Роўна і гладка ў Дзмітрыя Гладкага

Люди Сморгонщины
27.02.2015
1661
Ладзіцца справа ў Арцёма КОЎЗАНА.

У мясцовым політэхнічным ліцэі прайшоў штогадовы конкурс прафесійнага майстэрства па спецыяльнасці “тынкоўшчык”. У конкурсе прынялі ўдзел 4 навучэнцы першага і другога курсаў. Тэарэтычная частка складалася з тэставых заданняў. Канкурсантаў сабралі ў аўдыторыі, дзе ім за паўгадзіны трэба было справіцца з 40 пытаннямі па спецтэхналогіі, 30 -...
Ладзіцца справа ў Арцёма КОЎЗАНА. Ладзіцца справа ў Арцёма КОЎЗАНА.


У мясцовым політэхнічным ліцэі прайшоў штогадовы конкурс прафесійнага майстэрства па спецыяльнасці “тынкоўшчык”. У конкурсе прынялі ўдзел 4 навучэнцы першага і другога курсаў. Тэарэтычная частка складалася з тэставых заданняў. Канкурсантаў сабралі ў аўдыторыі, дзе ім за паўгадзіны трэба было справіцца з 40 пытаннямі па спецтэхналогіі, 30 - па матэрыялазнаўстве.

Практычную частку конкурсу правялі ў вучэбна-вытворчай майстэрні. Юнакам неабходна было выканаць простае атынкаванне цагляных паверхняў уручную з аддзелкай лузга (унутраны вугал сцяны). Але папярэднічала гэтаму ачыстка паверхняў ад пылу, бруду, рашткаў раствору.
Канкурсанты самі рыхтавалі раствор. Ён быў пясчаны. Але, як вядома, атынкаваць паверхню звычайным прасеяным пяском без дабаўлення ў яго цэменту ці вапны не так проста. Тым не менш у ліцэі будучыя тынкоўшчыкі вучацца працаваць менавіта з такім растворам. Яго потым лёгка саскрабаць са сценкі, нават парою і не трэба, як толькі высахне - асыплецца сам. І можна наносіць раствор па-новаму.
Навучанне будучых дыпламаваных тынкоўшчыкаў праводзіцца ў майстэрні, а практыку яны праходзяць у будаўнічых арганізацыях. Базавымі з’яўляюцца БМТ-41 і МПМК-165. Там за навучэнцамі замацоўваюць настаўніка з ліку вопытных рабочых, прызначаюць кіраўніка практыкі. Кантралюе падапечных і майстар вытворчага навучання політэхнічнага ліцэя.
Трэба адзначыць, што вытворчая практыка аплачваемая. За выкананы аб’ём работ практыканты атрымлівалі нядрэнныя грошы, хто стараўся - мог зарабіць 4 мільёны рублёў. Гэта палова заработнай платы тынкоўшчыка будаўнічай арганізацыі. А ўлічваючы тое, што практыка ў навучэнцаў некаторых груп доўжылася два месяцы, то грашовая сума атрымлівалася даволі салідная.

Браты Дзмітрый (на пярэднім плане) і Аляксандр ГЛАДКІЯ каля роўна атынкаванай сцяны. Браты Дзмітрый (на пярэднім плане) і Аляксандр ГЛАДКІЯ каля роўна атынкаванай сцяны.


У мясцовы політэхнічны ліцэй паступаюць на будаўнічыя спецыяльнасці ў асноўным юнакі і дзяўчаты са Смаргоні і вёсак, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашага раёна. Нямала жыхароў Астравеччыны. Тлумачэнне гэтаму простае: там будуецца атамная электрастанцыя, узводзяцца жылыя дамы, аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння. Астраўчане і практыку праходзяць дома - у Астравецкай МПМК-158.
- Навучэнцы стараюцца. Малайцы. Многа чаму навучыліся, многа чаго ўмеюць, - сказала майстар вытворчага навучання Вольга Пасажэннікава. - Тэорыя спалучаецца з практыкай. Асноўныя прадметы - спецтэхналогія, матэрыялазнаўства, ахова працы. Раз альбо два разы на тыдзень праводзіцца практычнае навучанне. Яно доўжыцца 6 гадзін на дзень. Група дзеліцца на дзве падгрупы. Навыкі адпрацоўваюцца ў вытворчай майстэрні. Раствор пясчаны. Падчас работы з ім хлопцы і дзяўчаты добра набіваюць руку. Потым на вытворчай практыцы ў будаўнічых арганізацыях паказваюць даволі нядрэнны ўзровень.

Уладзіслаў КЕРЖУН счышчае рэшткі раствору з цёркі. Уладзіслаў КЕРЖУН счышчае рэшткі раствору з цёркі.


Конкурс прафесійнага майстэрства было вырашана правесці цяпер, бо пазней не атрымліваецца - у навучэнцаў ліцэя вытворчая практыка ў будаўнічых арганізацыях. Кандыдатуры ўдзельнікаў конкурсу выбіралі адна-групнікі, вядома ж, прыслухаўшыся да парадаў майстроў вытворчага навучання. Праўда, хлопцы апынуліся ў няроўных умовах - двое з іх другакурснікі, а двое вучацца на першым курсе. Як сказала выкладчык спецдысцыплін будаўнічага профілю Аліна Мікулевіч, яны прайшлі яшчэ не ўсе тэмы, але нічога, няхай спрабуюць свае сілы.
У політэхнічным ліцэі не зацыкліваюцца толькі на навучанні прафесіі. Тут працуе нямала гурткоў і факультатываў розных відаў і напрамкаў. Для дзяўчат - па вязанні, вышыванні, “Гаспадынька”, “Свет скуры”, “На парозе сям’і”. Аматараў спорту зацікавяць футбольная, баскетбольная, шахматная, шашачная секцыі. Да паслуг навучэнцаў басейн. Зімою можна пакатацца на лыжах. Пастаянна праводзяцца спартландыі.

Час вучобы ў ліцэі не аднолькавы. Хто пасля 9 класаў паступае сюды на тынкоўшчыка, вучыцца два гады. На год больш трэба затраціць, каб асвоіць прафесію “маляр-тынкоўшчык-абліцоўшчык-плітачнік”. Да таго ж на першым курсе навучэнцаў чакаюць агульнаадукацыйныя прадметы. Чалавек атрымлівае разам з прафесіяй і сярэднюю адукацыю. Ёсць жаданне, можна вучыцца далей. Прычым на бюджэтнай аснове. І некаторыя выпускнікі ліцэя выкарыстоўваюць гэта права, каб стаць у далейшым майстрамі вытворчага навучання альбо працаваць майстрамі ці прарабамі на будоўлі.
Праз дзве гадзіны, якія былі адведзены для атынкавання паверхні сцяны падчас выканання практычнай часткі конкурсу, журы ў складзе намесніка дырэктара політэхнічнага ліцэя Таццяны Залескай, старшага майстра вытворчага навучання Таццяны Бартко і выкладчыка спецдысцыплін Аліны Мікулевіч ацаніла работу кожнага канкурсанта. Сюды ж далучылі ацэнкі за тэарэтычнае заданне. У выніку на першым месцы апынуўся Дзмітрый Гладкі, на другім - Арцём Коўзан, трэцюю і чацвёртую прыступку занялі Уладзіслаў Кержун і Аляксандр Гладкі.

Ягор КАРЫЦКІ.
Фота аўтара.