Ганна Капыш дзеліцца ўражаннямі ад удзелу ў Рэспубліканскім апошнім званку
- Атрымаць запрашэнне на Рэспубліканскі апошні званок для мяне было нечакана, бо актыўных выпускнікоў у нашым раёне вельмі шмат. Таму, безумоўна, вельмі ўзрадавалася, калі даведалася, што еду ў Гомель, на такую важную ўрачыстасць.
У Гомелі я была не ўпершыню: у гэтым абласным горадзе неаднаразова праходзіў заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, у якім я ўдзельнічала. Тым не менш кожны раз горад адкрываецца для мяне па-новаму і дорыць асаблівыя эмоцыі.
Рэспубліканскі апошні званок уключаў у сябе мноства мерапрыемстваў: аглядная экскурсія па гораду, "лінейка" з выступленнем Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэя Іванца і ўзнагароджваннем лепшых выпускнікоў, дыскатэка і святочны салют.
Свята пакінула мноства яскравых эмоцый: знаёмствы з новымі актыўнымі людзьмі, асэнсаванне свайго ўкладу ў развіццё адукацыі краіны і пачуццё адзінства. Рэспубліканскі апошні званок назаўжды застанецца ў маёй памяці.