Вялікдзень: у атмасферы дабрыні і духоўнага адзінства

 

Вялікдзень: у атмасферы дабрыні і духоўнага адзінства

Общество
31.03.2024
1623

Уваскрэсенне Хрыстова – галоўная падзея ў жыцці хрысціяніна. Сёння, як і сотні гадоў таму, каталіцкія вернікі рыхтуюцца да свята, імкнуцца яго перажыць у глыбокім яднанні з Богам.  

Мы пацікавіліся ў Анастасіі і Дзяніса МАРШАЛКАЎ, а таксама ў іх дзяцей Даны і Багдана,  якія традыцыі святкавання Вялікадня існуюць у іх сям’і.

Безымянный.png

“Адзначаць свята мы пачынаем з Вербнай нядзелі. Усёй сям’ёй ідзем у касцёл, каб памаліцца і асвяціць вербачку. Далей – Пасхальны трыдыум: Вялікі Чацвер, Вялікая Пятніца, Вялікая Субота і непасрэдна сама Пасхальная ўрачыстасць. Ва ўсіх набажэнствах звычайна ўдзельнічаем усёй сям’ёй. Духоўная падрыхтоўка да свята ў нас – на першым месцы, - кажа Анастасія Яўгеньеўна. – Што тычыцца святочнага стала, то мы едзем да бацькоў, звычайна ў Крэва, адкуль мой муж родам. Там збіраецца за святочным сталом вялікая кампанія – прыязджаюць з сем’ямі брат і сястра Дзяніса. Велікодны сняданак заўсёды пачынаецца з малітвы і пажаданняў. У галоўнай ролі – гаспадар Мечыслаў Іосіфавіч”.  

Маршалки.jpg

На святочным стале – заўсёды асвечанае яйка, соль, хлеб. Традыцыйныя стравы – вараны свіны язык, вэнджанае сала, хатняя каўбаса і пірагі з ваніллю і разынкамі, якія выпякае бабуля Лілія Гаўрылаўна. Анастасія вязе ў Крэва сучасныя стравы: фаршыраваныя шампіньёны, шашлык, слоенае жэле.

У пачатковай школе Дана Маршалак ўдзельнічала ў даследчым праекце “Велікодны кошык”. Вучылася ў бабулі Лілі фарбаваць яйкі па-народнаму. Для гэтага выкарыстоўвалі лушпінне ад цыбулі, а каб на яйках быў узор, клалі ў сетачку травінкі, галінкі пятрушкі і кропу.  

“Ад бацькоў мужа мы перанялі традыцыю наведваць на Вялікдзень магілы памерлых, якія ніхто не даглядае, - удакладняе Анастасія Маршалак. – А дзеці, безумоўна, ідуць “у жакі” – да суседзяў па яйкі і салодкія ласункі. Мы таксама прымаем дзетак, якія прыходзяць “па яйко”.

“На жаль, сёння шмат людзей адзначаюць свята толькі за сталом, мінаючы духоўныя прыгатаванні, - адзначылі нашы суразмоўцы, -  таму напярэдадні свята хацелася б усім пажадаць быць неабыякавымі да Божага  святкавання Вялікадня,  мець чыстыя і адкрытыя сэрцы, добрыя думкі і жаданні. Няхай цуд, што здзейсніўся дзве тысячы гадоў таму, стане для кожнага з нас арыенцірам, які дапаможа жыць у веры, надзеі і любові”.

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара.

Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях