Жывая спадчына: год без Уладзіміра Церабуна

Жывая спадчына: год без Уладзіміра Церабуна

Общество
10.10.2025
283

Год таму, 8 кастрычніка, спынілася сэрца чалавека, чые рукі ўмелі дыхаць у камені, чыя душа гаварыла на мове бронзы і граніту. Чалавека, які стаў неад’емнай часткай беларускай культуры – Уладзіміра Церабуна.

У раённай бібліятэцы адбыўся вечар памяці вядомага смаргонца - члена Беларускага саюза мастакоў, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Ганаровага грамадзяніна Смаргоні, лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, скульптара, графіка, мастака. Вечарына стала агульным паклонам Майстру.

IMG_8454.JPG

IMG_8449.JPG

IMG_8451.JPG

IMG_8467.JPG

IMG_8459.JPG

IMG_8456.JPG

Яго жыццёвае крэда было простым і мудрым: важна не колькі ты пражыў, а што пакінуў пасля сябе. Больш за 40 аб’ектаў манументальнага мастацтва ў розных гарадах Беларусі - такім чынам прадстаўлены толькі адзін з кірункаў дзейнасці творцы. Яго карціны, кераміка, а галоўнае – яго дух – працягваюць жыць у сценах майстэрняў і ў сэрцах людзей. Вечар стаў жывым дыялогам пра Асобу і творчасць  Майстра.

IMG_8470.JPG

Кранальным і шчырым было слова пра Уладзіміра Церабуна, якое сказала дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Святлана Афанасьева. “Уладзімір Васільевіч быў вялікім сябрам бібліятэкі, прыходзіў да нас са сваімі ідэямі, праводзіў прэзентацыі кніг. Ляжаў у бальніцы – і знайшоў магчымасць, каб патрапіць на 80-гадовы юбілей нашай установы”, – прыпомніла выступоўца.  Дарэчы, на сайце бібліятэкі сабраны багаты матэрыял пра творчую спадчыну творцы.

IMG_8524.JPG

  Далучыліся да выступлення і журналіст газеты “Светлы шлях”, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Галіна Антонава. “Уладзімір Васільевіч быў натхняльнікам для стварэння маёй першай кнігі “Дзяруга”.  Шэсць наступных – так ці інакш былі звязаны з іменем мэтра. Ён быў героем маіх нарысаў, да дзвюх кніг – “Самародкі” і “Знайсці сябе” ён напісаў уступныя словы. Для Уладзіміра Васільевіча было важна, каб выходзілі новыя кнігі пра Смаргоншчыну. Ён быў упэўнены, што напісанае застаецца ў памяці людзей, што кнігі – гэта даўгавечныя помнікі гісторыі”, - удакладніла Галіна Францішкаўна.

IMG_8480.JPG

IMG_8484.JPG

Паэтычным акордам прагучалі вершы ў выкананні мясцовай паэткі Ірыны Гаевай, якая прысвяціла свае радкі памяці Майстра. А верш, які напісала Вольга Андрушчанка, стаў пранізлівай хвілінай маўчання, выяўленай у словах. У гэты вечар успамінамі падзяліліся былы мастак-афарміцель гісторыка-краязнаўчага музея Дзмітрый Ярмак, былая настаўніца гісторыі СШ №3 Вольга Гакуць і сябар скульптара Леанід Варанцоў. Сябры, калегі, прыхільнікі творчасці – кожны знаходзіў шчырыя словы, каб распавесці пра выбітнага чалавека. Гаварылі пра яго мудрасць, талент, адданасць мастацтву і малой радзіме. Гэты вечар пацвердзіў: мастак жывы, пакуль жывая памяць пра яго. Свет, створаны Уладзімірам Церабуном, – цудоўны, гарманічны і поўны жыцця – працягвае існаваць не толькі ў бронзе і граніце, але і ва ўдзячнасці тых, каму ён яго падарыў.

IMG_8487.JPG

IMG_8490.JPG

IMG_8503.JPG

IMG_8521.JPG

Напрыканцы імпрэзы прысутныя ўшанавалі памяць Уладзіміра Церабуна хвілінай маўчання, а пасля завяршэння вечарыны – усклалі кветкі да яго магілы.

Аляксандра ЦЫБОЎСКАЯ

Фота аўтара

Теги: общество

Статьи по теме: