У кінастужцы Андрэя Таркоўскага адзін з герояў прамовіў: «Страшна, калі ў храме ідзе снег». Гэтымі словамі вядомы рэжысёр выказаў думку, што ў разбураным храме, без даху над галавой, адсутнічае духоўнае жыццё і пануе холад забыцця. Але нашмат жахлівым было б, калі такую знявечаную святыню ў далейшым зруйнавалі дашчэнту самі вернікі, расцягнуўшы цаглінкі будынка на свае гаспадарчыя патрэбы і тым самым сцёрлі ўсе сляды яе існавання ў мінулым.
Суцькаўская мураваная царква: скрозь прызму гісторыі
Сёння руіны былой Суцькаўскай мураванай царквы з’яўляюцца не толькі сумным напамінам пра трагічныя вынікі Першай сусветнай вайны, але ўнікальным матэрыяльным помнікам нашай спадчыны.
Час пабудовы святыні дакладна не адзначаны ў пісьмовых крыніцах. Вядома, што ў 1731 годзе ашмянскі мастаўнічы Уладзіслаў Маркоўскі са сваёю жонкай Канстанцыяй з Княжэвічаў, будучы бяздзетнымі, ахвяравалі свой маёнтак Суцькаў з вёскамі, якія да яго належалі, на заснаванне і ўтрыманне базыліянскага манастыра пры ўжо існуючай Суцькаўскай царкве. З фундушовага запісу вынікала, што пяць манахаў, якія сюды прыехалі, кожны тыдзень здзяйсняць па дзве імшы за заснавальнікаў манастыра, дзве імшы – за іх родных і адну – за нявінна пакрыўджаных людзей.

Асвячэнне новазбудаванай царквы ў Суцькаве адбылося 6 жніўня 1808 года. З гэтай нагоды айцец Бенедыкт Ленартовіч, тагачасны настаўнік тэалогіі ў Барунскім і Суцькаўскім манастырах, прамовіў казанне, якое было ў 1810 годзе выдадзена ў Вільні асобным творам. Пра жыццё прыходу ў тыя часы даюць уяўленне наступныя звесткі за 1814 год: колькасць вернікаў складала 255 чалавек, было ахрышчана – 19, памерла – 8, пабраліся шлюбам 2 пары.
Падзеі паўстання 1831 года пакінулі трагічны адбітак на пабудовах тутэйшага манастыра. У пачатку красавіка суцькаўскія базыліяне сустракалі тут паўстанцаў, якія потым рушылі праз Крэва на Вішнева. Перад іх адыходам, сюды прыбылі на падтрымку паўстання больш за дваццаць віленскіх студэнтаў з поўным узбраеннем. А ўжо ў лістападзе таго ж года грэка-ўніяцкая духоўная калегія даносіла, што ўсе пабудовы Суцькаўскага манастыра, акрамя царквы, згарэлі, а манахі былі пераведзены ў іншыя абіцелі базыліянаў. З гэтай нагоды было закрыта мясцовае парафіяльная вучылішча, а фундуш Суцькаўскага манастыра злучаны з Барунскім манастыром – для заснавання там павятовага духоўнага вучылішча з утрыманнем 20 выхаванцаў.
Пасля скасавання ўніяцтва ў 1839 годзе, царква базыліянаў перайшла ў праваслаўнае ведамства, і ў яе сценах размясцілася Спаса-Праабражэнская царква. У гэтым жа годзе да прыходу ў Суцькаве быў далучаны прыход былой уніяцкай царквы ў Мысе. З 1858 па 1863 гады царква капітальна рамантуецца на сродкі Віленскай палаты дзяржаўнай маёмасці. Другі капітальны рамонт храма праводзіўся ў 1905 годзе і 14 верасня адбылося асвячэнне святыні Ашмянскім благачынным І. Калінскім з удзелам некалькіх святароў благачыння і пры вялікім сходзе веруючых.
З 1876 па 1893 гады святаром Суцькаўскай Праабражэнскай царквы быў Іоан Іванавіч Канцэвіч. Затым да 1915 года набажэнства ў царкве праводзіў сын ранейшага святара, выпускнік Літоўскай духоўнай семінарыі ў другім разрадзе, Іоан Іоанавіч Канцэвіч. З 1912 года ён з’яўляўся памочнікам ашмянскага благачыннага. Гэтыя паважаныя і аўтарытэтныя рэлігійныя дзеячы за старанную службу неаднаразова атрымоўвалі падзякі, узнагароды і грашовыя прэміі ад епархіяльнага начальства.

Майстэрства таленавітых дойлідаў мінулага ў поўнай ступені раскрылася ў архітэктуры Праабражэнскай царквы. Узведзена яна была на схіле гары ў маляўнічым месцы, пры старадаўняй паштовай дарозе. Мела выгляд трохнефавай базілікі з бязвежавым фасадам. Напярэдадні Першай сусветнай вайны на гонтавым даху, бліжэй да фасада, узвышаўся купал з шасціканцовым крыжам. У будынку налічвалася 24 акны і 9 дзвярэй. Цэнтральны вялікі алтар размяшчаўся на ўсходняй тарцовай сцяне, процілеглай галоўнаму ўваходу. Паміж шасці калон алтарнага порціка ўзвышалася прыгожае барокавае распяцце Божага Пераўтварэння. Шанаванае аднолькава католікамі і праваслаўнымі распяцце лічылася цудатворным. Апошнім яго цудам стала нараджэнне сына ў бацькоў, якія на працягу 16 гадоў не мелі дзяцей, за гэта яны ахвяравалі заслону для распяцця.
Паміж разарваным франтонам другога яруса алтара, знаходзілася авальнае вакно з сакавітым ляпным раслінным арнаментам вакол яго. На левым баку цэнтральнага нефа царквы ўзвышалася кафедра для казанняў з шатамі і статуяй анёла, які трымаў у руцэ світак. У алтары левага нефа знаходзіўся цудатворны абраз Богамаці. З ім звязана паданне, што яго нябесная заступніца спыніла халеру ў той мясцовасці і пакарала французаў, якія спрабавалі зняць з абраза ўпрыгожванні.
Падлога пры ўваходзе, пад хорамі, у былых закрысціях была выкладзена з цэглы, а каля алтара і пасярэдзіне нефаў была драўлянай. Пад падлогай знаходзілася мураваная крыпта. Царкоўны цвінтар у час апошняга, перадваеннага рамонту, быў абнесены мурам з бутавага каменю. Ва ўваходнай браме царкоўнай агароджы была ўладкавана званіца на двух каменных слупах. На ёй прымацаваны тры званы. Пераліты яны былі ў гэтым годзе на памяць пра 25-годдзе служэння святара Іоана Канцэвіча ў іерэйскім сане. У далейшым іх чакаў сумны лёс: летам 1915 года званы былі зняты і іх след губляецца ў час эвакуацыі. У вайну быў перанесены ў недалёкі ад Суцькава храм-бліндаж белы драўляны іканастас, далейшы лёс якога таксама застаецца не высветленым.
З надыходам ваенных дзеянняў на Смаргоншчыну напрыканцы верасня 1915 года, Суцькаўскі храм апынуўся на перадавой. Па ўспамінах старажыла І. Бурко «у сутарэннях царквы быў размешчаны перадавы перавязачны пункт, з якога ноччу параненых і загінуўшых вывозілі ў Кеўлы». Сцены царквы сталі выдатным арыенцірам для варожай артылерыі і па ім быў засяроджаны агонь праціўніка. У вайну храм атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні: яго фасад быў цалкам знішчаны, драўляная частка даху згарэла, а цагляныя перакрыцці абваліліся, апала частка тынкоўкі, выбоіны ад аскепкаў снарадаў і куль на сценах бачны і сёння.
На працягу некалькіх пасляваенных гадоў непакрыты будынак яшчэ больш ператвараецца ў руіны. Вярнуўшыся з бежанства мясцовыя жыхары адраджаюць не толькі свае гаспадаркі, цяжкай працай загойваюць шнары былога ліхалецця, але вырашаюць аднавіць дзейнасць царквы. З гэтай мэтай у 1928 годзе святар Платон Сліж звяртаецца за матэрыяльнай дапамогай да суайчыннікаў і праваслаўных вернікаў у Амерыку. У наступным годзе ў Суцькаве самадзейны драматычны гурток з Шутавіч ладзіць вечарыну з пастаноўкай спектакля «Мікітаў лапаць», увесь даход ад якой накіроўваецца на адбудову святыні. Праводзяцца і іншыя акцыі, але сабраных грошай відавочна не хапіла для рамонту і ўзнаўлення мураванай царквы. Таму побач узводзіцца драўляная царква з двума купаламі, а былую Спаса-Праабражэнскую царкву пачынаюць незаконна разбіраць: ашмянскі стараста даў цішком дазвол на знос мураванай святыні ў Суцькаве. Матывуючы гэта тым, што будынак усё адно развальваецца, а цэглу можна выкарыстаць пад сельскагаспадарчую школу ў Антанове, што пад Барунамі.

Па рэкамендацыі кансерватара разбіраць Суцькаўскую царкву не сталі. Яе руіны вымераны і зроблены фатаграфічныя здымкі. Сёння гэтыя фота захоўваюцца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы. Мне пашчасціла пазнаёміцца з гэтымі каштоўнымі дакументамі тагачаснага стану культавага помніка. Здымкі выканаў вядомы віленскі фатограф Ян Булгак і датуюцца яны 1928 і 1929 гадамі. Калі на ранейшых па часе фота стан царквы амаль нічым не адрозніваецца ад яе выгляду ў ваенны перыяд, то на пазнейшых фота можна заўважыць шмат змен. Часткова разабраны скляпенні і верхні пас муроўкі, таксама даволі значна разабраныя бакавыя нефы. Каля царквы захоўваюцца складзеная ў кубы цэгла з разбору. Параўноўваючы гэтыя фотаздымкі з сучасным станам помніка, трэба адзначыць, што ў наш час муроўка бакавых нефаў адсутнічае поўнасцю. Усё адбілася ў трагічным лёсе помніка, як у люстэрку: войны, пажары, палітычная нестабільнасць, атэістычная ваяўнічасць… Але ён выстаяў і сёння з’яўляецца часткай мураванага летапісу нашай гісторыі.
Уладзімір ПРЫХАЧ

