Сямейныя рэліквіі

 

Сямейныя рэліквіі

Общество
09.05.2021
1653
76 гадоў мінула пасля Вялікай Айчыннай вайны. Ва ўсенароднае свята - Дзень Перамогі, зліліся горыч страт, радасць сустрэч ветэранаў, гонар за сыноў, унукаў, праўнукаў  франтавікоў, якія выбралі нялёгкі армейскі шлях.

Полина_2.jpg

Моладзь, загнаная ў Германію, каля барака, дзе яна жыла.


Усё менш тых, хто выстаяў, выжыў, перамог… Няма, мабыць, ніводнай сям’і, чые дзяды і прадзеды, чые блізкія і родныя не ўдзельнічалі ў прыбліжэнні перамогі, змагаючыся на палях бітваў, самааддана працуючы ў тыле.

Вельмі хочацца, каб мой аповед пра блізкіх, дарагіх сваякоў стаў яшчэ хоць невялікай старонкай у скарбонку памяці ваеннага ліхалецця. Мне пашчасціла даведацца аб Вялікай Айчыннай вайне не толькі з падручнікаў па гісторыі, мастацкіх кінафільмаў, твораў пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў. З дзяцінства побач са мной былі сямейныя рэліквіі, якія звязаны з самай страшнай вайной, як гаварыла мая прабабуля Яўгенія Антонаўна Урадзімская. Заўсёды было цікава даведацца пра эпізоды вайны, якія звязаны з маімі роднымі, пра побыт родных у гады разрухі і гора. Бо памяць застаецца на гады, на дзясяцігоддзі і нават стагоддзі, калі пра іх мы помнім.

Я лічу сваім абавязкам за­хаваць гэту памяць, светлую і чыстую, перад будучымі пакаленнямі, як гэта заўсёды рабілі мае родныя і дарагія для мяне людзі.

У нашай  сям’і вогненнымі дарогамі вайны прайшоў мой прадзед Мі­калай Сямёнавіч Урадзімскі, ураджэнец Баранавіцкай вобласці, Казлоўшчынскага раёна (цяпер гэта Гродзенская вобласць, Слонімскі раён). Ён дайшоў з баямі да Кёнігсберга ў званні радавога, быў пакалечаны. На памяць засталіся некалькі фотаздымкаў, якія беражліва захоўвала мая бабуля Ганна Мікалаеўна. Яна нарадзілася ў пасляваенныя галодныя і цяжкія гады. На адвароце аднаго з фотаздымкаў засталіся да слёз кранальныя радкі: “Может помру, а может погибну и может не будет меня, тогда возьмёшь в руки это фото и, может вспомнишь про меня”. Пісаў мой прадзед любімай жонцы і траім сынам. Для прадзеда вайна закончылася ў снежні 1945 года. Яе чорнае крыло апаліла лёс роднага брата маёй бабулі. У 15 гадоў хлопец быў сагнаны на прымусовыя работы ў Германію. Усіх здаровых, маладых людзей фашысты хапалі і адпраўлялі на зборачныя пункты. Прабабуля заўсёды з болем распавядала, як яна і іншыя жанчыны беглі за машынай, якая павезла іх дзяцей на станцыю Баранавічы. Хлопцу пашчасціла, пасля заканчэння вайны ён вярнуўся ў родныя мясціны, адслужыў у арміі, а пасля больш за трыццаць год адпрацаваў на старэйшым машынабудаўнічым прадпрыемстве СССР - Кіраўскім заводзе ў Ленінградзе.

Лёс закінуў маіх родзічаў (па мамінай лініі) у пачатку XX стагоддзя ў Ленінград. Пасля грамадзянскай вайны і эвакуацыі многія сем’і заставаліся на тэрыторыі Расіі. Там засталася родная сястра прабабулі Юлія Антонаўна Гародка. Мае сваякі пасяліліся на Неўскім праспекце ў камунальнай кватэры. 8 верасня 1941 года вакол горада замкнулася кальцо блакады. Гітлераўскі план не пакідаў Ленінграду ніякай будучыні, горад павінен быў сцёрты з твару зямлі. Юлія Антонаўна страціла мужа. Праз некалькі гадоў пасля вайны яна адшукала імя і прозвішча дарагога ёй чалавека на Піскароўскіх мемарыяльных могілках. Дарэчы, у блакадным Ленінградзе мая сваячніца прадоўжыла навучанне ў медыцынскім інстытуце. Яна доўгія гады працавала педыятрам у розных лякарнях роднага горада. Яе мужам стаў удзельнік вайны, капітан медыцынскай службы І. І. Фетысаў.

Полина_1.jpg

Мікалай Сямёнавіч УРАДЗІМСКІ.


У нашых сямейных архівах засталося вельмі шмат фотаздымкаў з тых далёкіх часоў,  а яшчэ - модная скураная сумка - радыкюль, з якой у даваенныя гады любіла бегаць у кінатэатр выдатніца, камсамолка, уладаль­ніца значка ГТО і проста прыгожая дзяўчына Ганна Тарасава.

Дзень Перамогі - адзін з самых галоўных свят, якія адзначае наша сям’я. Я ганаруся сваімі роднымі за тое, што яны набліжалі даўгачаканую Перамогу.

Паліна ДВАРАНСКАЯ,

вучаніца 8 класа Крэўскай СШ.

Статьи по теме: