У Астравецкім раёне адкрылі новую пагранічную заставу “Маладзечанская”

Власть
18.12.2016
У Астравецкім раёне адкрылі новую пагранічную заставу “Маладзечанская”
Па ініцыятыве камандавання Смаргонскай пагранічнай групы і згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь новай пагранічнай заставе прысвоена назва “Маладзечанская”. Таму камплектаванне гэтага падраздзялення ваеннаслужачымі будзе ажыццяўляцца мэтанакіравана па рэгіянальным прынцыпе. Гэта значыць, за кошт прызыўнікоў з Маладзечна і Маладзечанскага раёна.
molodechno_zastava_smorgon2.jpg

Адкрываючы ўрачыстасць, старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Леанід Мальцаў адзначыў, што наперадзе – будаўніцтва новых пагранічных застаў, дзякуючы чаму будзе надалей умацоўвацца пагранічная бяспека Беларусі.

Пагранічная застава – не проста аб’ект пагранічнай інфраструктуры. Ва ўсе часы служба на заставе лічылася справай вельмі адказнай. Не кожны пагранічнік удастойваецца гонару хадзіць па апошніх метрах роднай зямлі. Цяперашняя пагра-нічная застава – гэта высокатэхналагічны комплекс, які ўключае ў сябе сучасную сістэму жыццязабеспячэння, навейшыя ўзоры сігналізацыйных комплексаў, сродкаў візуальнага назірання, іншай самай сучаснай тэхнікі.

Да ўмацавання пагранічнай бяспекі на ўчастку заставы “Маладзечанская” асаблівыя патрабаванні. Гэта звязана з будаўніцтвам у Астравецкім раёне Беларускай атамнай электрастанцыі. Таму адной з задач названага вышэй падраздзялення з’яўляецца прыкрыццё гэтага асабліва важнага для рэспублікі стратэгічнага аб’екта.

Леанід Сямёнавіч выказаў удзячнасць за аказаную дапамогу ў будаўніцтве пагранічнай заставы, якасна выкананыя работы ўсім, хто меў непасрэднае дачыненне да гэтай справы. Асобныя словы падзякі – кіраўніцтву Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і асабіста яго старшыні Уладзіміру Краўцову, кіраўніку Маладзечанскага раёна Аляксандру Яхнаўцу, генеральнаму дырэктару “Гроднааблсельбуд”    Генадзю Залогу за тое, што ў няпростых эканамічных умовах было паспяхова завершана будаўніцтва і належным чынам абсталяваны гэты важны для краіны аб’ект.

У сваім выступленні намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрый Шулейка звярнуў увагу на тое, што незадоўга да ўрачыстага адкрыцця пагранічай заставы “Маладзечанская” ў Смаргоні завяршыла работу выніковая пагранічная камісія па рэалізацыі дзяржаўнай пагранічнай палітыкі ў Гродзенскай вобласці, былі падведзены вынікі ўзаемадзеяння паміж органамі пагранічнай службы і тэрытарыяльным кіраўніцтвам.

molodechno_zastava_smorgon.jpg

Прамоўца падкрэсліў, што ганарова служыць на гродзенскай зямлі. Тут захоўваюцца і памнажаюцца традыцыі майстэрства пагранічнай службы. На Гродзеншчыне акрамя імянной пагранічнай заставы “Маладзечанская” ёсць яшчэ і “Магілёўская” застава. На ёй служаць прызыўнікі з Магілёўскай вобласці.

Юрый Вітольдавіч павіншаваў прысутных са знамянальнай падзеяй – адкрыццём пагранічнай заставы “Маладзечанская” і уручыў падарунак начальніку пагранічнай заставы.

Органы пагранічнай службы актыўна ўзаемадзейнічаюць з праваслаўнай царквой, таму ва ўрачыстасці прынялі ўдзел епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый, мясцовыя святары. Уладыка Парфірый пажадаў  ваеннаслужачым пагранічнай заставы мужнасці, стойкасці, моцнага салдацкага сяброўства і ўзаемавыручкі, набываць тут не толькі веды і ўменні воінскай службы, але і паняцці аб тым, што такое гонар, доўг, высакароднасць, подзвіг, вялікадушша.

molodechno_zastava_smorgon1.jpg

“Сіла воіна заключаецца не толькі ў яго добрай фізічнай падрыхтоўцы, але і ў маральным стане яго душы, моцы яго духу, - адзначыў уладыка Парфірый. - Без гэтага немагчыма стаць гарманічнай асобай, адказным чалавекам, які здольны мужна несці ўсе ўзятыя на сябе абавязкі як у воінскай службе, так і ў грамадзянскім жыцці”.

Для аб’яднання “Гроднасельбуд” пагранічная застава “Маладзечанская” – не першы аб’ект ваеннага прызначэння. Структурныя падраздзяленні гэтай арганізацыі пабудавалі 16 аб’ектаў для патрэб пагранічнікаў, ведаюць патрабаванні Дзяржпагранкамітэта. Генеральны дырэктар “Гроднааблсельбуд” Генадзь Залога ўручыў падаруначны сертыфікат і сімвалічны ключ начальніку пагранічнай заставы “Маладзечанская” Арцёму Хінцу.

Сучасныя тэхналогіі на ахове граніцы

Новая застава з’яўляецца ўдасканаленай ва ўсіх адносінах інжынернага забеспячэння, адзначыў падчас агляду памяшканняў старшыня пагранкамітэта Леанід Мальцаў. Пры дапамозе сучаснага абсталявання, якое ўстаноўлена тут, можна праверыць дзейнасць асабовага саставу, не выязджаючы з Мінска. Кантроль на адлегласці садзейнічае эканоміі матэрыяльных рэсурсаў.

Аб тым, як праводзіцца падрыхтоўка па прадметах, ажыццяўляецца кантроль ведаў, выкарыстоўваюцца гарнізонныя тэарэтычныя відэафільмы, рашаюцца нестандартныя ўводныя для пагранічнага нарада – усё гэта таксама лёгка праверыць пры дапамозе камп’ютарных тэхналогій без наведання заставы. Дарэчы, пагранічны нарад таксама забяспечаны найноўшымі сродкамі сувязі – радыёстанцыямі з GPS-маячкамі, таму яго месцазнаходжанне лёгка адсачыць на электроннай карце мясцовасці. Акрамя таго, сувязь ажыццяўляецца напрамую: пагранічнік можа перадаваць нешта па радыёстанцыі на заставу ці ў пагранічную групу, і гэту інфармацыю пачуюць у пагранкамітэце. Па словах Леаніда Мальцава, электроннымі сістэмамі ўжо забяспечаны 30 працэнтаў пагранічных застаў, і працэс гэты будзе прадаўжацца.

Госці наведалі вальеры, у якіх утрымліваюцца службовыя сабакі, паглядзелі паказальныя выступленні кінолага з нямецкай аўчаркай. На спецыяльнай агароджанай пляцоўцы устаноўлены розныя спартыўныя снарады для навучання і трэніровак чацвераногіх памочнікаў ахоўнікаў дзяржаўнай граніцы. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць      расстаўляць сабак адных на ўчастку граніцы. Для гэтага да ашыйніка мацуецца мікрафон. Забрахаў сабака – пагранічны нарад выехаў, каб праверыць, што здарылася.

Агароджа на ўчастку граніцы, які замацаваны за пагранічнай заставай, таксама адносіцца да ліку “разумнага” абсталявання. Раней яна спрацоўвала пры перамяшчэнні жывёлін, пагаршэнні пагодных умоў. Групе пагранічнікаў прыходзілася выязджаць на граніцу, правяраць кантрольна-следавую паласу. Цяпер агароджа спрацоўвае толькі пры з’яўленні паблізу яе людзей. Эканомяцца час, дзяржаўныя грошы, паліва.

molodechno_zastava_smorgon4.jpg

Тэхнічны парк пагранічнай заставы “Маладзечанская” немалы. У боксах захоўваецца розная тэхніка – аўтамабіль “Волат”, распрацаваны спецыяльна для пагранічнікаў, УАЗы, матацыклы, квадрацыклы, трактар МТЗ, пры дапамозе якога аднаўляецца кантрольна-следавая паласа, маторная лодка. Дарэчы, ужо распрацаваны матацыклы з гібрыдным прывадам, якія будуць мець бензінавы і электрычны рухавікі. Апошні працуе бясшумна, а на граніцы гэта і трэба.

На заставе створаны належныя ўмовы для сем’яў афіцэраў і прапаршчыкаў. Непадалёку пабудаваны шматпавярховы многакватэрны дом, які абсталяваны электрычнымі плітамі, ёсць халадзільнікі. Гародніна бясплатна прадастаўляецца сем’ям ваеннаслужачых. Усё гэта дазваляе асабоваму саставу пагранзаставы больш якасна выконваць задачы па ахове Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений