У свеце, дзе мабільныя тэхналогіі і глабальныя трэнды часам зацямняюць нацыянальную свядомасць, праца настаўніка беларускай мовы і літаратуры набывае асаблівы, амаль што місіянерскі сэнс. Гэта не проста прафесія, а лёс.
Як адчуваць мову сэрцам
Менавіта такім лёсам жыве Марыя Грынчук, настаўніца сярэдняй школы №1, узнагароджаная знакам «Выдатнік адукацыі».
Прайшло амаль чатыры дзесяцігоддзі з таго часу, як маладая выпускніца педінстытута прыйшла працаваць у школу. Цяпер, азіраючыся назад, можна ўбачыць не проста працоўны стаж, а цэлую эпоху, напоўненую сталеннем не аднаго пакалення смаргонскіх школьнікаў. Як адзначае сама Марыя Авеніраўна, выбар жыццёвага шляху быў прадвызначаны: прыклад роднай цёткі – педагога – запаліў у дзіцячым сэрцы іскру, якая з гадамі ператваралася ў моцны і прыгожы агонь.
Аднак сапраўднай адзнакай яе прафесійнага поспеху з’яўляецца жывая чалавечая сувязь, якая пераадольвае і час, і адлегласць. Тое, што яе першыя вучні, сёння ўжо дарослыя людзі, працягваюць падтрымліваць з ёй кантакт – вельмі каштоўны дар для настаўніцы. Яны прыводзяць у школу сваіх дзецей, а Марыя Авеніраўна зноў, як і 20, і 30 гадоў таму, вядзе юных смаргонцаў у свет роднага слова. Некаторыя з яе вучняў вяртаюцца ўжо ў якасці калегаў–педагогаў, і гэта таксама – адно з найвышэйшых прызнаннеў яе ўласнага прыкладу.

Сяргей ЮРЭВІЧ
Фота аўтара