На роднай зямлі

 

На роднай зямлі

Общество
07.11.2020
704

У святочны дзень 7 лістапада Леакадзія Іванаўна Тарасевіч з Мацюлянаў сустрэне свой 90-ы дзень нараджэння. Напярэдадні давялося наведацца да юбіляркі. Быў цёплы, хоць крыху пахмурны дзень позняй восені. Дагледжаная хатка, апавітая спелым вінаградам, чысценькі падворак, вядро з пітной вадой, падвешанае па-ранейшаму да столі, дыхаючыя цеплынёй печка і групка, партрэты дзяцей і ўнукаў на сценах – усё гэта вяртала ў мінулае стагоддзе, такое далёкае і такое мілае сэрцу.

IMG_3141.JPG

Леакадзія Іванаўна Тарасевіч у свой час была чалавекам знакамітым на ўсю ваколіцу. Не таму, што здзейсніла штосьці неверагоднае, а проста працавала зборшчыцай малака. Нават у пенсійным узросце яшчэ доўга жанчына кіравала гужавым транспартам, аб’язджала кожны дзень навакольныя вёскі, хутары. Для кожнага чалавека ў яе знаходзілася добрае слоўца, нікому, хто звяртаўся з просьбай, не адмаўляла. А просьбы былі немудрагелістыя – да магазіна падкінуць, мяхі з камбікормам прывезці, агародчык пераараць. Конь на вёсцы – гэта першы памочнік.

Розных конікаў-памочнікаў мела зборшчыца малака з Мацюляняў за шматгадовую працу ў гаспадарцы. Сярод іншых былі Сокал, Каштан, Васька. Дарэчы, апошняга, Ваську, за спакойны нораў найбольш любіў сын Валера, які часам падмяняў маці ў яе рабоце і ездзіў ад двара да двара, збіраючы слоікі з малаком. Не вельмі разбалаваныя ў тыя часы цацкамі ды забавамі вясковыя хлопчыкі найвялікшую радасць мелі, калі была магчымасць пакатацца на возе, у начное пайсці, ці проста праехацца ад вёскі да вёскі вярхом.

Разам з мужам Іосіфам Іосіфавічам выгадавала Леакадзія Іванаўна чатырох сыноў і дзвюх дачок. Сёння мае яна дзевяць унукаў і ажно васьмёра праўнукаў. Былі часы, калі на ўсе святы ў невялічкай, але вельмі ўтульнай бацькоўскай хаце збіралася ўся вялікая радзіна. У гэтай хаце ладзілі вяселлі і хрэсьбіны. Усе помняць матуліны пірагі на Вялікдзень, а на Куццю посныя, але такія смачныя стравы, яшчэ халадзец і паляндвіцу на Каляды. А як спявала матуля разам са сваёй сяброўкай Уладзяй Янчуковіч! У памяці дзяцей захаваліся найлепшыя згадкі пра тыя часы. А каб быў святочны стол багатым і разнастайным, трэба было добра папрацаваць. У гэтай сям’і ніхто не ленаваўся. Гаспадарка была вялікая. Трымалі кароўку, а то і дзвюх, парсючкоў, курэй, авечак.

У 1983 годзе гаспадыня аўдавела. Давялося вясковай жанчыне браць на свае плечы многія мужчынскія справы. Бо не прывыкла быць залежнай ад некага, ды і дзецям дапамагчы хацелася, усё ж не лепшы час – пачатак 80-х гадоў мінулага стагоддзя.

Сёння старэйшы сын Валерый Іосіфавіч з жонкай Любоўю Іванаўнай даглядаюць старэнькую маці. Гэта іх заслуга, што ў хаце заўжды чысценька прыбрана, у печы натоплена, на прыпечку прыгатаваная ежа. Вельмі аслабела апошнім часам маці, без старонняй дапамогі аніяк не абысціся.

Цяжка пазнаць у слабенькай бабульцы колішнюю працавітую Лёдзю Тарасевіч, дбайную і энергічную, пявунню і весялуху. Дзеці памятаюць яе гаспадарлівай, клапатлівай, акуратнай. Дачка Марыя згадвае, што маці ніколі не сядзела без справы. Нават калі збіраліся жанчыны на пасядзелкі, каб паспяваць, пагутарыць, правесці разам час, у матуліных руках было нейкае рукадзелле. Асабліва добра яна вязала пруткамі. Не толькі рукавіцы і шкарпэткі вязала, а і світары, шапкі. І швачкай была вельмі добрай, нават вучыла іншых. Таму часта вечарамі, асабліва зімой, у хату да Тарасевічаў наведваліся вучаніцы.

Можна шмат разважаць пра сэнс жыцця. Як сцвярджае вопыт папярэдніх пакаленняў – галоўны сэнс, каб жыццё мела працяг.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Фота аўтара.