26 красавіка – 30 гадоў з дня чарнобыльскай трагедыі: Таццяна Рыцікава

Люди Сморгонщины
22.04.2016
1379
Таццяна Рыцікава ў 80-я гады жыла ў Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці. Красавік-май 1986 года добра памятае.

Праваслаўны Вялікдзень тады супадаў з сёлетнім. Людзі рыхтаваліся да свята, Таццяна мыла вокны ў хаце. Вечарам па тэлевізары дыктар коратка аб’явіў, што здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. З моманту выбуху на 4 энергаблоку мінулі...
IMG_0735Таццяна Рыцікава ў 80-я гады жыла ў Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці. Красавік-май 1986 года добра памятае.

Праваслаўны Вялікдзень тады супадаў з сёлетнім. Людзі рыхтаваліся да свята, Таццяна мыла вокны ў хаце. Вечарам па тэлевізары дыктар коратка аб’явіў, што здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. З моманту выбуху на 4 энергаблоку мінулі ўжо 3 ці 4 дні. “Я тады падумала: гэта недзе далёка і нас не датычыцца. Не разумела, наколькі ўсё сур’ёзна, была маладая, але ўжо замужам, мела дзіця, працавала ў аптэцы”.

“Раптам у рух прыйшлі ўсе службы, у тым ліку медыцынскія ўстановы, пачалі звяртацца ў аптэку, дзе я працавала, каб рыхтавалі ў вялікай колькасці парашкі, – прыгадала той час Таццяна Мікалаеўна. – Прыязджалі нейкія спецыялісты, людзей абследавалі. Усё гэта нагадвала бясконцы працэс. Людзі не разумелі, што такое радыяцыя, думалі, што вецер перанясе яе ў іншае месца. Аказалася, усё нашмат сур’ёзней. Некаторыя вёскі апынуліся ў зоне адсялення. У тым ліку і тая, дзе я жыла з мужам і сынам”.

Спачатку высялялі сем’і, у якіх былі дзеці. Для іх у Лідзе, Смаргоні, Бабруйску ўжо было падрыхтавана жыллё. Рыцікавы хацелі пераехаць у Бабруйск, які знаходзіцца ў Магілёўскай вобласці. Але пакуль да іх дайшла чарга на перасяленне, то ў Бабруйску ўжо не было свабодных кватэр. Тады муж Таццяны Мікалаеўны выбраў Смаргонь. Сюды прыехалі ў 1990 годзе, сын пайшоў у 1 клас.

“Нам не забаранялі ўзяць з сабою нейкія асабістыя рэчы, – сказала Таццяна Рыцікава. – Мэблю мы пакінулі на ранейшым месцы пражывання. У нас была фінансавая магчымасць набыць новую, ва ўпакоўцы. Калі мы прыехалі сюды, якраз быў час дэфіцыту. Але мы ўсё ж купілі стол, крэслы, нам выдзелілі кухню, потым і са спальняй вырашылася пытанне. У нас быў свой посуд, які пачалі выкарыстоўваць пасля пэўнай апрацоўкі. Для мяне не знайшлося толькі работы. Аптэк у той час было мала ў Смаргоні. Праз паўгода я ўладкавалася ў цэнтральную раённую аптэку, у якой працую цяпер”.

На новым месцы Рыцікавы спачатку сумавалі па родных мясцінах, бо родныя засталіся на Магілёўшчыне. Але нядрэнна было ўжо тое, што з вёскі, дзе жылі яны, перасялілі ў Смаргонь яшчэ некалькі сём’яў, прычым кватэры ўсім выдзелілі ў адным пад’ездзе. З таго часу землякі падтрымліваюць паміж сабою зносіны, дапамагаюць адзін аднаму вырашыць нейкія праблемы. Як кажуць, знаходзяцца разам у горы і радасці.

Таго населенага пункта, дзе некалі жыла сям’я Рыцікавых, ужо няма. Яго знеслі. Больш дакладна, закапалі. Вырылі вялізны роў і спіхнулі туды ўсе пабудовы. Зверху іх засыпалі зямлёю. Армія была прыцягнута, батальён ваеннаслужачых з Гродзенскай вобласці. Яны здымалі насычаны радыяцыяй грунт, але гэта не прынесла жаданых вынікаў.

Таццяна Мікалаеўна адзначыла, што кожны год ездзяць на Магілёўшчыну. Там пахаваны бацькі яе мужа. Дзе была вёска – адны зараснікі. І толькі па дрэвах можна вызначыць, дзе што стаяла. Каля могілак знахо-дзіцца вёсачка, у якой жывуць усяго 3 чалавекі. Яна засталася, бо не ўваходзіла ў зону адсялення. А далей, у радыусе 30 кіламетраў да граніцы з Гомельскай вобласцю, уся тэрыторыя падверглася высокаму ўзроўню радыеактыўнага забруджання, у тым ліку і частка Кармянскага раёна, які мяжуе з Краснапольскім. Жыхароў выселілі. Некаторыя бабулькі засталіся, але і іх потым вывезлі ў Мінск, пасялілі ў мікрараёне Шабаны.

“У Краснаполлі да цяперашняга часу жывуць мае маці з бацькам, сястра са сваёй сям’ёю, – адзначыла Таццяна Рыцікава. – Яны нікуды не выязджалі, бо раённы цэнтр быў зонай перыядычнага кантролю. А пазней сказалі, што тут усё нармальна. Жыхарам адмянілі так званыя чарнобыльскія выплаты. Адзінае, аздараўліваюць дзяцей”.

Таццяна Рыцікава сама кожны год праходзіць медкамісію, паколькі ў медыцынскіх установах існуюць свае нарматывы. Пакуль, дзякуй Богу, са здароўем усё нармальна. Хаця з узростам у арганізме бываюць адхіленні. Але як выказалася на гэты конт Таццяна Мікалаеўна: ”Менш ведаеш, лепш спіш”.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА.
 


Актуальные новости Сморгони и Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!