Баравы Млын, альбо Цікавыя факты пра гістарычную Смаргонь

Баравы Млын, альбо Цікавыя факты пра гістарычную Смаргонь

Общество
26.07.2025
150

Даўней водныя млыны сустракаліся практычна ў любым беларускім мястэчку. Спрадвеку яны перамолвалі збожжа ў муку ці ў крупы, выраблялі тканіну і паперу, выкарыстоўвалі сілу вады для распілоўкі бярвення на дошкі… Са стратай свайго функцыянальнага значэння гэтыя аб’екты засталіся ў мінулым, пакінуўшы пасля сябе малапрыкметныя сляды свайго існавання.

У розныя часы на тэрыторыі сучаснай Смаргоні без стомы круцілі свае колы, прыводзячы ў рух жорны, пяць млыноў. Сёння гарадскія вадасховішчы прыблізна вызначаюць месцазнаходжанні іх ставаў і саміх збудаванняў. На вадасховішчы на вуліцы Багушэвіча знаходзіўся млын, які выкарыстоўваў водны струмень ракі Гервяткі. Усе астатнія млыны былі размешчаны на рацэ Оксне: у мікрараёне Маладзёжным, на масце каля Смаргонскага касцёла, у пачатку і канцы вадасховішча на вуліцы Камінскага.

Баравы млын да Першай сусветнай вайны.png

Самым малавядомым сярод іх з’яўляецца водны млын, які існаваў у старажытныя часы, а сёння яго рэшткі паглынулі воды мясцовага вадасховішча паблізу ад Смаргонскай бальніцы. Адна з першых пісьмовых звестак пра гэты «лесапільны і мукамольны млын»  адзначана ў інвентары магнацкага ўладання Смаргоні за 1601 год. У пастанове ашмянскага суда за 1617 год узгадана, што водны млын знахо­дзіўся за старым драўляным касцёлам. Узгаданы касцёл узвышаўся ў раёне старых гарадскіх могілак. Пазнейшы інвентар Смаргоні за 1788 год захоўвае каштоўнае ўдакладненне пра адрамантаваны млын, які размяшчаўся за горадам, «пад борам». Вось адкуль пайшла назва Баравы Млын.

У 19 стагоддзі ніжэй па цячэнні ракі Оксны закладваецца новы млын з фолюшам і тартакам. Паміж гэтымі двума прамысловымі аб’ектамі  ў 1849 годзе была заснавана яўрэйская сельскагаспадарчая калонія пад назвай Баравы Млын. Калоніямі ў тыя часы называліся пасяленні, казённыя землі, якія здаваліся ў арэнду. Самі яўрэйскія перасяленцы называлі мясціну «карка», што з іўрыта перакладваецца як «зямля».

Баравы Млын пасля Першай сусветнай вайны.png

Новыя земле-карыстальнікі згодна з палажэннем «Аб перасяленні яўрэяў у калоніі для апрацоўкі зямлі і карыстання ёю» на працягу 10 гадоў не плацілі падаткі, сем’ям выдавалася дапамога ў памеры 100 рублёў, мужчыны вызваляліся ад вайсковай павіннасці. Адмовіцца ад земляробчай прафесіі яны маглі праз 25 год, а хто жадаў раней, павінен быў вярнуць атрыманую пазыку і льготныя падаткі, адбыць рэкруцкую павіннасць. Пасля заканчэння гэтага тэрміну земляроб быў вольны зноў вярнуцца ў гарадское саслоўе.

Пасяленцам адводзілася ад 5 да 8 дзесяцін зямлі на кожную душу мужчынскага полу, але атрыманую зямлю забаранялася прадаваць і аддаваць у арэнду людзям іншай веры. Гэта найбуйнейшая па памерах насельнікаў калонія Віленскай губерні першапачаткова складалася з 23 участкаў і 354 жыхароў, карысталася 325 дзесяцінамі зямлі і ўваходзіла ў Смаргонскую сельскую грамаду. Каланісты-земляробы саджалі пшаніцу, ячмень, авёс і бульбу. У гаспадарках былі каровы, авечкі, коні. Не вельмі ўрадлівая глеба значна паляпшалася ўгнаеннямі, летам жывёла харчавалася бардой – адходамі ад вінакуранай вытворчасці, якія дастаўлялі з мястэчка. Жыхарам дазвалялася пры дамах мець крамы, але пры гэтым забараняўся гандаль алкагольнымі напоямі. Дзеці наведвалі Смаргонскае народнае вучылішча, а моладзь падпрацоўвала на гарбарных заводах мястэчка.

Сельскагаспадарчая калонія Карка ў міжваенны перыяд.jpg

У 1885 годзе ў Баравым Млыне нарадзілася і правяла маладыя гады актывістка рэвалюцыйнага руху Маня Школьнік. З яе ўспамінаў можна даведацца пра тагачасны выгляд роднага кута рэвалюцыянеркі. Маленькая вёсачка Баравы Млын складалася прыблізна з трыццаці нізкіх драўляных хат з саламянымі дахамі. Сцены іх з вонкавага і ўнутранага бакоў былі атынкаваны і выбелены вапнай. Усе хаты стаялі ў радок і ўтваралі адзіную ў вёсцы вуліцу. Сёння гэта частка вуліцы Камінскага, ад мемарыяльнага комплексу памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны да канчатковага аўтобуснага прыпынку. Далей была размешчана абшчынная паша, якая ляжала ўздоўж высокага берага Оксны. Ззаду за хатамі знаходзіліся маленькія агароды, акружаныя нізкімі платамі, а за імі далёка – наколькі магло акінуць вока – цягнуліся палі.

Як усё сялянскае жытло, хата Мані Школьнік падзялялася цёмным праходам на дзве паловы. Адна служыла для жылля, другая была адрынай, дзе знаходзіліся коні, каровы, земляробчыя прылады і прадукты. Пакой для жылля быў вялікі, квадратны. Адзін кут адгароджаны доўгай чырвонай фіранкай. Гэта была спальня бацькоў. Там стаялі два ложкі і люлька. Убранне астатняй часткі пакоя складалі вялікі стол і лаўкі, якія стаялі ўздоўж сцен. На другім стале стаяў медны самавар і пара сярэбраных падсвечнікаў – самыя  каштоўныя прадметы ў доме. Велізарная печ, складзеная з цэглы, займала значную частку пакоя. Акрамя традыцыйнага прызначэння для гатавання ежы гэта печ мела яшчэ іншае: у халодныя зімовыя ночы яна служыла цёплай пасцеляй, і дзеці нярэдка біліся за прывілей спаць на ёй.

З успамінаў старажыла горада Уладзіміра ­Жабінскага можна даведацца, што напачатку мінулага стагоддзя са Смаргоні ў Баравы Млын вяла вуліца з назвай Пасяленская. Яўрэйскія насельнікі гэтай вуліцы адносіліся да сельскага саслоўя, але паступова частка з іх уцягнулася ў гандлёвыя і рамесніцкія справы мястэчка. Таму прадаўца адной са смаргонскіх мясных крам звалі Мотка пасяленскі, гандляра зернем і мукой называлі Абрам пасяленскі.

Багатыя на дзяцей жыхары Баравога Млына з кожным годам павялічвалі лік жыхароў вёскі, і па звестках на 1905 год тут пражывалі 453 мужчыны і 422 жанчыны. Падзеі Першай сусветнай вайны парушылі ход мірнага развіцця паселішча, прымусілі жыхароў падацца ў бежанства, а першыя баі за Смаргонь у верасні 1915 года поўнасцю знішчылі яго. На ваенных картах Баравы Млын пазначаны як згарэўшы і ­ляжыць паміж рускімі і нямецкімі пазіцыямі. Паблізу ад былога населенага пункта ў вайну адбывалася маштабная ­падземна-мінная вайна, адна з першых газавых атак рускай арміі, крывапралітная барацьба за Залатую Горку…

У міжваенны час мясціна з былой назвай уваходзіць у вясковую грамаду Клідзеняты, тут адбудоўваюцца хаты, узводзіцца сінагога, узнаўляе працу млын, які размяшчаўся на выездзе з горада. Вёска Баравы Млын знаходзілася на працягу вуліцы Вілейскай, але па даўнейшай традыцыі яўрэйскія насельнікі называюць паселішча «карка». Тут, як і раней жыхары займаліся гаспадаркай: аралі, сеялі, збіралі ўраджай. Гандаль галантарэйнымі таварамі, ільном, скурамі і іншай сыравінай прыносіў дадатковы прыбытак сем’ям. Па звестках на 1931 год, у пасяленні існавалі 49 жылых будынкаў, дзе пражывалі 245 чалавек.

Новая вайна прынесла трагічныя выпрабаванні яўрэйскім насельнікам Баравога Млына. У кастрычніку 1941 года  на тэрыторыі сельскагаспадарчай абшчыны было арганізавана гета. Яўрэяў трымалі ў нечалавечых умовах, голадзе і страху, штодня вывозілі на будаўніцтва чыгункі. Гаротным людзям дапамагалі мясцовыя млынары, якія дзялілі муку паміж усімі, хто меў патрэбу. Летам наступнага года вязняў перамясцілі ў цэнтральнае смаргонскае гета, а пасля сталі перапраўляць у іншыя гета і канцлагеры.

Некаторыя пасяленцы прымалі ўдзел у змаганні з ворагам. Адным з іх быў ураджэнец гэтай мясціны Сямён Данішэўскі. Кавалер многіх дзяржаўных узнагарод, падпалкоўнік медыцынскай службы, ваенны ўрач першага рангу быў вядомым спецыялістам па арганізацыі ваенна-медыцынскай справы. Ён абараніў сваю доктарскую дысертацыю па праблеме лячэбна-эвакуацыйнага забеспячэння войскаў у гады Вялікай Айчыннай  вайны. Прафесар Данішэўскі працаваў амаль да апошніх дзён у Нацыянальным навукова-даследчым інстытуце грамадскага здароўя імя М. Сямашкі пры Расійскай акадэміі медыцынскіх навук.

У пасляваенны час населены пункт з назвай Баравы Млын перастаў існаваць, зліўшыся з горадам Смаргонь. Спачатку яго месцазнаходжанне вызначала вуліца Вілейская, якая пасля перайменавання ў 1970 годзе і стала называцца вуліцай Камінскага.

Уладзімір ПРЫХАЧ

Теги: общество

Статьи по теме: