Людзи Смаргоншчыны: Ганна Панфёрава

Люди Сморгонщины
03.07.2015
“Страшна было, - узгадвала мінулае Ганна Пятроўна Панфёрава. – Хіба чалавек не баіцца, калі страляюць. А немцы пастаянна абстрэльвалі Ленінград. Снарады траплялі то ў будынкі, то разрываліся на вуліцах, гінулі людзі. Я вадзіцелем была, на санітарным аўтобусе вазіла параненых. Аўтобус не раз трапляў пад абстрэл, але засталася жывой. Помню, у адным месцы гітлераўцы прарваліся на ўскраіну горада. Іх і нашых салдат раздзяляла Нява. Спачатку вялася масіраваная перастрэлка, а потым наступіла зацішша. Чуваць было, як немцы гергечуць на сваёй мове. Калі нехта з нашых заспявае, з варожага боку даносілася: “Русіш культурыш”. У адказ ляцела не вельмі прыемнае”.
SDC16314Санітарны аўтобус іншым разам псаваўся, і яго прыходзілася рамантаваць. Ганна Панфёрава не займалася гэтай справай, мужчыны-салдаты прыводзілі тэхніку ў рабочы стан. Яны ж яе запраўлялі, выконвалі іншыя тэхнічныя працэдуры. Жанчын не крыўдзілі. У гэтым плане было вельмі строга. Калі што не так, то адразу ж маглі паслаць на фронт, на перадавую. А там ужо як пашанцуе выжыць. Хаця і ў блакадным Ленінградзе ніхто не адчуваў палёгкі.

Ганна Панфёрава ўсю блакаду прабыла ў Ленінградзе, выконвала ўскладзеныя на яе задачы, на санітарным аўтобусе перавозіла не толькі параненых, але і дастаўляла на пазіцыі боепрыпасы. Узнагароджана медалём “За абарону Ленінграда”. Вайну жанчына скончыла ў Ленінградскай вобласці, пазнаёмілася з афіцэрам, узнікла сям’я.

Потым Панфёравы паехалі на Урал. Калі мужа не стала, Ганна Пятроўна засабіралася ў Беларусь. Родам яна з Барысаўскага раёна. Тут падчас вайны загінуў яе бацька – Пётр Чура. Ён быў сельскім актывістам. Аб гэтым нехта паведаміў немцам, яны акружылі хату. Пятра Чуру публічна расстралялі. Цяпер каля хаты, дзе ён жыў, устаноўлены помнік і адна з вуліц вёскі Вялікае Стахава носіць яго імя.

Але Ганна Пятроўна не паехала ў родныя мясціны, а накіравалася ў невядомую ёй Смаргонь, дзе, як высветлілася, жыў яе першы муж. Ажаніліся яны перад вайною. Калі на Савецкі Саюз напалі гітлераўцы, Андрэя разам з іншымі мужчынамі забралі на фронт, Ганна апынулася ў блакадным Ленінградзе. Сувязь паміж мужам і жонкай была страчана, яны нічога не ведалі аб існаванні адзін аднаго. Таму пасля вайны стварылі новыя сем’і. Аб тым, што Ганна Пятроўна жывая, стала вядома ад яе брата, з якім Андрэй Іванавіч потым разам партызаніў і ў пасляваенны час падтрымліваў адносіны. А калі памерла яго жонка, напісаў Панфёравай пісьмо, прапанаваў пераехаць у Беларусь.

Смаргонь Ганне Пятроўне спадабалася зелянінай і чысцінёй. Пайшлі з Андрэем Іванавічам у ЗАГС, каб зарэгістраваць свае адносіны. Работнікі гэтай установы сказалі, што маглі б і не прыходзіць, бо не разведзеныя – у архівах знайшлі дакументы іх даваеннай рэгістрацыі.

Сумеснае жыццё было нядоўгім. Аднойчы сэрца мужа не вытрымала, і Ганна Пятроўна засталася адна. Калі стала падводзіць здароўе, з далёкага Казахстана даглядаць маці прыехала дачка Люда...
Калі газета вярсталася, прыйшла да нас жалобная вестка: Ганна Пятроўна Панфёрава памерла на 93-м годзе жыцця. Светлая ёй памяць і лёгкі спачын у царстве вольнасці і спакою.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений