Тры дзесяцігоддзі на чыгунцы: працоўны шлях Марыі Камінскай з вёскі Сукневічы

Тры дзесяцігоддзі на чыгунцы: працоўны шлях Марыі Камінскай з вёскі Сукневічы

Общество
03.08.2025
335

Марыя Камінская нарадзілася ў 1946 годзе ў вёсцы Сукневічы, у простай сялянскай сям’і. Яна была малодшай дачкой – акрамя яе, у сям’і гадаваліся старэйшы брат і сярэдняя сястра. 

Каминская М. И..jpg

Дзяцінства Марыі Іванаўны прыпала на пасляваенныя гады, калі жыццё ў вёсцы было нялёгкім, але людзі трымаліся разам, дапамагаючы адзін аднаму. 

Вучылася Марыя Камінская спачатку ў школе ў Шутавічах, а потым перайшла ў СШ №1 г. Смаргоні. Працоўны шлях у дзяўчынкі пачаўся рана, як і ў многіх яе равеснікаў. Пасля школы, у 1966 годзе, яна пайшла працаваць у Маладзечна – на чыгунку. 

Праз год Марыя Іванаўна выйшла замуж за Станіслава Іванавіча, таксама ўраджэнца Сукневічаў. Ён, як і яна, быў чыгуначнікам: спачатку працаваў у Маладзечна на станцыі, а пазней – на сілікатным заводзе складальнікам цягнікоў. Марыя Іванаўна працавала на станцыі «Маладзечна» прыёма-здавальнікам грузаў і багажу. У яе абавязкі ўваходзілі прыёмка, афармленне і адпраўка самых розных грузаў – ад хатніх рэчаў да будаўнічых матэрыялаў. Праца адказная, бо грузы ішлі ва ўсе куткі Савецкага Саюза. 

У 1969 годзе ў Марыі Іванаўны і Станіслава Іванавіча нарадзіўся сын Алег, а праз пяць гадоў – дачка Алена. Спалучаць працу, выхаванне дзяцей і хатнюю гаспадарку было няпроста, але дапамагала свякруха, падтрымліваючы маладую сям’ю. 

У 1976 годзе Марыя Іванаўна перайшла працаваць бліжэй да роднай вёскі. Спачатку 10 гадоў працавала дзяжурнай па пераездзе «Беласельскі», а потым яшчэ 10 гадоў – тут жа манцёрам. Агульны працоўны стаж жанчыны склаў 30 гадоў. На заслужаны адпачынак яна выйшла ў 1996 годзе. 

Праз пяць гадоў не стала Станіслава Іванавіча. З тых часоў Марыя Іванаўна жыве адна, але яе часта наведваюць дзеці і ўнукі, якія дараць ёй радасць.

Вёска Сукневічы за гэтыя гады моцна змянілася. Калі раней у кожным двары трымалі жывёлу, то зараз тут засталося ўсяго некалькі гаспадарак, дзе жыхары трымаюць скаціну. Вёска паступова ператвараецца ў дачны пасёлак, дзе ўлетку кіпіць жыццё, а ўзімку яно заціхае. Марыя Камінская цешыцца спакойным жыццём на пенсіі, часта ўспамінае мінулае, радуецца прыездам родных.

Сяргей ЮРЭВІЧ

Фота аўтара

Статьи по теме: