Людзі Смаргоншчыны: дырэктар завода аптычнага станкабудавання Віталь Крачкоўскі

Люди Сморгонщины
15.09.2017
4150
Нядаўна працоўны калектыў завода аптычнага станкабудавання ўзначаліў новы дырэктар - Віталь Крачкоўскі. Ён нарадзіўся і вырас у Мінску, там скончыў школу, машынабудаўнічы факультэт політэхнічнага інстытута, атрымаў прафесію інжынера-механіка. У 1993 годзе быў размеркаваны ў Смаргонь, на завод аптычнага станкабудавання. Два з паловай гады працаваў у аддзеле маркетынгу, іншых падраздзяленнях, быў дырэктарам малога прадпрыемства “Плазмавак”, таму мае вопыт кіраўніцкай дзейнасці.

Крачковский_директор_ЗОС_Сморгонь.jpg

- Сёлета напрыканцы мая мне прапанавалі ўзначаліць завод аптычнага станкабудавання, а 18 жніўня маю кандыдатуру за-цвердзілі на пасадзе дырэктара. Вядома ж, прадпрыемства няпростае, нямала праблем, але ёсць вопытныя кадры і жаданне працаваць, - сказаў Віталь Міхайлавіч. - Імкнёмся давесці зарплату работнікаў да пэўнага ўзроўню, як таго патрабуюць кіраўнік краіны і генеральны дырэктар нашага холдынга Аляксандр Радзевіч, паколькі завод аптычнага станкабудавання ўваходзіць у склад Мінскага электратэхнічнага завода імя Казлова і каля 60 працэнтаў прадукцыі выпускае для гэтага прадпрыемства. Прымаем меры для павелічэння ўдзельнай вагі оптыкаапрацоўчых станкоў. У гэтай справе ў нас нямала канкурэнтаў, але мы ведаем свае магчымасці, патэнцыял.

Цяпер працоўны калектыў завода аптычнага станкабудавання складае каля 300 чалавек, амаль 100 работнікаў на даччыным прадпрыемстве “Ніва-ЗАС”. Дырэктара радуе тое, што пачаўся прыток моладзі. Летась на завод прыйшлі маладыя спецыялісты пасля заканчэння вышэйшых навучальных устаноў – канструктары, тэхнолагі, эколагі. Ім прадаставілі жыллё ў заводскім інтэрнаце.

Нягледзячы на пэўныя цяжкасці, на ЗАСе захавалі канструктарскае бюро. Работнікаў тут не так многа, як было раней, але касцяк застаўся. Канструктары здольныя выконваць пастаўленыя перад імі задачы. Цяпер яны працуюць над развіццём оптыка-апрацоўчага, іншага абсталявання.

У заводскіх спецыялістаў ёсць задумкі па асваенні новых відаў прадукцыі, плануецца далейшае цеснае супрацоўніцтва па кааперацыі з мясцовым агрэгатным заводам, заводам трактарных дэталей і агрэгатаў з Бабруйска. ЗАС выпускае для гэтых прадпрыемстваў не толькі дэталі, але і наносіць на іх некаторыя віды гальванічных пакрыццяў.

Па-ранейшаму ёсць попыт на падмятальныя машыны. За 10 гадоў іх выпушчана каля 50-ці. Па просьбе спажыўцоў завод плануе ўнесці змяненні ў канструктарскую дакументацыю з мэтай памяншэння вагі гэтых машын, што дазволіць больш эфектыўна ўдзельнічаць у тэндарах, мець больш шанцаў на перамогу.

Адзін з немалаважных напрамкаў дзейнасці завода аптычнага станкабудавання – выпуск прадукцыі сельскагаспадарчага прызначэння. Добрым попытам карыстаюцца ў спажыўцоў “засаўскія” аўтаномныя цеплагенератары для ацяплення вытворчых памяшканняў. Завадчане аказваюць пасільную дапамогу вяскоўцам у рамонце тэхнікі на перыяд пасяўной і ўборачнай кампаній. Вузлы і дэталі цяпер дарагія, асабліва да імпартнай тэхнікі, таму гаспадарнікі звяртаюцца на завод, дзе ў сціслыя тэрміны імкнуцца выканаць просьбу, бо разумеюць, што камбайны і трактары павінны працаваць, а не прастойваць на палях. “Мы супрацоўнічаем практычна з усімі мясцовымі прадпрыемствамі, выточваем на ўніверсальным абсталяванні неабходныя дэталі замест сапсаваных для камбіната хлебапрадуктаў, малаказавода, “Смаргоньсілікатабетона”.

На заводзе аптычнага станкабудавання многа незадзейнічаных вытворчых плошчаў, утрыманне якіх патрабуе немалых сродкаў. З мэтай памяншэння выдаткаў прынята рашэнне аб здачы ў арэнду памяшканняў, якія пустуюць. У гэтым плане ўжо ёсць пэўныя напрацоўкі, цікавасць праяўляюць і патэнцыяльныя арандатары.

Віталь Крачкоўскі адзначыў, што дырэктар – гэта неспакойная пасада. Вось і яму прыходзіцца пастаянна быць у творчым пошуку, вызначаць задачы для сябе і працоўнага калектыву на дзень, тыдзень, месяц. Гэта неабходна для паступовага руху наперад, выхаду прадпрыемства на станоўчы фінансавы вынік.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 


Актуальные новости Сморгони и Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!