Крынічнае сэрца

Крынічнае сэрца

Общество
28.04.2025
521

Невялікая вёска Студзянец, што знаходзіцца ў Каранёўскім сельсавеце,  на першы погляд нічым асаблівым не вызначаецца. Налічвае 15 двароў і 17 жыхароў. Між іншым, яна мае даволі глыбокую гісторыю, якую можа расказаць сама назва вёскі, праз якую працякае рака з аднайменнай назвай.

Нашы продкі «студзянцом» называлі месца халоднае і якое не замярзае. «Тлумачальны слоўнік жывой велікарускай мовы» Уладзіміра Даля слова «студенец» вызначае як «колодец», а яшчэ «ключ из земли, родник». І ўсе гэтыя вызначэнні маюць адпаведныя пацвярджэнні ад мясцовых жыхароў.

«Спакон вякоў людзі гаварылі, што ў Студзянцы пастаянна холадна, бо сама вёска знаходзіцца ў нізіне паміж двух узгоркаў, – зазначае ўраджэнка Студзянца Гражына Сінкевіч.

Мясцовыя жыхары пацвярджаюць і тое, што на дне ракі Студзянец (яе яшчэ называюць у народзе Сцюдзёнкай) б’юць халодныя крыніцы, вада з якіх вельмі смачная, чыстая і добрай якасці.

Вёска Студзянец (а ў гістарычных крыніцах сустракаецца і варыянт Сцюдзянец) упамінаецца ў інвертарах XVIII стагоддзя як урочышча ў складзе маёнтка Смаргонь. Захаваліся сведчанні і пра тое, што ў 1905 годзе вёска ў Смаргонскай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні налічвала 113 жыхароў. Сведкам тагачаснай гісторыі з’яўляецца крыж пры дарозе ў Студзянцы, на якім пазначаны год, калі яго ўстанавілі – 1905.

Нам стала цікава, якія рэліквіі захоўваюць у сваіх сем’ях жыхары Студзянца?

«Гэты крыж-абярэг зрабіў дзед майго мужа Вікенцій Мацэвіч, які быў чалавекам веруючым. Устанавіў яго насупраць сваёй хаты, праз дарогу, а другі – на  гары, як ісці ў бок Кушлянаў», – адзначыла Генадзія Мацэвіч, якая цяпер жыве ў Студзянцы. Жанчына сочыць за мясцовай рэліквіяй, калі крыж патрэскаўся, Генадзія Віктараўна яго аднавіла.

IMG_7085.JPG

89-гадовая Раберта Шатурка паказала льняны ручнік, аздоблены карункамі, які яна ткала сабе ў пасаг у 15-гадовым узросце. «А замуж я выйшла ў 26 гадоў, – усміхаецца жанчына. – Затое глядзіце, як цудоўна захаваўся ручнік: ён  мяккі, тонкі, ім прыемна выцірацца».

IMG_7095.JPG

84-гадовая Ванда Чункевіч захоўвае свае прыгожыя вышываныя гладдзю пакрывалы на падушкі і ажурныя белыя фіранкі, якія, калі паглядзець здалёк, напамінаюць выцінанку. Іх Ванда Іванаўна таксама стварыла сама, калі была маладой.

IMG_7115.JPG

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара

Статьи по теме: