Работніцу Смаргонскага агрэгатнага завода ўзнагародзілі медалём “110 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі”

Люди Сморгонщины
02.06.2017
За шматгадовую добрасумленную працу работніца агрэгатнага завода Галіна Матвеева была ўзнагароджана юбілейным медалём “110 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі”. Жанчыне ўручылі ўзнагароду на прафсаюзнай канферэнцыі па прыняцці калектыўнага дагавора, якая прайшла ў мінулую пятніцу на агрэгатным заводзе. Медаль уручыў па даручэнні старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіла Орды намеснік старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў галін прамысловасці “БЕЛПРАФМАШ” Уладзімір Каляга.
Матвеева.jpg

Вышэйназваная ўзнагарода Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі была ўручана Галіне Матвеевай яшчэ і таму, што яна амаль 30 гадоў добрасумленна працуе ў прафсаюзным камітэце САЗа. Працаўладкавалася на гэта прадпрыемства ў далёкім 1988 годзе, год выконвала абавязкі казначэя ў прафсаюзнай арганізацыі, а потым была зацверджана на пасаду галоўнага бухгалтара, на якой працуе і цяпер.

Работа ў прафсаюзнай арганізацыі – гэта зносіны з людзьмі, завадчанамі, якія звяртаюцца ў прафсаюзны камітэт як па вытворчых пытаннях, так і з праблемамі асабістага характару, нават нейкімі сямейнымі складанасцямі. “І заўсёды трэба знайсці што сказаць ім, дапамагчы, адказаць на пытанні. Іншым разам нават не матэрыяльная падтрымка, а добрае слова станоўча ўплывае на наведвальніка, і ён за гэта вельмі ўдзячны, - кажа Галіна Міхайлаўна. – А ўвогуле, прафсаюзны работнік павінен быць добрым псіхолагам”.

Акрамя сваёй асноўнай бухгалтарскай работы Галіна Матвеева займаецца пытаннямі санаторна-курортнага лячэння завадчан, аздараўленнем дзяцей работнікаў агрэгатнага завода. Яшчэ яна – старшыня заводскай камісіі па рабоце сярод жанчын, ахове мацярынства і дзяцінства, з’яўляецца членам прэзідыума Беларускага прафсаюза галін прамысловасці “БЕЛПРАФМАШ” па рабоце сярод жанчын, удзельнічае ў выбарчай камісіі, народны засядацель у раённым судзе.

На працягу сваёй працоўнай дзейнасці Галіна Матвеева неаднаразова адстойвала гонар завода і горада на раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах працоўных. І хаця яе від спорту – валейбол, але падчас спартыўных спаборніцтваў прыходзілася гуляць у настольны тэніс, баскетбол, дартс, выконваць лёгкаатлетычныя практыкаванні – адным словам, усё тое, што прадугледжвае спартакіяда працоўных.

За сваю работу Галіна Матвеева многа разоў узнагароджвалася граматамі Беларускага рэспубліканскага савета прафсаюза работнікаў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудавання, граматамі і падзячнымі лістамі пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі МТЗ, у склад якога ўваходзіць агрэгатны завод.  Юбілейны медаль “110 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі” – самая высокая ўзнагарода Федэрацыі прафсаюзаў нашай краіны, якой адзначана Галіна Міхайлаўна за працоўную дзейнасць.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений