Крэўскія рэаліі часу

Общество
20.03.2015
1666
Візітоўка:
Крэўскі сельсавет утвораны 12 кастрычніка 1940 года. Сёння яго цэнтрам з’яўляецца аграгарадок Крэва, які знаходзіцца на адлегласці 22 км ад Смаргоні побач з магістраллю Мінск-Вільнюс.
Агульная плошча сельсавета складае 28644 га, колькасць насельніцтва - 2164 чалавекі, у тым ліку працаздольнага ўзросту – 1118 чалавек, пенсіянераў – 814, дзяцей да 16 год...
Візітоўка:
Крэўскі сельсавет утвораны 12 кастрычніка 1940 года. Сёння яго цэнтрам з’яўляецца аграгарадок Крэва, які знаходзіцца на адлегласці 22 км ад Смаргоні побач з магістраллю Мінск-Вільнюс.
Агульная плошча сельсавета складае 28644 га, колькасць насельніцтва - 2164 чалавекі, у тым ліку працаздольнага ўзросту – 1118 чалавек, пенсіянераў – 814, дзяцей да 16 год – 232. Летась зарэгістравана 18 нованароджаных дзетак, два шлюбы, 44 смерці.
238 чалавек працуюць у КВУП “Крэва”, 39 – у Крэўскім лясніцтве. Працуюць фермерскія гаспадаркі Д. Мартусевіча “Агра-Вастара”, “Брэль”, “Асаны”, “Вермі-Экапрадукт”.
Сацыяльная інфраструктура прадстаўлена двума вучэбна-педагагічнымі комплексамі, пяццю арганізацыямі аховы здароўя, чатырма дамамі сацыяльных паслуг, трыма ўстановамі культуры. У сферы гандлю працуе пяць магазінаў, чатыры аўтамагазіны абслугоўваюць 43 малыя населеныя пункты. Бытавыя паслугі аказвае комплексны прыёмны пункт раённага камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва. Аддзяленні паштовай сувязі працуюць у Крэве, Ракаўцах, Ардашах.

IMG_1089Старшыня сельвыканкама Сяргей КАПЫШ адказаў на пытанні нашага карэспандэнта.
- Якія праблемы аграгарадка і сельскіх населеных пунктаў сельсавета сёння найбольш востра патрабуюць вырашэння?
- Я сказаў бы, што водазабеспячэнне. У мінулым годзе гэта праблема была вострая, як ніколі. У свой час наш аграгарадок быў далучаны да рэспубліканскай праграмы “Чыстая вада”, людзі спадзяваліся, што дзякуючы гэтаму ў іх дамы будзе праведзены водаправод. Асабліва чакалі яго жыхары вуліцы Савецкай. На жаль, па нечай віне праект быў зроблены толькі на палову вуліцы, астатнія засталіся, мякка кажучы, “з абяцанкай-цацанкай”. У засушлівы час вада знікае з многіх студняў, а яшчэ зарастаюць і забруджваюцца штучныя ставы, якія выкарыстоўваюцца для арашэння прысядзібных участкаў і для жывёл. З такімі праблемамі звяртаюцца найчасцей у сельвыканкам.
Як дэпутат і старшыня сельсавета я імкнуся ўсімі магчымымі спосабамі паспрыяць станоўчаму вырашэнню запытаў сваіх выбаршчыкаў.
Даволі часта без уліку пажаданняў мясцовых жыхароў праводзіцца так званая перапрафілізацыя ўстаноў інфраструктуры. З цягам часу з’яўляюцца вострыя праблемы з недахопам бальнічных месцаў, адсутнасцю патрэбнага спецыяліста-медыка. А ў адначассе такія пытанні не вырашаюцца. Тым не менш, хто як не мы, работнікі сельвыканкама, абавязаны спрыяць таму, каб нашы жыхары не былі абдзелены многімі дабротамі цывілізацыі.
Асабіста мне і маім памочнікам, разам з прадстаўнікамі ад-міністрацый школ, праваахоўных органаў рэгулярна даводзіцца наведваць сем’і, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечнай сітуацыі. Такіх сем’яў у нас восем, у іх выхоўваюцца 14 дзяцей. На мэце – азнаямленне з бытавымі ўмовамі і аказанне прававой ці іншай тэрміновай дапамогі. У асабліва крытычных сітуацыях дзяцей часова ўладкоўваем у дзіцячы прытулак раённага СПЦ.
- Якія яшчэ надзённыя задачы патрабуюць пастаяннай увагі мясцовай улады, дэталёвай прапрацоўкі рашэнняў?
- Па адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні наш сельсавет прадстаўлены трыма буйнымі населенымі пунктамі. Акрамя Крэва, у якім пражывае 615 жыхароў, ёсць яшчэ аграгарадкі Ардашы (179 жыхароў) і Ракаўцы (336 жыхароў). Пытанні, што хвалююць людзей, бываюць самага рознага напрамку. Найчасцей звяртаюцца з-за дрэннага стану дарог, несвоечасовага добраўпарадкавання, вырашэння нейкіх бытавых праблем. Шмат у чым мы дапамагаем. З нашай дапамогай пабудаваны мост з Арлянят у Чатыркі. Часткова за кошт бюджэтных сродкаў робім добраўпарадкаванне на могілках, абрэзку і спілоўванне старых дрэў. Па заяўках развозім камбікорм, аператыўна рэагуем на скаргі адносна парушэнняў у рабоце аўталавак. Працуе камісія, якая сочыць за супрацьпажарнай бяспекай.
- Акрамя штатных супрацоўнікаў ці ёсць у вас памочнікі сярод мясцовых актывістаў?
- Найперш я шукаю падтрымку, вядома ж, у дэпутатаў сельсавета і старастаў вёсак. Найбольш актыўныя - гэта Галіна Сідаровіч, стараста Крэва, Святлана Майсевіч з Мілідаўшчыны, Дзмітрый Макей з Баярска, Марына Герман з Чухнаў і іншыя.
На жаль, не ўсе вяскоўцы з паразуменнем ставяцца да нашай працы. Некаторым здаецца, што ўлада завінаваціла ім у плане вырашэння прыватных сітуацый. Напрыклад, абавязана пакасіць пустазелле ці аднавіць плот. З-за недахопу фінансаў не заўжды магчыма вырашаць нават першапачатковыя задачы, якія тычацца адпаведнасці сацыяльным стандартам. Хочацца, каб асобныя дзеці не забываліся пра сваіх бацькоў і, з’ехаўшы з малой радзімы, не перакладвалі свае прамыя абавязкі на плечы сельсавета.
- Апошнім часам усё часцей Крэва згадваецца як адзін з аб’ектаў агратурыстычнага кластару. Спрыяе гэтаму і багатае гістарычнае мінулае тэрыторый, наяўнасць аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, знаходжанне побач з магістраллю рэспубліканскага значэння, прыгожы геаграфічны ландшафт. Якія перспектывы ў гэтай сувязі Вы бачыце для аграгарадка і сельсавета наогул?
- Тое, што Крэўскі замак, дакладней, яго фрагменты, увайшлі ў рэспубліканскую праграму “Замкі Беларусі”, дае падставу спадзявацца, што частковая рэстаўрацыя і добраўпарадкаванне гістарычнага месца паспрыяюць развіццю аграгарадка, з’яўленню новых рабочых месцаў, абудзіць цікавасць турыстаў, якія будуць часцей наведвацца да нас.
Сёлета мы запланавалі вялікае свята з нагоды юбілею падпісання Крэўскай уніі. Летась традыцыйны кірмаш і свята “Пад знакам Лялівы” сабралі шмат гасцей не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з-за мяжы. Асаблівы густ мерапрыемству надаў першы керамічны фэст. Мы і надалей хочам папулярызаваць гэты від рамяства, таму што Крэва здаўна вядома як адзін з цэнтраў ганчарства ў нашай краіне. Мяркую, што не толькі аграгарадок, але і ўвесь сельсавет выйграюць і атрымаюць новае дыханне дзякуючы развіццю агратурызму, які павінен паспрыяць устойліваму развіццю нашых тэрыторый.

Гутарыла Ала СТРАШЫНСКАЯ.
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА.