Трывожны сон у бацькоўскай хаце

Люди Сморгонщины
13.02.2015
1820
У кастрычніку 1982 года Эдуард Аўдзевіч атрымаў павестку аб прызыве на ваенную службу, у вызначаны дзень з’явіўся ў райваенкамат. Неўзабаве разам з іншымі прызыўнікамі апынуўся ў Мар’інай Горцы. На другія суткі ўсіх павялі ў лазню, пасля якой апранутых у вайсковую форму юнакоў пасадзілі ў цягнік і некуды павезлі. На пероне...
IMG_1874У кастрычніку 1982 года Эдуард Аўдзевіч атрымаў павестку аб прызыве на ваенную службу, у вызначаны дзень з’явіўся ў райваенкамат. Неўзабаве разам з іншымі прызыўнікамі апынуўся ў Мар’інай Горцы. На другія суткі ўсіх павялі ў лазню, пасля якой апранутых у вайсковую форму юнакоў пасадзілі ў цягнік і некуды павезлі. На пероне ў Маскве іх ўжо чакалі “купцы”. Тут былі і навабранцы з Украіны. Пачаўся адбор салдат для часцей. Нагадваў ён латарэю. Афіцэр вынімаў з імправізаванага кошыка папяровыя скруткі з прозвішчамі, называў іх – і салдаты выходзілі са строю на два крокі наперад. Сабралася немалая група, якую зноў пасадзілі ў цягнік.

- Едзем – наўкола стэп, вярблюды, хочацца есці, - узгадвае Эдуард Станіслававіч. - Куды нас вязуць – не ведаем. Спыніліся ў Тэрмезе, на граніцы з Афганістанам. Нас, беларусаў, чалавек 40 і столькі ж украінцаў. Усіх размясцілі ў Доме культуры, які знешне нагадваў культавую пабудову. Злева і справа ад будынка стаяла ахова. Потым мы апынуліся ў Кушцы. Там нас пастроілі, спыталі, хто з сельскай мясцовасці. І зноў трэба было рабіць два крокі наперад. І яшчэ столькі ж тым, хто меў правы трактарыста. У мяне яны былі, да арміі скончыў прафтэхвучылішча. Усіх нас падзялілі на групы.
У Кушцы на той час пераважалі ваенныя, грамадзянскіх было мала. Да граніцы з Афганістанам – рукой падаць. Спякота невыносная. Асабліва нідзе не схаваешся ў цень. Горы, скалы. Тэмпература ў кастрычніку даходзіла да 33 градусаў Цэльсія. Стравы з вострымі прыправамі. Пакуль беларусы з украінцамі прывыклі да іх – памучыліся з жыватамі.
Па спякоце на “Уралах” навабранцаў вазілі на танкадром, дзе яны вучыліся вадзіць баявыя машыны пяхоты. Ці як коратка іх называюць – БМП. Эдуард Аўдзевіч і яго таварышы былі механікамі-вадзіцелямі гэтай баявой тэхнікі. Непрыкметна прабеглі 40 дзён, маладыя салдаты прынялі ваенную прысягу, потым ім выдалі па два сухія пайкі, новае абмундзіраванне і павезлі ў Ташкент. Адтуль самалётам перакінулі ў Кабул.
На афганскай зямлі салдатаў з Савецкага Саюза сустрэлі афіцэры, на вайсковай форме якіх не было ніякіх знакаў адрознення. Прыбыўшым воінам раздалі аркушы паперы і сказалі напісаць дамоў пісьмы – усё добра, жывы-здаровы, а потым павезлі ў палатачны гарадок. Ён быў абцягнуты з усіх бакоў калючым дротам. У палатцы Эдуард Аўдзевіч за час службы спаў месяцы тры – месцам спальні для яго, як і іншых механікаў-вадзіцеляў, была баявая машына пяхоты.
- Першыя дні чатыры стаяла цішыня, - прадаўжае свой аповед Эдуард Станіслававіч. - Нас размеркавалі па ротах. Я трапіў у чацвёртую роту, а ў пятай служыў Герой Савецкага Саюза Руслан Аушаў, якога пазней абралі прэзідэнтам Інгушэціі. Самае страшнае было – абстрэлы. Нам мала гаварылі, што мы трапілі на сапраўдную вайну. Калі накіроўваліся да савецкай граніцы за хорчовымі прадуктамі, а я быў у падраздзяленні суправаджэння, то нас не чапалі душманы. Абстрэльвалі на зваротным шляху.
Цяжкая была дарога, трое сутак за рычагамі БМП, ды яшчэ складаны перавал Саланг. Патрабавалася пільнасць, каб выпадкам не наскочыць на міну. А такое здаралася. Відовішча не для слабанервовых – знявечаныя целы нашых салдат. З майго прызыву чатырох хлопцаў не стала. Аднаму душманскі снайпер трапіў у галаву. Куля была са змешчаным цэнтрам цяжару, таму паўгалавы разнясло. І я аднойчы падарваўся на міне – адмеціна засталася каля брыва.
Цынкавыя труны загружалі кожны дзень. Па штатнаму раскладу рота складалася са 120 чалавек, а ў наяўнасці было толькі 50 байцоў. Душманы нават збілі самалёт, у якім ляцелі 200 дэмбеляў. Пасля гэтага іх пачалі адпраўляць дамоў невялікімі партыямі.

Эдуард АЎДЗЕВІЧ (першы справа) на перавале Саланг, жнівень 1983 года. Эдуард АЎДЗЕВІЧ (першы справа) на перавале Саланг, жнівень 1983 года.


У Афганістане невыносна спякотна. Таму савецкія салдаты праз нейкі час станавіліся смуглымі. Толькі зубы былі белыя. І рукі чорныя ў механікаў-вадзіцеляў. Вада цанілася, як золата. У вайсковыя часці яе завозілі ў спецыяльных цыстэрнах. Трэба было навучыцца правільна расходаваць ваду, каб яе хапіла надаўжэй. Бо калі твая біклажка хутка апусцее, то нельга разлічваць, што нехта з радасцю падзеліцца сваёю вадой.
Афганскія ночы прахалодныя. Нямала праблем дастаўляў і вецер-афганец. Спачатку нашы салдаты не ведалі, што гэта такое. Нейкі клуб пылу віднеецца ўдалечыні. Але ён вельмі хутка набліжаецца і ўсё засыпае пяском. Калі не схаваешся, то яго нямала наб’ецца ў вушы, нос, вочы. Тэхніка і зброя таксама цярпелі ад гэтага ветру. Нават баявыя дзеянні спыняліся, калі ўсчынаўся вецер-афганец.
9 студзеня 1985 года Эдуард Аўдзевіч разам з баявымі таварышамі аднаго прызыву яшчэ раз перасяклі афгана-савецкую граніцу – яны вярталіся дамоў. У Ташкенце дэмбеляў чакала новенькая форма, ім раздалі ваенныя білеты, у якіх было запісана, што службу праходзілі ў Туркестанскай ваеннай акрузе. Потым “афганцы” тыдзень ехалі цягніком да Масквы.
- У Маскве спускаемся ў метро, - кажа Эдуард Станіслававіч. - Я высокі, а парадную форму мне выдалі 44 памеру. Са мною двое хлопцаў з Салігорска і Маладзечна. У метро нас заўважыў каменданцкі патруль, загадаў падысці да яго. Адзін з нашых паказаў непрыстойны жэст, але ўсё абышлося. Патрульныя ўбачылі на яго кіцелі медаль “За адвагу”, спыталі, куды трэба ехаць і растлумачылі, як дабрацца да Беларускага вакзала.
Выязджалі з Ташкента – было цёпла, як летам. Прыехалі ў Расію, а потым Беларусь – зіма з моцнымі маразамі. А мы лёгка апранутыя. У Мінску развіталіся з салігорскімі хлопцамі і паехалі ў Маладзечна. Адсюль мне дызелем яшчэ ў бок Ліды трэба было дабірацца. Родам я з Іўеўскага раёна. Выйшаў на патрэбнай станцыі, а да вёскі яшчэ некалькі кіламетраў. Бралася на раніцу. Ногі ў ботах акалелі. Мароз хапаў за твар. Прыкрываў яго рукою і рухаўся па дарозе. Мяне заўважыў знаёмы мужчына, які на калгасным аўтобусе вазіў вучняў за некалькі кіламетраў у школу. Ён і прывёз мяне дамоў. Зайшоў я на падворак – бацька з вёдрамі. Напэўна, ішоў упраўляцца па гаспадарцы. Убачыў мяне, вёдры адразу ж бразнуліся на зямлю. Потым бацька разразаў боты на маіх нагах, бо я не мог іх сцягнуць абмарожанымі рукамі. На ваенны ўлік ездзіў станавіцца ў валенках. Доўга прывыкаў да мірнага жыцця. Пастаянна прахопліваўся ад рокату трактара, які каля хаты заводзіў на золаку бацька – ён працаваў у мясцовай гаспадарцы механізатарам. Мой сон быў трывожным, як і там, на далёкай афганскай зямлі, дзе ў паветры лунала смерць.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА
і з архіва Эдуарда АЎДЗЕВІЧА.

 


Актуальные новости Сморгони и Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!