Акуратна, прадумана, па-гаспадарску

Люди Сморгонщины
30.01.2015
1343
На семінары-нарадзе ў адной з гаспадарак Мастоўскага раёна спецыялістам паказвалі, як можна на мехдвары добра абсталяваць пакоі адпачынку, прыёму ежы, гардэробы для механізатараў, стварыць умовы для рамонту сельгасмашын у майстэрні, правільна паставіць тэхніку на захоўванне.
Сярод удзельнікаў семінара быў і загадчык машыннага двара “Міцкавічы” СВК “Саўбел” нашага раёна Аляксей Карней. Тут...

IMG_8972На семінары-нарадзе ў адной з гаспадарак Мастоўскага раёна спецыялістам паказвалі, як можна на мехдвары добра абсталяваць пакоі адпачынку, прыёму ежы, гардэробы для механізатараў, стварыць умовы для рамонту сельгасмашын у майстэрні, правільна паставіць тэхніку на захоўванне.


Сярод удзельнікаў семінара быў і загадчык машыннага двара “Міцкавічы” СВК “Саўбел” нашага раёна Аляксей Карней. Тут яму ўручылі Падзячны ліст Гродзенскага абласнога прафсаюза работнікаў АПК за ўзорнае навядзенне парадку на машынным двары, пастаноўку тэхнікі на захоўванне і стварэнне належных санітарна-бытавых умоў для механізатараў.
Аляксей Карней і сам калісьці працаваў трактарыстам, камбайнерам. Сямнаццаць сезонаў убіраў ураджай на “Ніве”, шэсць – на КЗР-10 гомельскай вытворчасці. Потым здароўе механізатара пачало пагаршацца, і яго перавялі на новы ўчастак работы. Якраз у гэты час на пенсію пайшоў загадчык машыннага двара ў Міцкавічах30. Ужо на новай пасадзе Аляксею Аляксеевічу кожнае лета да мінулага года прыходзілася дапамагаць гаспадарцы нарыхтоўваць кармы для жывёлы. На кормаўборачным камбайне “Палессе” касіў траву.
За 8 гадоў, што Аляксей Карней працуе загадчыкам машыннага двара, тут многа чаго змянілася. У будынку, дзе была раней кацельня з забітымі поліэтыленавай плёнкай вокнамі, створаны належныя ўмовы для механізатараў. Ёсць гардэроб, у якім устаноўлены шафы, каб можна было пераапрануцца і павесіць адзенне, пакой для адпачынку з печкай. У суседнім памяшканні – душ і лазня з палком, дзе зручна добра папарыцца. Яны вельмі запатрабаваны ў цёплую пару года. Тут мыюцца пасля працоўнага дня механізатары, прыходзяць асвяжыцца работнікі збожжасушыльнага пункта, які знаходзіцца непадалёку.
Цяпер трактарысты рамантуюць у майстэрні тэхніку – рыхтуюць яе да веснавых палявых работ. Сюды прыгналі МТЗ-1221 і 921. Апошні трактар выпіхвае гной на ферме “Вострава”, якая замацавана за мехстанам “Міцкавічы”. Таму рамонт фермскай тэхнікі выконваецца тут. Глебаапрацоўчыя агрэгаты падрыхтаваны ўжо да веснавых палявых работ, адрамантаваны магутны “Джон Дзір”. А вось з пасяўным агрэгатам “Амазонія”, які агрэгатуецца з гэтым трактарам, ёсць праблемы: не хапае камплектуючых. Іх паставяць у гаспадарку, як толькі будзе пералічана пэўная сума грошай. “А тады за тыдзень-другі рамонтнікі прывядуць “Амазонію” ў рабочы стан”, - кажа загадчык машыннага двара Аляксей Карней.
На мехдвары ў Міцкавічах нічога не стаіць пад адкрытым небам. Менш дарагая тэхніка, плугі, культыватары захоўваюцца пад навесам. Імпартным трактарам, прэсам, якія каштуюць не адзін мільярд рублёў, знайшлі месца ў арачніку. Некалькі збожжаўборачных камбайнаў загналі ў Войстам і паставілі ў гаражы.
Працоўны дзень у загадчыка машыннага двара Аляксея Карнея пачынаецца з праверкі стану здароўя механізатараў і выпуску тэхнікі на лінію. Каб усё выконваць, як трэба, ён нават пабываў на курсах па перадрэйсавым медыцынскім аглядзе. Потым размяркоўваюцца па працоўных месцах работнікі, якія застаюцца на машынным двары. Нехта накіроўваецца ў рамонтную майстэрню, дзе яго чакае трактар ці іншая сельскагаспадарчая тэхніка. У падначаленні загадчыка машыннага двара яшчэ зваршчык і два слесары. Акрамя рамонту выконваюцца работы па рэстаўрацыі некаторых вузлоў. Іх расточваюць, падварваюць, калі трэба. Пасля заканчэння працоўнага дня механізатары вяртаюцца на машынны двор і зноў праходзяць праверку, потым распісваюцца ў журнале.
Памяшканні, якія знаходзяцца на тэрыторыі машыннага двара, ацяпляюцца дрывамі. Устаноўлены 7 печак. Для нагрэву вады таксама выкарыстоўваюцца дровы. Цёпла і ў рамонтнай майстэрні. Акрамя печкі там устаноўлены вентылятар, які ганяе нагрэтае паветра. Але майстэрню ацяпляюць толькі тады, калі на дварэ мінусавая тэмпература.
Механізатараў хапае на тую тэхніку, якая захоўваецца на машынным двары. Але калі пачынаецца пасяўная і ўборачная, то некаторыя з іх перасаджваюцца на камбайны. Тады на выручку прыходзяць трактарысты з прадпрыемстваў і арганізацый – птушкафабрыкі, лясгаса, ЖКГ, ПМС і іншых.
Пакуль мы размаўлялі з Аляксеем Карнеем, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віталь Івашка прайшоў па тэрыторыі машыннага двара, уважліва ўсё агледзеў. Вярнуўшыся ў памяшканне, сказаў: “Усюды акуратна. Усё расстаўлена па сваіх месцах, нічога нідзе не валяецца. Металалом складзены ў адным месцы. Некалькі дзён таму я наведваў у гэтай гаспадарцы іншыя машынныя двары. Уражанне засталося не вельмі добрае. І найперш з-за неналежнага парадку на іх. Работнікі сноўдаюцца туды-сюды. Не так як тут, дзе мы сёння знаходзімся. Хто пад навесам каля тэхнікі завіхаецца, хто ў майстэрні рамантуе трактар ці які-небудзь агрэгат. І тут няма больш высокага начальства, як на цэнтральнай сядзібе. Адзін загадчык машыннага двара. У памяшканнях падмецена, падтрымліваецца парадак. Адным словам, усё робіцца па-гаспадарску”.


Юрый ЯНУШКЕВІЧ. Фота аўтара.

 


Актуальные новости Сморгони и Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!