Я выбраў правільны шлях у жыцці

Люди Сморгонщины
30.01.2015
2423
Нядаўна свой светлы жыццёвы юбілей адзначыў дырэктар хлебазавода Іван Касцюшка. Ён вопытны кіраўнік, тактоўны чалавек, добры сем’янін. Таму прыемна было сустрэцца з ім і пагутарыць не толькі аб вытворчых справах. Хаця размову пачалі з работы.
- Іван Іванавіч, з чаго пачынаецца працоўны дзень дырэктара хлебазавода?
- Працоўны дзень на хлебазаводзе пачынаецца ў...

IMG_8998Нядаўна свой светлы жыццёвы юбілей адзначыў дырэктар хлебазавода Іван Касцюшка. Ён вопытны кіраўнік, тактоўны чалавек, добры сем’янін. Таму прыемна было сустрэцца з ім і пагутарыць не толькі аб вытворчых справах. Хаця размову пачалі з работы.


- Іван Іванавіч, з чаго пачынаецца працоўны дзень дырэктара хлебазавода?
- Працоўны дзень на хлебазаводзе пачынаецца ў 7.45. Я ж тут ужо ў 7.30, бо жыву недалёка, у мікрараёне Карані. Хаджу па цэхах, тэрыторыі, гутару з работнікамі. Стараюся нікога не абмінуць. Іншым разам работнікі самі да мяне падыходзяць, каб спытаць аб нечым альбо што-небудзь расказаць. Бываюць слушныя прапановы па рабоце. Прыслухоўваюся. Адна галава добра, а некалькі яшчэ лепш.
- Вы работнікаў ведаеце не толькі ў твар?
- Я амаль усіх работнікаў называю па імені і імя па бацьку. Спецыялістаў усіх - на “вы”. Так у мяне заведзена з даўніх часоў. Прыйшоў на завод малады энергетык - Антон Юр’евіч. Да начальніка маркетынгу таксама звяртаюся на “вы”.
- Паважлівае стаўленне да людзей Вы ўзялі з бацькоўскай сям’і?
- Калі я быў малы, жыла з намі па-суседску сям’я. Дык вось дзеці там звярталіся да сваіх бацькоў на “вы”. Я лічыў такі зварот аддаленнем ад сваіх родных. Бацьку і маці заўсёды называў на “ты”.
- Самі гутарыце з чалавекам, які прыйшоў уладкоўвацца на працу ці гэтым займаецца аддзел кадраў?
- У нас праводзіцца анкетаванне, а потым субяседаванне. Яго праводжу я. Сам набіраю галоўных спецыялістаў. Па такой схеме быў набор работнікаў на абараначную лінію, якую нядаўна ўвялі ў эксплуатацыю. Жадаючых працаўладкавацца на хлебазавод нямала, але ёсць сярод іх і не спецыялісты. Гэта таксама трэба ўлічваць.
- Вы берыце пад увагу і чалавечыя якасці? Ці толькі прафесійныя?
- Для мяне чалавечы фактар мае вялікае значэнне. Калі чалавек нечым не спадабаецца, то хочаш-не хочаш, але робіш для сябе нейкія высновы. Хаця ацэнка з першага погляду бывае памылковай. Ёсць і выключэнні. Памятаю выпадак, калі мужчына прыйшоў у шлёпанцах уладкоўвацца на пасаду галоўнага энергетыка.
- Ці многа на заводзе моладзі?
- 32 маладыя спецыялісты. Многія з іх вучацца без адрыву ад вытворчасці ў ВНУ, павышаюць свой прафесійны ўзровень. А кадры з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй рыхтуе для нас Маладзечанскі політэхнічны каледж. У асноўным імкнёмся накіроўваць на вучобу мясцовых юнакоў і дзяўчат, адыходзім ад практыкі прыняцця на работу іншагародніх. Як правіла, яны не затрымліваюцца надоўга ў Смаргоні.
- Работнікі завода маюць сумежныя спецыяльнасці?
- Калі раней работнік меў адну спецыяльнасць, то цяпер пажадана, каб ён асвоіў яшчэ некалькі. Трэба ж некаму замяніць хворага альбо чалавека, які адсутнічае на рабоце па нейкай уважлівай прычыне. Адным словам, нам цяпер патрэбны спецыялісты шырокага профілю. Нават увялі ў штат інжынера па навучанні кадраў. Потым яны здаюць экзамены. Ім прысвойваецца пэўная кваліфікацыя.
- Акрамя зарплаты прадугледжаны іншыя заахвочванні?
- Па ўзгадненні з генеральным дырэктарам “Гроднахлебпрама” прадугледжаны надбаўкі за складанасць і напружанасць для спецыялістаў, якія адпрацавалі на прадпрыемстве не менш за год. Даплаты за высокае прафесійнае майстэрства. Не забываем мы і пра ветэранаў, якія знаходзяцца на адпачынку. Яны атрымліваюць фінансавыя сродкі на нарыхтоўку гародніны, да прафесійнага і іншых важных святаў.
- Як ушаноўваеце работнікаў?
- Работнікаў праводзім на пенсію годна. У нас няма такога, што аддалі чалавеку працоўную кніжку - і будзь здароў. На дні нараджэнняў, юбілеі - кветкі, торт для імя-нінніка. Не можа ён адарвацца ад справы, тады дружнай камандай, уключаючы прафсаюзны камітэт, ідзём у цэх. Калі гэта работнік гандлю - едзем у наш фірменны магазін. Вадзіцеля чакаем з рэйса, каб павіншаваць.
- Прафсаюзная работа добра наладжана?
- Прафсаюзны камітэт працуе добра. Выдаюцца пуцёўкі на аздараўленне, у дзіцячыя лагеры, арганізоўваюцца розныя экскурсіі. Нядаўна работнікі завода пабывалі на “Мінск-Арэне”. Некалькі апошніх гадоў прадпрыемства з’яўляецца спонсарам футбольнага клуба “Смаргонь”. Летась на яго падтрымку было выдзелена амаль 300 мільёнаў рублёў.
- Што ў бліжэйшых планах прадпрыемства?
- Неабходна адпрацаваць грошы, якія ўклалі ў мадэрнізацыю прадпрыемства, пашырыць рэцэптуру соладавых сумясей, прытрымлівацца рэжыму эканоміі, зніжэння затрат. Мяркуем устанавіць на заводзе парагенератар, што таксама дазволіць эканоміць энергарэсурсы. Не здымаецца з парадку дня аптымізацыя кадраў, будзем і надалей абнаўляць асартымент хлебабулачных вырабаў.
- Скажыце, чаму выбралі менавіта гэты напрамак дзейнасці?
- Так склалася. Пасля службы ў арміі працаваў на малаказаводзе, тады ён называўся заводам сухога абястлушчанага малака. Паколькі быў звязаны з харчовымі прадуктамі, паступіў у Ленін-градскі тэхналагічны інстытут халадзільнай прамысловасці. Пасля яго заканчэння атрымаў дыплом інжынера-механіка.
- Ці давялося папрацаваць на іншых прадпрыемствах?
- Напачатку 1987 года перайшоў на камбінат кааператыўнай прамысловасці галоўным інжынерам. Там адпрацаваў 5 гадоў, а потым старшыня райспажыўсаюза прызначыў мяне дырэктарам завода. Будынак яго і цяпер знаходзіцца на вул. Я. Коласа. А потым узначаліў новы хлебазавод у Каранях.
- Вы купляеце прадукцыю Смаргонскага хлебазавода?
- Я прыхільнік сваёй падукцыі. На аператыўных нарадах кажу работнікам: “Трэба любіць сваю вытворчасць і сваю прадукцыю. Па-іншаму нельга. Да канкурэнтаў неабходна ставіцца паважліва, але не забываць пра сваё”. Сам я люблю светлыя гатункі хлеба, якія выпякаюцца з жытнёва-пшанічнай мукі.
- Дома што-небудзь гатуеце самі?
- Калі ўзнікне неабходнасць нешта прыгатаваць - гатую. Асабліва, калі няма дома жонкі. Яна ўвесь час ходзіць пазменна на работу. Таксама працуе на заводзе ўжо 17 гадоў. У студэнцкія гады самі гатавалі па чарзе. І атрымлівалася нядрэнна. Таму не бачу праблемы ў тым, каб нешта зварыць.
- Дзе працуюць Вашы дзеці?
- Дачка працуе на хлебазаводзе таваразнаўцам. Сюды прыйшла працаваць яна адразу ж пасля школы, якую скончыла з залатым медалём. Потым завочна вучылася ў Беларускім дзяржаўным эканамічным ўніверсітэце. Сын мае сярэднюю спецыяльную адукацыю, працуе на ліцейна-механічным заводзе старшым кантралёрам. У нас з жонкай трое ўнукаў. І мы ганарымся гэтым. Жывём усе на адной вуліцы - Суворава. Паколькі ўнукам блізка да бабулі з дзядулем, то сумаваць не даюць. Але яны - наша шчасце.
- Чым любіце займацца па-за работай?
- Я ў маладосці захапляўся гульнёй у шашкі. Нават двойчы быў пераможцам турніру на прыз газеты “Звязда”. А так мяне цікавяць розныя віктарыны - усё тое, што садзейнічае пашырэнню кругагляду, развівае інтэлект. Люблю спартыўныя гульні.
- Дзе праводзіце час летам?
- Недалёка ад горада ў вёсцы засталася бацькоўская хата. Таму ўсё лета праводзім там. Нямала часу адымаюць агародныя работы. А раней яшчэ займаліся трусагадоўляй. Да зямлі прывучаем і ўнукаў. Трэба, каб ведалі, што працай здабываецца ўсё тое, што мы бачым на стале.
- А лес наведваеце?
- Грыбы збіраю з дзяцінства. Ёсць толькі мне вядомыя мясціны. Пасля таго, як зрэзаў грыб, я заўсёды прыкрываю грыбніцу мохам, лісцем ці яшчэ чым-небудзь. На другі год у гэтых месцах я знаходжу многа грыбоў.
- Выхадныя для Вас - дні адпачынку?
- Адпачываць атрымліваецца мала. У выхадныя прыходжу на завод, каб паглядзець, ці ўсё ў парадку. Інакш нельга спаць спакойна, калі не ведаеш сітуацыі. Патрабую, каб галоўныя спецыялісты таксама бывалі на вытворчасці ў выхадныя дні. Паглядзелі, ці ўсё нармальна, і паехалі дамоў.
- Як Вы падтрымліваеце сябе ў добрай фізічнай форме?
- Рух - гэта жыццё. Паглядзіце на наш шматпавярховы будынак. Яго ж трэба абысці. І не адзін раз. А яшчэ ж ёсць тэрыторыя завода. Я па натуры чалавек рухавы, не люблю доўга затрымлівацца ў кабінеце. Хадзьба дапамагае пазбегнуць узроставых балячак.
- Не шкадуеце, што некалі прыйшлі працаваць у харчовую прамысловасць?
- Я выбраў правільны шлях у жыцці, стаўшы інжынерам-харчавіком. Працоўны стаж - 42 гады. У працоўнай кніжцы толькі тры запісы: малаказавод, камбінат кааператыўнай прамысловасці і хлебазавод. Мне няма аб чым шкадаваць. Наадварот, я ўдзячны лёсу, што звязаў сваё жыццё з харчовай прамысловасцю.
- На заводзе згуртаваны калектыў?
- Заставацца на плыву падчас жорсткай канкурэнцыі дапамагае ў тым ліку і зладжаная работа працоўнага калектыву. Вельмі добра, калі кіраўнік абапіраецца на прафесіяналаў. Варта прыслухоўвацца да думак і парад вопытных спецыялістаў. Я ўдзячны калектыву завода, з якім працую каля 20 гадоў, за разуменне, падтрымку.
- Вы шчаслівы чалавек?
- Шчаслівы, што ў мяне добрая сям’я, што мяне заўсёды чакаюць дома. Я адналюб па жыцці. Гэтаму вучу і сваіх дзяцей. Сям’я - гэта самае галоўнае. Апора, абарона. Калі цябе чакаюць, калі ты ўпэўнены, што ў цябе надзейны тыл, - гэта выдатна. Жанчына трымае тры куты дома, а мужчына адзін. Рады, што ў мяне ёсць дзеці, унукі. Старшы ўнук паспяхова займаецца ў спартыўнай школе. Адным словам, ёсць чым ганарыцца, ёсць чым жыць, ёсць аб кім клапаціцца і думаць.


Юрый ЯНУШКЕВІЧ. Фота аўтара.

 


Актуальные новости Сморгони и Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!