Напярэдадні Дня настаўніка Марыя Грынчук удастоена яшчэ адной ганаровай узнагароды – нагруднага знака Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Сваімі эмоцыямі Марыя Авеніраўна падзялілася з карэспандэнтам “ГП”.
“Не проста вучыць, а раскрываць талент”
Марыя Грынчук, як і многія дзеці таго часу, марыла стаць настаўнікам. Акрамя гэтага, на выбар будучай прафесіі паўплывала яе родная цётка – Ірына Дудко, якая ў свой час выкладала рускую мову і літаратуру ў адной са школ Смаргонскага раёна, якой пасля кіравала на пасадзе дырэктара.Пасля вучобы ў педагагічным інстытуце Марыя Авеніраўна пайшла на працу ў Сольскую сярэднюю школу Смаргонскага раёна. Там яна працавала шмат гадоў, а ў 1996 годзе перайшла ў сярэднюю школу №1 Смаргоні, дзе працуе па сённяшні дзень.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры – гэта захавальнік душы народа, правадыр школьнікаў у свет гісторыі, культуры і духоўных каштоўнасцей.
– Уся мая праца пабудавана на тым, каб раскрыць моладзі багацце і прыгажосць нашай мовы, культуры, зямлі. Я не проста перадаю дзецям веды, а намагаюся раскрыць іх таленты, вучу думаць, адчуваць, любіць роднае слова так, як люблю яго я, – дзеліцца Марыя Грынчук.
Прыемны вынік працы Марыі Грынчук – паступленне яе вучняў у вышэйшыя ўстановы адукаціі. За ўсю педагагічную дзейнасць нашай гераіні туды паступіла больш за 20 выпускнікоў. Першыя выпускнікі Марыі Авеніраўны ўжо даўным-даўно дарослыя людзі, якія цяпер жывуць у розных куточках Беларусі і нават свету. Але гэта не перашкаджае ім падтрымліваць добрыя зносіны, вітаць адзін аднаго са святамі, дзяліцца апошнімі навінамі.
Мова яднае пакаленні
Многія з вучняў настаўніцы ўжо прывялі ў школу сваіх дзяцей, якіях таксама навучае Марыя Авеніраўна. Наша гераіня расказвае:– Раз у год абавязкова сустракаемся, а групы ў сацыяльнай сетцы актыўныя да гэтай пары. Гэта вельмі добра, што мы не забываем адзін аднаго, таму што ў жыцці важна мець шмат знаёмых і сяброў, – гаворыць субяседніца.
Акрамя гэтага, некаторыя з яе вучняў пасля вубочы вярнуліся ў сцены роднай школы, і Марыя Авеніраўна зноў стала іх навучаць, только ўжо ў якасці маладых кадраў.
– Працуючы з маладымі спецыялістамі, я імкнуся зрабіць так, каб яны маглі прадукцыйна ўзаемадзейнічаць з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Заўсёды раю маладым настаўнікам пры любой магчымасці павышаць свае прафесійныя кампетэнцыі, прычым не толькі на разнастайных курсах, але і падчас простых размоў з калегамі, наведванні майстар-класаў, – расказвае настаўніца.
Пра ўсе свае ўзнагароды Марыя Авеніраўна гаворыць, суадносячы іх са сваімі вучнямі. Калі яе палічылі дастойнай чарговай узнагароды, значыць, яе праца прыносіць карысць маладому пакаленню гродзенцаў.
– Усе ганаровыя граматы, якімі я была адзначана на працягу сваёй доўгай кар'еры, – гэта толькі знешнія знакі майго прызнання і прафесіяналізму. Але сапраўдная ўзнагарода для мяне – бачыць, як мае вучні становяцца паўнацэннымі грамадзянамі сваёй краіны, як яны беражліва ставяцца да роднай мовы і культуры, як працягваюць несці святло ведаў далей. Я ніколі не імкнуся да ўзнагарод, проста выконваю сваю працу і сапраўды жыву школай, – адзначае Марыя Грынчук.