Працавіты сын маці-зямлі

Общество
07.04.2021 10:35
522
2 красавіка свой 80-гадовы юбілей адзначыў жыхар Сінькоў Іван Шчасны. Юбілей паважанага чалавека стаў нагодай нашага візіту ў гэту вёску.

IMG_4005.JPG

У канцы чэрвеня 1944 года ў вёсцы Сінькі адзін з партызанаў забіў фашысцкага разведчыка. Калі немцы даведаліся пра гэта, то сталі помсціць мясцовым жыхарам: палілі хаты і расстрэльвалі людзей. Сям’ю Івана Шчаснага, якому ў 1944 было ўсяго тры гады, жорсткая нямецкая расправа не абмінула. Яго бацька Канстанцін быў расстраляны на вачах у дзяцей.

Іван Канстанцінавіч Вялікай Айчыннай вайны не памятае, бо нарадзіўся ён незадоўга да яе пачатку – 2 красавіка 1941 года. Праз два гады на свет з’явіўся яго малодшы брат. У 1944 годзе, калі бацьку расстралялі фашысты, маці двух малалетніх хлопчыкаў адна засталася іх гадаваць.

- Спачатку мы жылі ў хаце з бабуляй і дзядулем, а пасля месца ў хаце для нас не стала, і мы пайшлі жыць у кладоўку, - прыгадвае сваё дзяцінства Іван Шчасны.

Сваім уласным жыллём удава і яе двое дзяцей абзавяліся толькі праз 10 гадоў. Іван падрос, пайшоў ў калгас пастухом, і за гэта гаспадарка дапамагла сям’і пабудаваць хату. А ўвесь час да гэтага жылі ў кладоўцы. Іван Шчасны ўспамінае, што ў пасляваенныя гады па вёсках хадзілі жабракі і прасілі ежу. Але да Шчасных гэтыя людзі заходзілі не для таго, каб папрасіць, а каб падзяліцца прадуктамі харчавання. У вёсцы ведалі, што няшчасная ўдава адна гадуе двух сыноў, што хлопчыкі галадаюць. Часы былі складаныя, але людзі не пакідалі адзін аднаго ў бядзе.

- Летам мы дапамагалі маці збіраць грыбы і ягады. Затым везлі прадаваць у Маладзечна. Там куплялі хлеб і пехатою вярталіся дадому, - расказвае Іван Канстанцінавіч. – Цяпер людзі пераборлівыя сталі: адзін купляе смаргонскі хлеб, другі – ашмянскі, трэці – вілейскі. А раней такога не было. Абы хлеб! Няважна які. А хлеб толькі чорны. Ні белага, ні батона, ні булак мы ў дзяцінстве не бачылі.

Іван скончыў 7 класаў школы, пасля перавёўся ў вячэрнюю, бо жыццё прымусіла пайсці працаваць у калгас. З 1959 года мужчына працаваў трактарыстам. Прыгадвае, што за адзін працадзень яму налічвалі 7 рублёў і 2 кг зярна. Але разлічваліся з работнікамі толькі ў канцы года. А пасля і гэта невялікая аплата зменшылася. Замест сямі рублёў сталі плаціць пяць, а два кг збожжа змянілі на паўтара. У нялёгкіх умовах Іван Шчасны працаваў на трактарах і камбайнах. Тэхніка ў тыя часы была пераважна без кабін.

- Аднойчы мне загадалі прыгнаць новы камбайн з Наваельні. Я ехаў некалькі дзён, на дварэ было зімна, ліў дождж. Пасля гэтага я моцна захварэў і надоўга трапіў у бальніцу. Працаваць трактарыстам больш не змог, - успамінае Іван Канстанцінавіч.

У 1978 годзе мужчына перайшоў працаваць у кантору на пасаду інспектара па кадрах. Адпрацаваў каля 25 гадоў. З гэтай пасады пайшоў на заслужаны адпачынак.

Іван Шчасны ўсё жыццё пражыў у родных Сіньках. Тут ажаніўся, тут выгадаваў сваіх дзяцей. Разам з руплівай і працавітай жонкай ён адбудаваў вялікую хату і гаспадарчыя пабудовы, узяў зямлю. Але некалькі год таму жонкі не стала, дарослыя дзеці і ўнукі жывуць у горадзе. Іван з сумам расказвае пра тое, што ўжо няшмат засталося і суседзяў. А яму, як чалавеку, улюбёнаму ў родную вёску, так хацелася б, каб на сінькоўскіх вуліцах па-ранейшаму гучалі спевы моладзі, якая вяртаецца з танцаў, каб раніцай яго будзіў вялікі статак кароў, якіх пастух гоніць на пасту.

Іван Канстанцінавіч пражыў хоць не лёгкае, але годнае жыццё. Добрасумленна працаваў, умеў ладзіць з суседзямі. Ён з тых людзей, што ніколі не скардзяцца на абставіны і ўмеюць дзякаваць Богу за кожны пражыты дзень.

Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.



Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений