Міжнародны дзень тэатра. “Марыянеткі” – на сцэну!

 

Міжнародны дзень тэатра. “Марыянеткі” – на сцэну!

Общество
27.03.2022
650
Артыстамі нараджаюцца, але талент павінен увесь час працаваць – тады будзе поспех. Яшчэ ў школе настаўніца рускай мовы і літаратуры Іна Юдо прадказвала Аксане сцэнічную будучыню. І не памылілася.

  2019-03-06 16-58-28.JPG

З малых гадоў Аксана Ліс выступала на сцэне, але артысткай сябе не бачыла. Пасля школы збіралася ісці ў сцюардэсы, але “ліхія 90-я” планы падкарэктавалі. Пайшла па настаўленні маці ў “хлебную” прафесію” – стала цырульніцай. Грошы прафесія прыносіла, а задавальненне – не.

У вольны час Аксана актыўна ўдзельнічала ў культурных мерапрыемствах, якія ладзіліся ў Залескім Доме культуры. На школьнай сцэне яна была Разбойніцай, (“Брэменскія музыкі”), Лісой Алісай (“Прыгоды Бураціна”) ці Бабай Ягой, і ў маладыя гады прадаўжала быць “характарнай актрысай” – то ў ролі Ведзьмы, то Дамавухі выступала. Ніколі не заставалася незаўважанай. Таму нядзіўна, што тагачасная загадчыца аддзела культуры райвыканкама Соф’я Лазар настойліва рэкамендавала “залескаму самародку” паступаць у Гродзенскае культурна-асветніцкае вучылішча. З лёгкай рукі Соф’і Іванаўны і тагачаснай загадчыцы Залескага ДК Алены Суславай у 2001 годзе Аксана кінула нажніцы і фен, паступіла ў вучылішча і адразу ўладкавалася ў Дом культуры мастацкім кіраўніком.

DSC_0910.jpg

IMG_9748.JPG

“У вучылішчы ў нас былі цудоўныя педагогі: вучылі  майстэрству акцёра,  рэжысёра, сцэнарыста, сцэнаграфіі, давалі цудоўны матэрыял для работы, які я прывозіла з Гродна ў Залессе і адразу ўкараняла на сцэне, - успамінае мая суразмоўца. - Натуральна, што неўзабаве мы стварылі тэатр мініяцюр “Марыянеткі”. На працягу першых гадоў дзесяці артыстамі былі мае калегі – работнікі ДК, а таксама мясцовыя старшакласнікі і студэнты. На працягу ж апошніх дзесяці гадоў узроставы паказчык артыстаў памяняўся – у трупе  “Марыянетак” людзі даволі сталыя і вопытныя, але не менш актыўныя і азартныя. Па-ранейшаму, у тэатры граюць нашы культработнікі, да нас далучыліся сям’я Кур’ян (Віктар – чыгуначнік, Алена – медык) , Наталля Сафронава (хатняя гаспадыня), Алена Канапацкая (настаўніца) і іншыя. Звычайна на рэпетыцыі мы збіраемся па нядзелях, але калі ў нас намячаецца важнае выступленне, то рэпеціруем часцей”.

Сваім галоўным дасягненнем Аксана Ліс лічыць не дыпломы і граматы, якіх нямала і на рахунку тэатра, і яе асабістым, а ўменне збіраць і ўтрымліваць каля сябе цікавых людзей. “Гэта роля Ваша!” – пераконвае яна тых, хто вагаецца ўдзельнічаць у мініяцюры, але ў рэшце рэшт пагаджаецца і цудоўна спраўляецца са сваёй задачай. 

У Аксаны Уладзіміраўны неаднаразова цікавіліся, чаму яна спынілася на жанры мініацюры, а не замахнулася, напрыклад, “на Вільяма, ці разумееце, нашага Шэкспіра”? (цытата з кінафільма “Беражыся аўтамабіля”). Адказ Аксаны Ліс гучыць пераканаўча: “Гледача нельга падманваць. Каб ставіць спектаклі, трэба быць моцным рэжысёрам, які будзе займацца толькі тэатрам, а не тым, чым звычайна займаецца мастацкі кіраўнік у вясковым клубе. Каб ставіць паўнацэнныя спектаклі, павінен быць пастаянны калектыў, які ў любы час можа сабрацца.

SDC16836.JPG

Тэатр мініяцюр патрабуе меншага: на яго не трэба шмат грашовых, маральных  і фізічных укладанняў, мінімум дэкарацый і рэквізіту, няма неабходнасці і ў вялікім акцёрскім складзе.

Тым не менш, мініяцюра – гэта не простая тэатральная форма. У кароткай сцэне павінна раскрыцца ўся сутнасць твора. Дзеля гэтага неабходна, каб была правільна пабудавана кампазіцыя, асаблівая ўвага надаецца абыгрыванню дэкарацый, рэквізіту, заканчэнне сцэны – выразнае і яскравае. Акцёрскае майстэрства ў мініяцюрах таксама ніхто не адмяняў. Да таго ж вялікае значэнне ў акцёрскім і рэжысёрскім вырашэнні мініяцюры мае яе тэмпа-рытм, бо дзеянне развіваецца імкліва”.

Выступленне тэатра мініяцюр “Марыянеткі” з Залескага ДК – упрыгожванне любога забаўляльнага свята. Тое, што прапануецца на суд публікі, адаптавана пад мясцовага гледача (нават навэлы О’Генры ці ўрыўкі аповесці Міхася Лынькова). І ўсё гэта робіць яна, Аксана Ліс, рэжысёр тэатра, якая нярэдка і сама выходзіць на сцэну ў якасці актрысы.

 Калі хто з чытачоў не бачыў, як выступаюць “Марыянеткі”, раю знайсці запісы тэатра на Ютубе і паглядзець. Асалоду атрымаеце неймаверную і абавязкова пажадаеце ўбачыць выступленне залескіх артыстаў ужывую.

Галіна АНТОНАВА.

Фото аўтара і з архіва Аксаны ЛІС.


Статьи по теме: