Мастацтва як аснова адзінства: у Мінску ўшанавалі памяць мастака з Вётхава Паўла Южыка

Мастацтва як аснова адзінства: у Мінску ўшанавалі памяць мастака з Вётхава Паўла Южыка

Общество
18.09.2025
145

17 верасня ў сценах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь адбылася значная падзея ў культурным жыцці Беларусі. У гэты дзень прайшоў круглы стол на тэму “Беларуская культура – ​​аснова народнага адзінства”, прымеркаваны да Дня народнага адзінства, а таксама адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Павел Южык (1874–1944): мастак і настаўнік”.

Мерапрыемства падкрэсліла непарыўную сувязь гістарычнай спадчыны і сучаснасці, ролю мастацтва ва ўмацаванні культурнай ідэнтычнасці і адзінства беларускага народа.

У дыскусіі круглага стала прынялі ўдзел прадстаўнікі музейнай супольнасці, мастацтвазнаўцы і работнікі культуры. Сярод ганаровых гасцей былі нашы землякі: начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяна Ражэва, дырэктар музея-сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі Людміла Градзіцкая і захавальнік фондаў Алеся Жалевіч.

1.jpg

Жыццёвы і творчы шлях Паўла Южыка цесна звязаны са смаргонскім краем, дзе ён доўгі час жыў і працаваў. Творы, прадстаўленыя на выставе, – з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея, Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея і прыватнай калекцыі Аляксандра Сідаровіча. Выстава будзе працаваць да канца верасня.

Павел Южык нарадзіўся 16 сакавіка 1874 года ў вёсцы Вётхава, у сям’і Тамаша, былога садоўніка аранжарэі князя Агінскага, і хатняй гаспадыні Марыі. Пачатковую адукацыю атрымаў у прыхадской Міхневіцкай школе. З маленства любіў маляваць.

Пасля заканчэння Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі настаўнічаў у вёсцы Сітцы (на Вілейшчыне), паступіў у Віленскую школу малюнка І. П. Трутнева. Настаўнічаў таксама ў Падброддзі (на Віленшчыне), пазней – у Віленскай дырэкцыі народных вучылішчаў. Падчас Першай сусветнай вайны разам з дырэкцыяй народных вучылішчаў Павел Южык апынуўся ў эвакуацыі на Палтаўшчыне. Неўзабаве з Палтаўшчыны мастак перебраўся ў Пензу, дзе паступіў у мастацкае вучылішча. З 1918 года па 1920 працаваў у Пензе выкладчыкам графічнага мастацтва. На пачатку 1920-х гадоў вярнуўся на Радзіму. Працаваў настаўнікам малявання Віленскай беларускай гімназіі. У гэты час ствараў пейзажы, жывапісныя партрэты гімназістаў. У сярэдзіне 1930-х гадоў Павел Южык разам з жонкай пераехаў жыць у Вётхава. З 1939 года пачаў працаваць настаўнікам Залескай школы. Падчас вайны – яшчэ і ў Сінькоўскай.

Нягледзячы на ​​педагагічную загружанасць, Южык актыўна займаўся творчасцю. Ён пісаў у асноўным рэалістычныя мясцовыя краявіды, партрэты сучаснікаў,  абразы для навакольных цэркваў. Яго працы адрозніваюцца тонкім пачуццём колеру, ураўнаважанай кампазіцыяй і душэўнай цеплынёй. Захапляўся Павел Фаміч і літаратурай, пісаў паэтычныя творы. Памёр 24 сакавіка 1944 года. Пахаваны на старадаўніх могілках у Залессі.

3.jpg

Галіна АНТОНАВА

Фота з архіва Таццяны РАЖЭВАЙ

Статьи по теме: