Народны гісторыка-краязнаўчы музей у Крэве – цікавы і запатрабаваны

 

Народны гісторыка-краязнаўчы музей у Крэве – цікавы і запатрабаваны

Культура
06.12.2023
1137
Народны гісторыка-краязнаўчы музей у Крэўскай сярэдняй школе – першы музей, створаны на Смаргоншчыне. Свой пачатак ён бярэ з 1968 года. У 2007 годзе яму быў нададзены статус “народны”, які музей пацвярджаў ужо двойчы. У пачатку наступнага года яго чакае чарговае выпрабаванне.

Ля вытокаў стварэння музея ў Крэўскай школе стаяла настаўніца гісторыі Ніна Несцяронак. Актыўны ўдзел у гэтай справе прынялі вучні, настаўнікі і жыхары вёскі. Дырэктар школы на лінейцы звярнулася да навучэнцаў з просьбай прынесці старынныя рэчы. Назаўтра ўсе былі здзіўлены, калі раніцай каля дзвярэй школы ўбачылі мяшкі і скрынкі з будучымі экспанатамі.

Першапачаткова музей размяшчаўся ў невялічкім пакоі. У 1976 годзе пры дырэктары школы Валерыі Скварцове музей быў перанесены ў памяшканне, у якім знаходзіцца і цяпер. Цудоўна памятае гэту падзею ў той час вучань школы, а цяпер загадчык музея Міхаіл Міхалькевіч.

Новы віток у развіцці музея звязаны з Аляксандрам Камінскім. У 1990-я гады, дзякуючы яго намаганням, музей быў поўнасцю пераабсталяваны, ён набыў практычна той выгляд, які бачым сёння.

Калі ў 2007 годзе настаўнікам гісторыі ў школу прыйшоў працаваць Міхаіл Міхалькевіч, дакументы на прысваенне звання “народны” ўжо былі пададзены. Тым не менш гэта падзея адбылася ўжо пры яго кіраўніцтве.

- На парозе – чарговае пацвярджэнне статуса. Для гэтага мы рыхтуем неабходныя матэрыялы. Гэта даведка аб дзейнасці музея за апошнія 5 гадоў, якая ўключае экскурсійную, навукова-даследчую, фондавую дзейнасць, удзел у конкурсах, алімпіядах, змяненні ў экспазіцыі, фотаздымкі. Не так проста пацвердзіць статус, таму што крытэрыі вельмі сур’ёзныя. Спадзяёмся, што ўсё атрымаецца, - зазначыў Міхаіл Міхалькевіч.

Кожны год музей наведвае больш за тысячу чалавек. Тут пабывалі беларускія пісьменнікі, паэты, дзеячы культуры, значныя дэлегацыі, якія прыязджалі ў раён. Падчас канікулаў большасць наведвальнікаў – школьнікі. Не толькі з нашага раёна, але і з Вілейскага, Ашмянскага, Астравецкага, Валожынскага, Маладзечанскага і другіх рэгіёнаў.

За 5-гадовы перыяд вучні школы станавіліся пераможцамі больш чым у 30 раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Так, у мінулым годзе ў фінале рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў у музея 2-е месца. У краязнаўчым конкурсе “Край Гарадзенскі” – 1-е месца ў вобласці.

Штогод фонды музея папаўняюцца 10 – 15 экспанатамі. Цяпер налічваецца 708 прадметаў асноўнага фонду і 250 прадметаў навукова-дапаможнага. Частка экспанатаў размешчана ў экспазіцыі, астатнія знаходзяцца ў фондасховішчы. Яны выкарыстоўваюцца пры правядзенні тэматычных выстаў. Сярод унікальных экспанатаў – план мястэчка Крэва 1869 года, драўляны гарнітур пачатку XX стагоддзя, патэфон, які яшчэ іграе. Калекцыі керамічных вырабаў, ручнікоў, нумізматыкі – гэта яшчэ не ўсё, чым багаты музей.

Экспазіцыя складаецца з 12 раздзелаў, дзе адлюстравана гісторыя Крэва са старажытных часоў да нашых дзён, гісторыя ўстановы адукацыі, адзначаны знакамітыя ўраджэнцы Крэўскай зямлі. Таксама ёсць этнаграфічны раздзел і пакой заможнага жыхара мястэчка пачатку XX стагоддзя. Прадстаўлены макеты Крэўскага замка і царквы Святога Аляксандра Неўскага, зробленыя настаўнікам працы, рэчы і іх рэшткі, знойдзеныя падчас археалагічных раскопак. Уражвае імітацыя сцяны Крэўскага замка, складзеная з цэглы і валуноў. Экспазіцыя музея пакрыху папаўняецца і абнаўляецца. Так, нядаўна з’явіўся новы стэнд, прысвечаны Першай сусветнай вайне, дабаўляюцца фотаздымкі.

У музеі праводзяцца часовыя выставы, заняткі па гісторыі, беларускай мове і літаратуры, круглыя сталы, прысвечаныя значным падзеям у гісторыі аграгарадка, тэматычныя гадзіны. У пачатку года плануецца выстава рэдкіх фотаздымкаў Крэва, якія прадаставіць мясцовы краязнаўца Сяргей Міхалевіч.   

З задавальненнем вучні школы наведваюць гурток “Юныя экскурсаводы”. Міхаіл Анатольевіч ганарыцца, што за час сваёй працы ў школе ён падрыхтаваў 6 пакаленняў экскурсаводаў. Цяпер у адсутнасць загадчыка музея чацвёра гуртоўцаў самастойна праводзяць экскурсіі для наведвальнікаў.

- Вельмі прыемна, што гэта праца не праходзіць дарэмна. Выпускнікі школы, калі бываюць у родных мясцінах, заходзяць да нас, мы перапісваемся і перазваніваемся, яны дасылаюць знойдзеныя цікавыя гістарычныя матэрыялы, - падкрэсліў мой суразмоўца.

У 2018 годзе праводзіўся агляд незвычайных музеяў Беларусі, па выніках якога народны гісторыка-краязнаўчы музей Крэва ўвайшоў у топ-10. Музей запатрабаваны. Яго дзверы заўсёды адкрыты для гасцей і жыхароў Смаргоншчыны, якіх цікавіць гісторыя нашага краю і краіны.

IMG_0218.JPG

IMG_0222.JPG

IMG_0224.JPG

IMG_0225.JPG

IMG_0227.JPG

IMG_0230.JPG

IMG_0231.JPG

IMG_0246.JPG

IMG_0242.JPG

IMG_0249.JPG

IMG_0253.JPG

IMG_0254.JPG

IMG_0264.JPG

Аксана ГЕЙБОВІЧ.

Фота аўтара.

Похожие новости

Кревский замок приглашает туристов

Як у Крэўскім замку прайшла Ноч музеяў

Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях


 

Статьи по теме: