендацыі дзяржаўным служачым, у якім напрамку трэба працаваць з насельніцтвам.

Ужо на 5 курсе Дзмітрый Марозаў зразумеў, што працаўладкавацца па выбранай ім спецыялізацыі будзе няпроста, бо палітолагаў патрэбна не так і многа, таму пачаў думаць аб тым, дзе могуць спатрэбіцца яго веды. Як раз тады ва ўніверсітэт з прафарыентацыйнымі мэтамі прыходзілі прадстаўнікі пракуратуры, адвакатуры, іншых праваахоўных структур. Дзмітрыю больш падабалася пракуратура, на карысць якой ён зрабіў свой выбар.

Дзмітрыя Марозава накіравалі на працу ў Гродзенскую вобласць. Гэта нават было добра, бо сам ён родам з Лідчыны. У кастрычніку 2005 года выпускнік БДУ прыехаў у пракуратуру Смаргонскага раёна, дзе паўгода знаходзіўся на пасадзе стажора. Першым начальнікам маладога спецыяліста быў пракурор Мікалай Маліноўскі, а першым настаўнікам – Аляксандр Южык. Ён тады працаваў старшым памочнікам пракурора, вучыў Дзмітрыя азам пракурорскай работы. Ад яго юнак атрымаў найбольш тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў.

Дзмітрый Марозаў хутка асвоіўся ў прафесіі, падаваў добрыя надзеі, таму ў маі 2010 года яму прапанавалі пасаду намесніка пракурора Ашмянскага раёна. Працаваў там нядоўга. У верасні 2011 года выйшаў указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб стварэнні новага ведамства – Следчага камітэта, і Дзмітрыю Марозаву прыйшла ў галаву нечакана смелая думка: “А чаму б не папрацаваць тут”. Ён звярнуўся ў Смаргонскі РАСК да начальніка Андрэя Рэзіна і быў прыняты на працу.

Следчую справу Дзмітрый Марозаў ведаў, бо падчас пракурорскай работы прыходзілася выязджаць на месцы ўчынення здарэнняў, злачынстваў. Тады ж у штаце пракуратуры быў свой следчы, з якім найчасцей практыкаваліся выезды і ў якога можна было павучыцца вядзенню следчых дзеянняў.

Спачатку Дзімітрый Уладзіміравіч расследаваў усе крымінальныя справы, пачынаў з самых простых - дробных крадзяжоў, нявыплаты аліментаў. Потым яму прапанавалі расследаваць крымінальную справу эканамічнай накіраванасці. Кіраўніцтву раённага аддзела Следчага камітэта спадабалася, як следчы справіўся з задачай. Праз паўгода яго прызначылі старшым следчым.

Цяпер Дзмітрый Марозаў займаецца эканамічнымі злачынствамі, як і яго калега Дзяніс Васільеў, а яшчэ расследуе выпадкі траўміравання работнікаў на вытворчасці. Сітуацыі бываюць розныя, і ў кожнай з іх трэба дэталёва разабрацца, высветліць, хто вінаваты, а хто не.

Следчаму прыходзіцца супастаўляць факты, выкарыстоўваць логіку і псіхалогію, што вельмі дапамагае ў рабоце. Для павышэння ўзроўню ведаў Дзмітрый Марозаў чытае спецыяльную літаратуру, ведамасны часопіс “Расследаванне”, у якім змешчаны навуковыя публікацыі і практычны вопыт ветэранаў следчай справы. Нямала карыснага па прафесіі можна знайсці ў інтэрнэце.

Выконваючы абавязкі начальніка РАСК Віталь Раманоўскі адзначыў, што за працоўныя поспехі Дзмітрыя Марозава неаднаразова заахвочвала кіраўніцтва абласнога ўпраўлення Следчага камітэта, ён быў узнагароджаны Падзячным пісьмом старшыні Смаргонскага райвыканкама.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара. 

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений