На плошчы горада ўрачыста адкрыты фестываль-кірмаш
Госці мерапрыемства апладысментамі віталі на плошчы ўдзельнікаў тэатралізаванага шэсця. Гэта узорны фальклорны калектыў «Нальшчаначка», дзіцячы танцавальны калектыў «Краіна сяброў», музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага, лялечныя тэатры, узорная група эстраднай песні «Радасць», народны ансамбль песні «Вечарынка» і многія іншыя. Кожны калектыў сустракала шоу барабаншчыкаў «Барабэнд».
На ўрачыстым адкрыцці фестывалю-кірмашу прысутнічала многа ганаровых гасцей. Для прывітальнага слова на сцэну падняліся намеснік кіраўніка муніцыпальнага аб’яднання «Вяземская муніцыпальная акруга» Смаленскай вобласці Ігар Надточый, намеснік кіраўніка адміністрацыі па пытаннях развіцця прадпрымальніцтва і інвестыцыйнай дзейнасці Дюрцюлінскага раёна Рэспублікі Башкартастан Гульнара Кашаева, намеснік старшыні гарадской думы гарадской акругі горада Арзамас Ніжагародскай вобласці Уладзімір Яршоў.
Да віншаванняў далучыліся намеснік начальніка галоўнага упраўлення перепрацоўчай прамысловасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці Рэспублікі Беларусь Ірына Баранцэвіч, начальнік упраўлення гандлю і паслуг Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Вольга Карачун.
Для адкрыцця фестывалю абаранкаў на сцэну быў запрошаны старшыня Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта Генадзь Харужык.
Традыцыйна ў неба над горадам быў узняты фестывальны сцяг. Такое права было прадастаўлена Ірыне Баранцэвіч і намесніку старшыні Смаргонскага раеннага выканаўчага камітэта Таццяне Шчэберака.
Афіцыйны старт фестывалю быў дадзены пасля таго, як Генадзь Харужык разламаў сімвалічную абаранку. Успыхнулі іскрамёты і крыапушкі, раздаўся дзённы каляровы феерверк.
У выкананні гурта «Сэрцы трох» прагучала сучасная версія гімна абаранкаў. Музыка нарадзілася ў 30-я гады 20-га стагоддзя. Імя яе аўтара гісторыя не захавала, а беларускі тэкст напісаў наш таленавіты зямляк Мар’ян Дукса.
Пад гукі песні Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята» калектывы, жыхары і госці горада аб’ядналіся ў вялікі, святочны, сумесны карагод «Кола жыцця».
Аксана ГЕЙБОВІЧ
Фота аўтара