Станіслаў Мікалаевіч ЛАБАЧОЎ

 

Станіслаў Мікалаевіч ЛАБАЧОЎ

Общество
13.05.2021
1842
8 мая пасля працяглай хваробы пайшоў з жыцця ганаровы ветэран ААТ “Мінскі трактарны завод”, кавалер ордэна “Знак пашаны”, першы дырэктар Смаргонскага агрэгатнага завода ЛАБАЧОЎ Станіслаў Мікалаевіч.

Станіслаў Мікалаевіч пражыў доўгае, плённае, цікавае, яркае жыццё. Яго імя назаўжды ўпісана ў летапіс Мінскага трактарабудаўнічага завода, якому ён прысвяціў без малога 25 гадоў жыцця, а таксама ў гісторыю Смаргонскага агрэгатнага завода, будаўніцтва і станаўленне якога праходзіла пад яго плённым кіраўніцтвам.

С. М. Лабачоў належыць да пакалення, большасць прадстаўнікоў якога не шукалі лёгкіх шляхоў у жыцці. Дзеці вайны, а нарадзіўся Станіслаў Лабачоў у 1937 годзе, не толькі жылі светлымі марамі пра шчаслівую будучыню, а самі стваралі гэту будучыню з энтузіязмам, натхненнем, аптымізмам. Рана застаўшыся без бацькі,
удзельніка Вялікай Айчынная вайны, Станіслаў пачынаў сваю біяграфію, спадзеючыся толькі на свае сілы, розум і здольнасці.

Нарадзіўся ён у Ташкенце. Там закончыў сярэднюю школу і атрымаў вышэйшую адукацыю ў Сярэднеазіяцкім політэхнічным інстытуце. З дыпломам інжынера-механіка ліцейнай вытворчасці прыехаў па размеркаванні ў верасні 1960 года на Мінскі трактарны завод. Дбайна і адказна працуючы на ўсіх пасадах, Станіслаў Мікалаевіч прайшоў складаныя прыступкі службовай лесвіцы ад майстра сталеліцейнага цэха да начальніка вытворчасці трактарабудаўнічага завода і намесніка генеральнага дырэктара па вытворчасці і экспарту Мінскага трактарабудаўнічага вытворчага аб’яднання.

З 1984 па 1998 год Станіслаў Мікалаевіч Лабачоў працаваў на пасадзе дырэктара спачатку будуемага філіяла трактарнага завода ў Смаргоні, а затым дырэктарам новага прадпрыемства. Пад яго кіраўніцтвам вялася будоўля, узводзіліся заводскія карпусы, сацыяльная інфраструктура, адбывалася стварэнне асноўных структурных падраздзяленняў прадпрыемства. Уводзіліся ў эксплуатацыю інтэрнаты, школа, дзіцячы садок, магазіны, кафэ, жыллё для завадчан.

Яго дбайная праца, добрасумленнасць пры выкананні функцыянальных абавязкаў, высокая выканаўчая дысцыпліна, а таксама вялікі асабісты ўклад у станаўленне і развіццё трактарабудаўнічай галіны адзначаны шматлікімі ганаровымі граматамі, падзякамі, каштоўнымі падарункамі кіраўніцтва МТЗ і Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь.

Станіслаў Мікалаевіч заўжды вылучаўся жыццялюбствам, аптымізмам, высокім прафесіяналізмам, інтэлігентнасцю. Заўжды займаў актыўную грама­дзянскую пазіцыю, цікавіўся мастацтвам, гісторыяй, літаратурай, імкнуўся ісці ў нагу з часам, з дасягненнямі тэхнічнага прагрэсу. Ён выгадаваў двух сыноў, малодшы з якіх сёння вядомы ў свеце навукі генэтык, прафесар, навуковец. Навуковай дзейнасцю займаюцца і ўнучкі. Гадуюцца двое праўнукаў, якія вельмі любілі яго і заўжды чакалі ў госці.

Выказваем шчырыя спачуванні дзецям, унукам і праўнукам памерлага.

Светлая памяць пра Станіслава Мікалаевіча Лабачова назаўжды застанецца ў сэрцах удзячных смаргонцаў.

Раённы выканаўчы камітэт.

Раённы Савет дэпутатаў.

 Раённы савет ветэранаў.

Статьи по теме: