Кветкі, традыцыйныя сімвалічныя стужачкі – на святочным адзенні ўдзельнікаў урачыстасці, Дзяржаўныя сцягі, а таксама сімволіка прадпрыемстваў і арганізацый Смаргоншчыны – па ўсім было відаць, што Смаргонь адзначае галоўнае нацыянальнае свята - Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
“Спадчына вызваліцеляў у дасягненнях незалежнай Беларусі”: урачысты мітынг адбыўся ў Смаргоні
У святочнай калоне - прадстаўнікі мясцовай улады, працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый горада, грамадскіх аб’яднанняў, супрацоўнікі міліцыі МНС, ваеннаслужачыя, моладзь і дзеці. Яны прайшлі па галоўнай вуліцы з ваенным аркестрам і накіраваліся на цэнтральную плошчу горада, каб разам прыняць удзел у мітынгу, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 81-ай гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
- Сённяшняе свята ўвасабляе ў сабе мужнасць і гераічнае мінулае нашага народа, з’яўляецца яркім сведчаннем самаахвярнасці і любові да Радзімы, - зазначылі вядучыя ўрачыстасці Вікторыя Камінская і Ганна Сабінская. - Сёння мы ўшаноўваем родную краіну, родны край, якія любім і якімі ганарымся. Гісторыя нашай краіны стваралася многімі пакаленнямі моцных і таленавітых людзей. Іх праца, перамогі, подзвігі, адкрыцці і поспехі выклікаюць пачуццё гонару за сваю краіну.
У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў узнялі Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.
Ганаровае права падняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена старшыні райвыканкама Генадзію Харужыку, начальніку Смаргонскай пагранічнай группы, палкоўніку Андрэю Волкаву і выпускніцы 2025 года Крэўскай сярэдняй школы, якая атрымала 398 балаў на выпускных іспытах Ганне Капыш.
Са словамі святочнага прывітання да прысутных звярнуўся старшыня Смаргонскага райвыканкама Генадзій Харужык: “Сёння мы з асаблівым пачуццём гонаруі падзякі адзначаем два непарыўна важныя важныя даты ў гісторыі нашай Радзімы – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 81-годдзе вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтыя падзеі назаўсёды ўпісаны залатымі лічбамі ў летапіс беларускага народа.
За больш чым восемдзесят гадоў наша краіна паўстала з руін і ператварылася ў эканамічна развітую, сацыяльна арыентаваную дзяржаву з высокім узроўнем жыцця і дабрабыту. Сёння мы ганарымся дасягненнямі суверэннай Беларусі, яе шматвекавой гісторыяй, багатай нацыянальнай культурай, традыцыямі, прыроднай спадчынай і ўпэўнена глядзім у будучае”.
3 ліпеня беларусы традыцыйна ўшаноўваюць подзвіг тых, хто паўстаў на абарону беларускай зямлі ў час фашысцкай навалы, не ўпалі духам, не скарыліся, прынеслі мір і супакой. Іх вялікі подзвіг - невычэрпная крыніца духоўнай сілы. Памяць аб страшнай вайне не можа згаснуць: яна навекі ўпісана ў гісторыю кожнай беларускай сям’і.
Пасля мітынгу ўдзельнікі ўрачыстасці ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым воінам і партызанам.
Галіна АНТОНАВА.