«Ясельная група» Галіны Пазняк

Люди Сморгонщины
06.03.2015
1402
Месячнага бычка, упрыгожанага каляровымі стужкамі, атрымала ў падарунак на сваё 55-годдзе цялятніца Галіна Іванаўна Пазняк. Такі прэзент ёй зрабіла родная гаспадарка. Сорак гадоў жанчына тут адпрацавала.

Старшыня СВК “Сінькі” Анатоль Крукоўскі не шкадаваў для юбіляркі слоў падзякі. Да віншаванняў далучыліся старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віталь Івашка, старшыня прафкама гаспадаркі Аляксандр...
Месячнага бычка, упрыгожанага каляровымі стужкамі, атрымала ў падарунак на сваё 55-годдзе цялятніца Галіна Іванаўна Пазняк. Такі прэзент ёй зрабіла родная гаспадарка. Сорак гадоў жанчына тут адпрацавала.

Старшыня СВК “Сінькі” Анатоль Крукоўскі не шкадаваў для юбіляркі слоў падзякі. Да віншаванняў далучыліся старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віталь Івашка, старшыня прафкама гаспадаркі Аляксандр Ракевіч і іншыя работнікі СВК.
“Галіна Іванаўна – вельмі жыццярадасны чалавек, адказны, працалюбівы, добрасумленны работнік”, - літаральна асыпалі эпітэтамі юбілярку ўсе, хто сабраўся яе павіншаваць.
Дваццаць гадоў Галіна Іванаўна адпрацавала тэхнікам-асемянатарам, амаль столькі ж даглядала цялят. Для яе гэта справа была хоць і нялёгкая, але прывычная з дзяцінства: бацька ўсё жыццё шчыраваў на ферме. “Цяпер я працую з “малышамі” (з нараджэння да шасці месяцаў гадую). Амаль сто дваццаць галоў пад маім наглядам. Цялятам, як і дзеткам, ласка патрэбна і дабрыня. У кожнага свой нораў, адны лёгка ідуць на кантакт, іншыя – дзікаватыя, - расказвае пра сваіх падапечных цялятніца. – Работа няпростая, але я яе люблю”.
Работа цялятніцы цалкам ручная, якую не заменіш ніякім канвеерам ці робатам. На выхадзе – вынік усіх дробязей, усяго праяўлення клопату пра кожную жывёліну. Хіба можна быць раўнадушным да цяляткі, якое пачынаеш паіць з соскі? І ў вядры, кармушцы павінна быць пастаянна ўсё, што патрэбна маладому арганізму. Для гэтага недастаткова прайсціся перад “клеткамі”. Кожнаму цяляці трэба ўдзяліць увагу. І навесці парадак у яго “пакоі”.
Галіна Іванаўна жартуе, што ёю заўсёды рухае слова “трэба”, калі б не яно, дык балячкі заявілі б пра сябе ў поўны голас. А вось гэтага ёй не трэба. Таму юбілярка, хоць і дасягнула ўзросту, калі можна ісці на пенсію, але туды яна не збіраецца. Туды яна ў любы момант паспее. Пакуль жа ў планах – далей старанна працаваць. І гэта рыса характару не магла быць не заўважанай. За шматгадовую працу ў сельскай гаспадарцы старшыня райвыканкама Генадзь Харужык напярэдадні юбілею адзначыў Галіну Пазняк Падзячным пісьмом.

Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.