Да 100-годдзя беларускай міліцыі: Уладзімір Мілінчук

Люди Сморгонщины
20.01.2017
1425
Старшыня ветэранскай арганізацыі РАУС Уладзімір Мілінчук часцей за іншых мясцовых пенсіянераў органаў унутраных спраў бывае ў райаддзеле міліцыі. Як кажуць у такіх выпадках, пасада абавязвае. І не толькі гэта. Яго цягне на колішняе месца службы. І хаця мінула ўжо многа гадоў з таго часу, як Уладзімір Сяргеевіч – грамадзянскі чалавек, але ў душы ён застаўся праваахоўнікам, цвёрда перакананы ў тым, што не бывае былых міліцыянераў.
Мілінчук 002.jpg

Уладзімір Мілінчук прыйшоў у міліцыю з працоўнага калектыву. Працаваў на сілікатным заводзе. Спачатку падсобным рабочым, потым прызначылі брыгадзірам. Без адрыву ад вытворчасці скончыў індустрыяльна-будаўнічы тэхнікум, прапанавалі пасаду майстра.

На той час сілікатны завод курыраваў па лініі барацьбы з эканамічнымі злачынствамі супрацоўнік райаддзела міліцыі Дзімітрый Казакевіч. Аднойчы падчас размовы з Уладзімірам Мілінчуком ён прапанаваў апошняму пайсці на службу ў права-ахоўныя органы.

Першая пасада Уладзіміра Мілінчука – радавы міліцыянер. Але самыя памятныя эпізоды службы звязаны з часам, калі ён стаў афіцэрам, спачатку малодшым лейтэнантам, і пасада была тады ўжо іншая – участковы інспектар міліцыі.

У Смаргоні і сельскай мясцовасці пачасціліся выпадкі крадзяжоў з сейфаў, якія былі ўстаноўлены ў магазінах, на прадпрыемствах. Па гэтай прычыне супрацоўнікі міліцыі праводзілі рэйды, каб выявіць і затрымаць злачынцу альбо групу зламыснікаў. І аднойчы ім удалося гэта зрабіць.

“Ноччу мы ехалі ў бок моста праз Вілію і на месцы так званага старога млына спынілі матацыкліста, - успамінае Уладзімір Сяргеевіч. - У яго знайшлі адмычкі. Сумненняў не было ў тым, што менавіта гэты чалавек адмыкаў сейфы. Як высветлілася, вяртаўся ён з-пад Жодзішак, дзе таксама планаваў завалодаць грашыма, але ў яго не атрымалася… Затое мы раскрылі серыяю крадзяжоў з сейфаў. Крыху пазней пра смаргонскага “мядзведніка” (менавіта так называюць тых, хто патрашыць сейфы) у часопісе “Савецкая міліцыя” быў артыкул.

Участковы на брычцы

У 70-я гады, калі Уладзімір Мілінчук прыйшоў на службу ў райаддзел міліцыі, там былі толькі тры аўтамабілі – легкавушка ў начальніка, аўто, у якім перавозяць зняволеных, і аўтобус у аддзяленні ДАІ. Цяпер цяжка ў гэта паверыць, але ў дзяжурнай часці стаяў веласіпед, на якім дзяжурны выязджаў на здарэнні.

Не было службовага транспарту ва ўчастковых інспектараў міліцыі. Яны дабіраліся да месцаў здарэнняў на спадарожных аўтамашынах. Незвычайны сродак перамяшчэння неўзабаве займеў участковы Уладзімір Мілінчук – старшыня калгаса Пётр Кукарэка выдзеліў яму для выканання службовых абавязкаў брычку на двух колах і каня. Міліцыянер не ўмеў яго запрагаць, прыходзіў на канюшню, дзе з гэтай справай вельмі хутка спраўляўся конюх. Уладзімір Мілінчук абслугоўваў тады Каранёўскі сельсавет і частку горада.

Давялося паспытаць Уладзіміру Мілінчуку і нялёгкага хлеба следчага.

Камандзіроўка ў Кіргізію

У 90-м годзе Уладзіміра Мілінчука ў складзе следчай групы пракуратуры СССР накіравалі ў Кіргізію. Камандзіроўка была звязана з ошскімі падзеямі. Тут адбыліся найбольш масавыя сутыкненні паміж кіргізамі і ўзбекамі. Неабходна было расследаваць прычыны канфлікту, выявіць яго зачыншчыкаў, ідэйных натхняльнікаў. Неўзабаве Ула-дзіміра Сяргеевіча перавялі ў следчую групу Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Расследаванні праводзіліся ў адносінах да высокапастаўленых чыноўнікаў выканаўчай улады, дэпутатаў Вярхоўнага Савета Кіргізскай ССР.

Вярнуўшыся з сярэднеазіяцкай камандзіроўкі дамоў, Уладзімір Мілінчук папрасіў, каб яго перавялі ў падраздзяленне па ахове грамадскага парадку. Усё-такі яму больш падабаўся гэты напрамак службовай дзейнасці, чым следства. Спраў хапала, бо было нямала людзей, якія не хацелі жыць у ладах з законам.

Дзякуючы добрым настаўнікам з ліку старэйшых калегаў Уладзімір Мілінчук паступова набіраўся практычнага вопыту, падымаўся ўверх па службовай лесвіцы, паступіў у вышэйшую школу міліцыі, а закончыў ужо Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, даслужыўся да падпалкоўніка, першага намесніка начальніка райаддзела міліцыі.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.