26 красавіка – 30 гадоў з дня чарнобыльскай трагедыі: Таццяна Камароўская

Люди Сморгонщины
21.04.2016
1514
Таццяна Камароўская нават цяпер, хаця з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС мінула ўжо 30 гадоў, не можа без хвалявання ўзгадваць дні жыцця на забруджанай радыяцыяй тэрыторыі Брагінскага раёна.

“26 красавіка 1986 года не было афіцыйнай інфармацыі аб выбуху на энергаблоку, – пачала свой аповед Таццяна Анатольеўна. – Я карпалася на градках....
IMG_0586Таццяна Камароўская нават цяпер, хаця з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС мінула ўжо 30 гадоў, не можа без хвалявання ўзгадваць дні жыцця на забруджанай радыяцыяй тэрыторыі Брагінскага раёна.

“26 красавіка 1986 года не было афіцыйнай інфармацыі аб выбуху на энергаблоку, – пачала свой аповед Таццяна Анатольеўна. – Я карпалася на градках. Потым прыйшла суседка, якая працавала ў бальніцы, і сказала: “Аварыя на атамнай электрастанцыі. Дзяцей на двор не выпускай, сама не сядзі ў агародзе”. Аб здарэнні я паведаміла мужу. Ён спачатку не паверыў, назваў гэта выдумкай. Потым мы ўсё ж адвезлі сваіх дзяцей у Рагачоў, дзе жылі яго бацькі. Не ведаю, як у іншых раёнах, а ў нашым райцэнтры адмянілі першамайскую дэманстрацыю”.

Бабуля Таццяны Анатольеўны жыла на Брагіншчыне, у вёсцы Крукі. Адтуль па прамой недалёка да Чарнобыльскай атамнай станцыі. Казалі, што людзі з гэтай вёскі бачылі, як здарылася аварыя, як узнялося ўверх чорнае радыеактыўнае воблака. Неўзабаве бабуля некуды прапала, і Таццяна з мужам два тыдні калясілі па раёне, шукалі яе. Тады якраз пачалі вывозіць людзей з забруджаных мясцовасцей, з няхітрымі пажыткамі заганялі ў аўтобусы. Стала вядома, што і бабулю Таццяны Камароўскай разам з клункам і іконай запіхнулі ў салон аўтобуса. Вывозілі толькі вяскоўцаў, жыхароў Брагіна не чапалі. Сваякі потым месяцамі шукалі адзін аднаго.

“У Брагіне мы жылі да лістапада 1986 года. Потым майго мужа перавялі на працу ў Жлобін, і мы пераехалі, – прыгадала мінулае Таццяна Анатольеўна. – Яшчэ да пераезду ў мяне пастаянна балела галава, хацелася спаць. Муж казаў, што я сабе ўнушыла недамаганне. Але калі потым сам са Жлобіна па рабоце з’ездзіў у Брагін, то адчуў нешта падобнае і, вярнуўшыся дамоў, пагадзіўся са мною, што гэта ад уздзеяння радыяцыі”.

Паколькі на першым часе пра становішча спраў на Чарнобыльскай АЭС не было афіцыйных паведамленняў, то людзі разносілі розныя чуткі. Вось і свёкар Таццяны Камароўскай пачуў, што будуць поўнасцю ўзрываць атамную электрастанцыю. Каб выратавацца, павёў унукаў у склеп. Знаходзіліся там нейкі час, але доўга не выседзіш, бо холадна. Дзеці, хоць малыя былі, але добра запомнілі, як сядзелі ў склепе.

“Напэўна, калі б за мяжою не паднялі шум, бо і туды дайшла радыяцыя, то невядома, колькі часу ў Савецкім Саюзе замоўчвалі б аварыю на Чарнобыльскай АЭС, – сказала мая суразмоўца. – Людзі не ведалі, што ў першыя дні пасля выбуху на энергаблоку неабходна было ўжываць па некалькі кропель ёду, каб засцерагчы сябе ад шкоднага ўздзеяння радыеактыўных рэчываў”.

Калі Камароўскія жылі ў Жлобіне, а потым пераехалі ў Смаргонь, то на першым часе адчувалі настальгію па родных мясцінах. У Брагінскім раёне да чарнобыльскай бяды была вельмі прыгожая прырода. Цяпер некаторыя тамтэйшыя землі знаходзяцца на тэрытрыі радыяцыйнага запаведніка.

Бацькі Таццяны Камароўскай пакінулі родныя мясціны яшчэ пазней. Маці доўга ўпіралася, не хацела выязджаць з абжытага месца. Ёй было страшна ехаць у свет. Але потым бацька сказаў: “Вырашай. Гэта апошняя магчымасць атрымаць жыллё ў чыстай зоне”. І яны рушылі ў дарогу. Кватэру атрымалі ў Мінску.

Таццяна Анатольеўна ўзгадала, як калісьці ехала на аўтобусе з Мінска ў Брагін – на вечар сустрэчы з аднакласнікамі. У Гомельскай вобласці ў вочы кінуліся апусцелыя вёскі, наўкола бур’ян. Падумала: “Куды я еду?” Як высветлілася, нямала аднакласнікаў ужо няма на гэтым свеце. У каго сэрца было хворае, у каго – анкалогія. На вечары выпускнікоў адзін аднакласнік фатаграфаваў. Пазней Таццяна Анатольеўна патэлефанавала наконт фотаздымкаў. Але з аднакласнікам-фатографам пагутарыць не ўдалося: пасля вечара сустрэчы з аднакласнікамі ён неўзабаве памёр.

Тады і Брагін ёй не спадабаўся. Нямала было ў ім нежылых напаўразбураных дамоў, якія чамусьці ніхто не зносіў, і яны толькі псавалі агульны выгляд горада. Але калі нядаўна прыехала туды, то ўжо не пазнала некаторыя вуліцы. Развалюхі прыбралі, на іх месцы ўзвялі новыя дамы. Усюды чыста, акуратна. Толькі напамінае аб мінулым устаноўлены помнік ахвярам чарнобыльскай трагедыі.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота Міхаіла РАЗУМНІКА.
 


Актуальные новости Сморгони и Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!