Сувязь пакаленняў: “каб не страціць святое штосьці…”

Сувязь пакаленняў: “каб не страціць святое штосьці…”

Образование
03.10.2025
75

Кацярына Лукошка вучыцца ў восьмым класе. Дзяўчынка знаходзіцца ў тым узросце, калі варта задумацца, які далейшы жыццёвы шлях абраць. На ўроках раю дзецям заўсёды рабіць свой выбар сэрцам. Кацярына прызналася, што з павагаю і захапленнем глядзіць на сваю бабулю, якая прысвяціла сваё жыццё школе і дзецям. Колькі замілавання ў словах удзячнай унучкі! 

“Маю бабулю завуць Лукошка Ірына Іосіфаўна. Ёй ужо 83 гады. Але бабуля выглядае значна маладзейшай. Пра свой фізічны стан і знешнасць яна кажа: “З кожным днём я ўсё дужэю і дужэю”. Канечне, у сваім узросце турбуюць бабулю хваробы, але яна стараецца змагацца з імі.  Яна ў нас  аптымістка.

Нарадзілася Ірына (дарэчы, спачатку бабулю звалі Ірэна) ў 1943 годзе, недалёка ад Смаргоні, у вёсцы Сялец.  Яе маленства было цяжкім. У сям’і  былі ўжо і старэйшыя дзеці.  А двое дзетак памерла.  У 1944 годзе  бацька Іосіф Бенідыктавіч ідзе на фронт і не вяртаецца. Толькі праз некаторы час родныя даведваюцца, што ён загінуў на рацэ Одэр. Маці Ядзвіга Бенідыктаўна застаецца адна з дзецьмі.

Вайна заканчваецца, Ірэна падрастае, пачынае хадзіць у школу,  вучыцца на выдатна.  Яна была  першым чалавекам з іх вёскі, хто скончыў усе 7 класаў і пайшоў вучыцца  далей. Маці не хацела адпускаць дачку ў сярэднюю школу, бо старэйшы брат служыў у арміі, сястра працавала ў Мінску, а ў цяжкія пасляваенныя гады патрэбна была падмога ля дома. Але ўсё ж мая бабуля скончыла і сярэднюю школу.  Папрацаваўшы піянерважатай, паехала ў Ашмяны вучыцца на настаўніцу. А калі ўжо пачала працаваць у школе, то змагла завочна закончыць і  Гродзенскі педагагічны  інстытут.

Бабуля была настаўніцай пачатковых класаў. Дзеці яе любілі і разумелі. Яе вучні ўжо даўно дарослыя людзі, маюць сваіх дзяцей. Але калі сустракаюць сваю першую настаўніцу, то заўсёды выказваюць ёй падзяку за працу.

Мая бабуля ўсё жыццё шмат працавала.  Яна паспявала рабіць усё.   Акрамя школьнай працы, хатніх спраў, заўсёды знаходзіла нешта і для душы. Вельмі любіла вязаць і вышываць крыжыкам. У сваім дзяцінстве я часта атрымлівала ў падарунак то вышыванку, то камізэльку, то шалік. Яе вышыванкі абавязкова захаваю, бо гэта ўжо наша сямейная рэліквія.  Апошнім часам бабуля  зацікавілася алмазнай мазаікай. Ужо каля трыццаці карцін упрыгожваюць яе кватэру і лецішча.  Ну а пра любоў да літаратуры можна і не казаць. З самага дзяцінства кніга заўсёды побач.

  Калі бабуля выйшла на пенсію, без працы не засталася. Яе любімым месцам стала лецішча. Вырошчваць агародніну і садавіну – сёння гэта галоўны яе занятак. А яшчэ даглядаць  кветкі. У вольную хвіліну яна любіць пасядзець каля ганка і  палюбавацца сваёй прыгажосцю.

Без любімай бабулі я не ўяўляю сваё дзяцінства. Яна  была побач са мной заўсёды: і калі я хварэла, і калі гуляла, і калі рабіла ўрокі. З другога класа я кожны дзень пасля школы спачатку заглядваю да яе, а толькі потым іду ў музычную школу. А  як смачна яна гатуе! Я вельмі ўдзячна сваёй бабулі за яе любоў і дапамогу. Яна з’яўляецца для мяне прыкладам ва ўсім, маёй пуцяводнай зоркай”.

Бабушка.jpg

Людміла РАДЗіЁН, настаўнік беларускай мовы і літаратуры,

Кацярына ЛУКОШКА, вучаніца 8 В класа ДУА “Гімназія г.Смаргоні”

Статьи по теме: