Круціцца-верціцца круг ганчара…

 

Круціцца-верціцца круг ганчара…

Общество
02.07.2023
609

Збаны, гаршчкі, талеркі, кубкі, вазы і званочкі – усё, што так часта можна ўбачыць у музейных экспазіцыях, прысвечаных побыту беларуса пачатку ХХ стагоддзя прапануе пакупнікам смаргонскі кераміст Юрый Хрышчановіч. А падчас брэндавага свята “Кераміка Крэва” – дзясяткі турыстаў назіраюць за рукамі майстра, як з бясформенных кавалкаў гліны нараджаюцца сапраўды цікавыя рэчы.

IMG_8614.JPG

Больш за 30 тысяч гадоў таму людзі пачалі вырабляць посуд з гліны. У той час яна выкарыстоўвалася для захавання ежы. А пазней, каля 10 тысяч гадоў таму, з’явілася ідэя стварыць з гліны сасуды для прыгатавання ежы. У гліняных гаршчэчках самая смачная тушаная бульба з мясам і ні з чым не параўнальная бабка.

Кераміка, жывапіс, мазаіка

Шлях у керамісты для Юрыя Хрышчановіча аказаўся звілістым. Хлопец з дзяцінства любіў маляваць, але ў студыю выяўленчага мастацтва запісаўся толькі ў дзясятым класе. У 2006 годзе скончыў СШ №6, пайшоў займацца на курсы камп’ютарных дызайнераў і паралельна – на падрыхтоўчыя курсы пры Мінскім дзяржаўным каледжы імя А. К. Глебава. Вырашыў паступаць на мастака-афарміцеля ў Мінскі дзяржаўны каледж рамесніцтва і дызайна імя М. А. Кедышка, але там яму прапанавалі асвоіць ганчарнае майстэрства. Юнак згадзіўся. “Відаць, у гэтым жыцці нічога не бывае выпадковым, - разважае мой суразмоўца. - Я паспрабаваў працаваць з глінай – і гэта справа мне прыйшлася па душы. Да таго ж я працягваў займацца жывапісам, неўзабаве зразумеў, што хачу паступаць у акадэмію мастацтваў. Паралельна з вучобай у каледжы наведваў падрыхтоўчыя курсы пры акадэміі.

Калі прыйшоў падаваць дакументы на факультэт дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вагаўся, што выбраць. Аказалася, што будучыя дызайнеры вывучаюць жывапіс два гады, а тыя, хто вучацца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам – чатыры. І маё захапленне маляваннем зноў пераважыла: я пайшоў у керамісты. Тым больш, што ўжо валодаў асноўнымі тэхнікамі ганчарнага мастацтва (рыхтаваць гліну, ляпіць на крузе, пакрываць работы глазурай)”.

IMG_8967.JPG

IMG_9240.JPG

Падчас вучобы ў акадэміі Юрый зацікавіўся вырабам мазаікі са смальты (каляровага шкла).

2.jpg 

4.jpg 

Асвоіў гэту тэхніку і цяпер можа пахваліцца тым, што вырабляў мазаіку над ўваходам у музей “Слуцкія паясы”, ва Усіхсвяцкай царкве ў Мінску, а таксама прымаў удзел у вырабе мазаікі ў Палацы Незалежнасці, якая размешчана ва ўніверсальнай зале – адной з самых незвычайных па форме і вялікіх па плошчы, дзе праводзяцца прэс-канферэнцыі і іншыя буйныя мерапрыемствы з прамымі тэлетрансляцыямі. “Там вялікая мазаіка – 56 квадратных метраў, у цэнтры – герб Беларусі, па баках – арнамент. Я рабіў і манціраваў пояс, які знаходзіцца справа, калі глядзець на подыум, - зазначыў Юрый. – За гэту работу атрымаў свае першыя сур’ёзныя грошы. Наша праца – далікатная і скрупулёзная - патрабавала немалых высілкаў”.

5.jpg

У руках кераміста гліна ажывае

Юрый мог застацца жыць у сталіцы, але яго не прывабліваў вялікі шумны горад. Як вядома, музы не церпяць мітусні. У 2014 годзе вярнуўся ў Смаргонь. У вёсцы Хацені, дзе бацькі любілі жыць у дачны перыяд, пачаў рабіць сабе майстэрню. Вырашыў адкрыць сваю справу, звярнуўся ў цэнтр занятасці, дзе атрымаў дзяржаўную субсідыю. Дзякуючы гэтай дапамозе ў гаспадарцы ганчара з’явілася вялікая электрапеч.

З таго часу ён пачаў актыўна займацца ганчарнай справай. Пастаянны ўдзельнік фэсту “Кераміка Крэва”, традыцыйных народных святаў у Вязынцы – Гуканне вясны, Купалле, Багач, раённых святаў у Смаргоні і іншых гарадах. Сувенірная прадукцыя (свістулькі, дзіцячыя цацкі, абярэгі-шаптунчыкі, званочкі) нашага кераміста карыстаецца вялікім попытам у турыстаў.

IMG_8803.JPG

IMG_8965.JPG

IMG_9232.JPG

Юрый прызнаецца, што на святах людзі не вельмі актыўна цікавяцца керамічным посудам, таму збаны, талеркі, кубкі (часта імянныя) ён часцей робіць пад замову. А з незвычайных заказаў майстар прыпомніў кальянныя чашы, якія рабіў метадам ліцця з фаянсу з адпаведнымі памерамі. Давялося ўспамінаць тое, што спасцігаў у студэнцтве, інтэрнэт у дапамогу клікаць, каб правільна зрабіць разлікі на ўсадку, правесці ліццё, вырабіць гіпсавыя формы, вытачыць іх на гіпсамадэльным станку. Усё атрымалася, замоўца быў задаволены.

IMG_9238.JPG

Мы папрасілі ганчара падзяліцца сваімі марамі – і Юрый не стаў іх утойваць:  “Майстэрня для кераміста – важны складальнік яго працы. Аднак я хачу, каб у мяне было месца не толькі для работы, але і культурнага адпачынку. Таму вырашыў нашу лазню (няма у нас у сям’і аматараў парыцца) выкарыстаць пад месца для творчых сустрэч. Хацелася б, каб да нас прыязджалі людзі, я б ім расказваў пра гліну, праводзіў майстар-класы, а людзі мелі магчымасць самі зрабіць штосьці з гліны… Ва ўтульнай абстаноўцы папіць гарбаты і пагаварыць пра творчасць”.

У наш мітуслівы, надзвычай хуткаплынны час так часта хочацца знайсці сабе ціхую гавань, дзе можна адпачыць целам і наталіць духоўную смагу. Менавіта гэту мару і хоча здзейсніць наш герой не толькі для сябе, але і для людзей.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.