Са старонак раённай газеты 45-га года

 

Са старонак раённай газеты 45-га года

Общество
07.05.2021
475

IMG_20210505_0005.jpg

На франтах Айчыннай Вайны

(Агляд ваенных дзеянняў за час з 14 па 20 сакавіка 1945 г.)

На паўднёвым захадзе ад Кенігсберга войскі 3-га Беларускага фронта прадаўжалі сціскаць кальцо вакол усходне-прускай групы нямецкіх  войск. Праціўнік, абапіраючыся на вельмі ўмацаваныя пазіцыі, аказвае ўпорнае супраціўленне. Аднак, у выніку ўдараў савецкіх часцей, тэрыторыя, якую займаюць немцы, скарачаецца з кожным днём. Развіваючы поспех, нашы войскі 20 сакавіка занялі горад Браунеберг і больш 40 іншых населеных пунктаў. Такім чынам, усходне-пруская групіроўка немцаў, якая знаходзіцца ва паўднёвым захадзе ад Кенігсберга прыціснута да ўзбярэжжа заліва Фрыш Гаф на плацдарме шырынёй па фронту ў 22 кілометры і ў глыбіню  4 - 6 кілометраў. Вораг нясе велізарныя страты. За 8 дзён, з 13 па 20 сакавіка, узята ў палон 11238 нямецкіх салдат і афіцэраў. Толькі за 18 сакавіка савецкія часці захапілі 47 танкаў і самаходных гармат, 236 гармат, 57 мінамётаў, 350 кулямётаў, 530 аўтамашын, 59 паравозаў, 550 вагонаў і 50 складаў з рознай ваеннай маёмасцю.

Войскі 1-га Беларускага фронта, зламаўшы супраціўленне акружанага гарнізона немцаў, 18 сакавіка авалодалі горадам і портам на Балтыйскім моры - Кольберг. У баях за горад узята ў палон больш 6000 нямецкіх салдат і афіцэраў. Захоплена 40 танкаў і самаходных гармат, 100 палявых гармат, 22 чыгуначных эшалоны, 48 паравозаў, 15 складаў з рознай ваеннай маёмасцю. Праціўнік страціў толькі забітымі 8000 салдат і афіцэраў…

23 сакавіка 1945 г.


Урачыстасць народа

З вялікім лікаваннем і ўрачыстасцю з раніцы 9 мая сабіраліся працоўныя горада і раёна на плошчу “Свабоды” на мітынг, прысвечаны вялікаму святу – Перамозе над гітлераўскай Германіяй.

На ўсіх дамах, прадпрыемствах і ўстановах горада развіваюцца чырвоныя сцягі, вывешаны плакаты, лозунгі. Горад ажыўлён. З хуткасцю маланкі разняслася па ўсім раёне радасная вестка аб канчатковай перамозе над Германіяй, аб перамозе нашага народа над германскім імперыялізмам.

Калона за калонай рабочых, служачых прадпрыемстваў і ўстаноў горада, сяляне, школьнікі з чырвонымі сцягамі, партрэтамі павадыроў, з плакатамі і лозунгамі, з музыкай і песнямі падыходзілі на плошчу. Сяляне, прыехаўшы на базар, спяшаліся на мітынг, каб паслухаць словы праўды аб перамозе над гітлераўскай Германіяй. Сэрцы іх былі напоўнены радасцю і ўдзячнасцю гераічнай Чырвонай Арміі, яе мудраму палкаводцу Маршалу Савецкага Саюза таварышу І. В. Сталіну…

12 мая 1945 г.


Узорна правядзём вытворчы месячнік у чэсць Перамогі!

Дні вялікай радасці, весялосці, таржаства і працоўнага ўздыму перажывае савецкі народ. Савецкі Саюз атрымаў перамогу сусветна-гістарычнага значэння. Разгром германскага імперыялізма будзе мець вялікія рэзультаты для будучага свабодалюбівых народаў. Устаронена самая страшная пагроза іх незалежнасці, шырока адкрыты шлях працветанню дэмакратыі, прагрэсу, свабоднаму развіццю нацыянальных культур.

“З гэтага часу над Еўропай будзе развявацца вялікі сцяг свабоды народаў і міру паміж народамі”, - сказаў таварыш Сталін – мудры і горача любімы правадыр народа, народа-героя, народа-пераможца, які здольны тварыць цуды ў імя савецкай улады.

На нядаўна адбыўшымся сумесным паседжанні РК КП(б)Б і райвыканкома з удзелам рабочых, служачых і інжынера-тэхнічных работнікаў райпромкамбіната, арцелей многапромсаюза, лесрэўхімсаюза і каапінсаюза былі падведзены вынікі выканання вытворчых планаў за 4 месяцы 1945 года. Даклад на гэту тэму зрабіў сакратар РК КП(б)Б т. Шабалін.

Вялікіх поспехаў у рабоце дабіліся служачыя і ІТР мясцовай прамысловасці ў выкананні вытворчых планаў 4-х месяцаў гэтага года. Перавыконваючы нормы выпрацоўкі, яны ўсямерна дапамагалі фронту ў хутчэйшым разгроме гітлераўскай Германіі.

3 чэрвеня 1945 г.


Адбудуем знішчаныя дамы

Партыя і ўрад паставілі перад савецкімі органамі вызваленых абласцей вялікія задачы па ліквідацыі вынікаў злачыннага гаспадарання нямецка-фашысцкіх акупантаў.

Нараду з аднаўленнем прамысловасці, транспарта, сельскай гаспадаркі і культурных устаноў, сур’ёзную ўвагу прыдаюць партыя і ўрад будаўніцтву спаленых немцамі жылых дамоў горада і вёскі, дзе народ вымушан пражываць у зямлянках, або часова пабудаваных бараках.

Немцы за час акупацыі спалілі і зруйнавалі па нашаму раёну 1134 жылых дамы і 2148 гаспадарчых будынкаў. Асабліва пацярпелі сяляне Міцкаўскага сельсавета, дзе спалена 296 жылых дамоў. 12 вёсак гэтага сельсавета, Новасёлкі, Калпея, Трылесіна і др. зусім сцёрты з твару зямлі. У г. Смаргоні знішчана 282 жылых дамы, у Жойдзішскім сельсавеце 96 дамоў.

Ліквідацыя гэтай спадчыны, прынесенай нам гітлераўскімі ордамі, патрабуе ад партыйных і савецкіх кіраўнікоў сур’ёзнай і прадуманай работы. Аднак старшыні сельсаветаў не зразумелі важнасці палітычнага значэння будаўніцтва індывідуальных дамоў сялян, не аказалі ім належнай дапамогі і, як вынік, адбудова дамоў ідзе марудна.

Пастановай РК КП(б)Б і райвыканкома зацверджан план будаўніцтва на 1945 год, які дэтальна даведзен да кожнага сельсавета. Усяго да гэтага часу ў раёне адбудавана 163 дамы і падрыхтавана 87 зрубаў для дамоў. Нарыхтавана лесу на будаўніцтва 2890 кубаметраў. Толькі сялянамі Міцкаўскага сельсавета нарыхтавана і вывезена 1250 кубаметраў лесу.

Важнае значэнне набывае арганізацыя будаўнічых брыгад і грамадскай дапамогі. Будавацца калектыўна, аказваць узаемную дапамогу, арганізаваць на гэта ўсю вёску - такая задача сельсаветаў і сельскага актыва. Такая пастаноўка работы можа і павінна забяспечыць не толькі своечасовую вывазку будаўнічых матэрыялаў, але і разгорнутае будаўніцтва. У раёне створаны 3 такіх брыгады па 6 чалавек: 2 брыгады ў Міцкаўскім сельсавеце і адна – у Верэбушскім. У в. Трылесіна Міцкаўскага сельсавета з дапамогай брыгады дэпутата т. Альхімовіча пабудавана 10 дамоў і 5 зрубаў…

7 чэрвеня 1945 г.

Статьи по теме: