Старонкі гісторыі: 9 дзён да Перамогі

Старонкі гісторыі: 9 дзён да Перамогі

Общество
01.05.2025
124

Гартаюючы пажаўцелыя ад часу старонкі газеты «Перамога», якая выдавалася ў нашым раёне з 23 лістапада 1944 года, трапіўся выпуск ад 1 мая 1945 года. Столькі год прайшло, а кожны артыкул – гэта сведка таго часу, калі вайна яшчэ не скончылася, але ўжо адчувалася блізкасць Перамогі.

У зводцы «Ад Савецкага інформбюро» ад 29 красавіка пісалі пра поспехі войскаў 1-га і 2-га Беларускага, 1-га і 2-га Украінскага франтоў. Нашы салдаты вызвалялі апошнія населеныя пункты, бралі ў палон нямецкіх салдат і афіцэраў, знішчалі тэхніку суперніка: танкі, самаходныя гарматы, самалёты. Асабліва важным было паведамленне, што войскі 1-га Беларускага і 1-га Украінскага франтоў вялі ўжо вулічныя баі ў Берліне. Гэта значыла – канец Трэцяга рэйха не за гарамі.

Нягледзячы на вайну, 1 Мая адзначалі з радасцю. У артыкуле «Уперад да новых перамог»  расказвалася пра гісторыю свята. Але галоўнае – пра працоўныя поспехі тылавікоў. Напрыклад, закончылі сяўбу зернавых у Абрамаўскім, Заозерскім, Слабснаўскім сельсаветах, а таксама ў калгасе «Свабода» і сяляне вёскі Несціняты Кушлянскага сельсавета. Людзі працавалі «ў імя нашай Радзімы, у імя канчатковай перамогі над ворагам».

А калгаснікі «Свабоды» выканалі план сяўбы дзякуючы старшыні калгаса таварышу Грэчушкіну і брыгадзіру, маладой дзяўчыне, таварышу Булчанцы. Начальства не сядзела ў канцылярыі, а заўсёды знаходзілася з калгаснікамі на палях. А вось калгас імя Сталіна адстаў – выканаў план толькі на 45%. Старшыню Сташкевіча крытыкавалі за «мокрыя думкі», раілі не спасылацца на мокрае надвор’е і запатрабавалі хутчэй скончыць пасяўную.

Таксама ў нумары надрукавана Пастанова абласной камісіі па сацспаборніцтву ад 26 красавіка «Аб ходзе сацыялістычнага спаборніцтва за паспяховае правядзенне веснавой сяўбы». Па паказчыках хода веснавых палявых работ перадавіком стаў калгас імя Молатава Астравецкага раёна.

Гэтыя газетныя артыкулы, як мазаіка: зводка з фронту, баі ў Берліне, святкаванне Першамаю, падзяка працаўнікам тылу, крытыка адстаючых у пасяўной кампаніі. Усё гэта – апошнія дні вайны, калі кожны дзень набліжаў перамогу. Праз 9 дзён, 9 мая 1945 года, скончылася вайна. 

изображение_viber_2025-04-28_16-34-21-805.jpg

Ларыса ТАТАРЫНАВА

Фото аўтара

Статьи по теме: