Міхаіл МІХАЛЬКЕВІЧ амаль усё жыццё прысвяціў адукацыі і гісторыі. Цяпер ён працуе настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства ў Крэўскай сярэдняй школе, з’яўляецца кіраўніком ваенна-патрыятычнага выхавання, а таксама працуе ў школьным музеі.
Міхаіл МІХАЛЬКЕВІЧ – настаўнік, экскурсавод, краязнаўца
– Я сам родам з Крэва, – расказвае Міхаіл Анатольевіч. – Любоў да гісторыі ў мяне са школьных гадоў дзякуючы выдатнаму настаўніку Валерыю Міхайлавічу Скварцову. Ён змог зацікавіць сваім прадметам, і я вырашыў, што таксама хачу стаць настаўнікам.
Пасля школы Міхаіл адслужыў у войску, потым год працаваў на заводзе аптычнага станкабудавання ў Смаргоні. У 1985 годзе паступіў у Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага. Пасля яго заканчэння быў накіраваны на працу ў Ашмянскі раён, дзе атрымаў сваю першую пасаду дырэктара Гінеўскай базавай школы.
– Ажаніўся я на дзяўчыне з Папелевіч. Алена паехала са мной, працавала загадчыкам мясцовага клуба, – дзеліцца субяседнік.
Праз некалькі гадоў сям’я вярнулася ў Смаргонскі раён. Міхаіл Анатольевіч працаваў у Суцькаўскай сярэдняй школе, выкладаў гісторыю, другія дысцыпліны, быў сацыяльным педагогам, нават навучаў пачатковыя класы. У 2007 годзе ён працаўладкаваўся настаўнікам гісторыі ў Крэўскую СШ і з таго часу застаўся тут.
– Ужо тады школьны музей меў званне народнага, і гэта вялікая адказнасць – утрымліваць яго на высокім узроўні. Мы ўжо тройчы пацвярджалі гэты статус. Наш музей стаў сапраўдным цэнтрам патрыятычнай работы і мясцовага краязнаўства, – адзначае Міхаіл Міхалькевіч.
Акрамя педагагічнай дзейнасці, Міхаіл Анатольевіч вядомы і як экскурсавод. Ён здаў іспыт, атрымаў спецыяльную ліцэнзію, распрацаваў уласныя турыстычныя маршруты па Крэве і яго наваколлях: ад архітэктурных помнікаў да мясцін, звязаных з Першай сусветнай вайной.
– Я праводжу экскурсіі як для школьнікаў, так і для дарослых. Асабліва прыемна, калі да нас прыязджаюць госці з Літвы, Польшчы, прадстаўнікі ўлады. Крэва – месца, пра якое можна расказваць гадзінамі, – з гонарам адзначае настаўнік.
Яго жонка Алена Віктараўна цяпер працуе рэжысёрам у Крэўскім Доме культуры. Сям’я Міхалькевічаў любіць падарожнічаць. Яны пабывалі не толькі ў розных куточках роднай Беларусі, Расіі але і ў многіх краінах Еўропы.
– Падарожжы – гэта лепшая гісторыя, – кажа педагог. – Калі бачыш усё на свае вочы, гісторыя робіцца жывой.
Міхаіл Анатольевіч перакананы, што ў жыцці галоўнае не здавацца і верыць у лепшае, калі ставіш мэту – трэба яе дасягаць. У працы настаўніка галоўнае – зацікавіць вучня.
– Калі дзіцяці цікава, яно будзе само шукаць веды, – упэўнены педагог. – Не абавязкова, каб кожны мой вучань стаў гісторыкам, галоўнае, каб ён навучыўся думаць і разумець сувязь часоў.
За гады працы праз урокі настаўніка прайшло вельмі шмат дзяцей. Многія з іх – пераможцы навукова-даследчых конкурсаў і алімпіяд рознага ўзроўню. Некаторыя у сваім жыцці дзякуючы Міхаілу Анатольевічу абралі гуманітарныя прафесіі, паступілі на гістарычныя і культаралагічныя факультэты.

Ларыса ТАТАРЫНАВА
Фота з архіва газеты

