Брыльянт у россыпах культурнай спадчыны

 

Брыльянт у россыпах культурнай спадчыны

Общество
12.03.2021
5411

Чалавек-свята… Куды б ён не трапіў, адразу стварае вакол сябе святочную атмасферу. З ім заўсёды цікава, бо ён аптымістычны, пазітыўны, энергічны, ініцыятыўны, бадзёры, рухавы, з вострым розумам і моцнай энергетыкай. Ён літаральна фантаніруе энтузіязмам і ўвесь час знаходзіцца ў тонусе. Яго другое імя – жыццярадаснасць.

У мяне шмат знаёмых. Каго з іх можна назваць чалавекам-святам? Няшмат каго. Адназначна – у гэтым спісе Соф’я Лазар. Гэта жанчына нават умудрылася нарадзіцца на свята 8 Сакавіка. І відаць, гэты факт вызначыў яе прафесійны лёс – дарыць людзям радасць і пазитыщны настрой. Больш за трыццаць гадоў жыццё Соф’і Іванаўны было прысвечана яе вялікасці Культуры.

1.jpg

На свяце ў Панявежысе. 1972 год.


Работнік культуры – гэта гучыць моцна!

Соф’ю Лазар узгадавала Данюшаўская зямля. Пасля школы дзяўчына пайшла вучыцца ў Полацкае педвучылішча. Выбрала прафесію настаўніка, бо лічыла яе ганаровай і паважанай. Доўга панастаўнічаць не давялося. Забралі маладога педагога з Панарскай няпоўнай сярэдняй школы на камсамольскую работу ў горад. І пайшло-паехала. Арганізацыя вечароў, конкурсаў, святаў для моладзі, у якіх сама дзяўчына абавязкова ўдзельнічала. Паралельна паступіла ў Гродзенскі педагагічны інстытут. Старалася ўзяць ад жыцця ўсё, што дае яно маладым.

Неўзабаве маладой і энергічнай жанчыне даверылі ўзначаліць раённы Дом культуры. У гэты час знакаміты народны ансамбль імя Агінскага літаральна расквітнеў. Калектыў стаў візітнай карткай Смаргоні, многа выступаў на ўрачыстых святах не толькі ў раёне, але і далёка за межамі Беларусі: у Маскве, на ВДНГ і ў Зорным гарадку, Крамлёўскім тэатры, Польшчы, Германіі, Чэхіі, Літве, Эстоніі…

У 1965 годзе Соф’ю Лазар прызначылі намеснікам загадчыка аддзелам культуры, а з 1979 года яна ўзначаліла аддзел. “І я, і большасць калег працавала, не пазіраючы на гадзіннік, у будні і святы, былі сапраўднымі энзузіястамі сваёй працы, - кажа Соф’я Лазар. - Мае палачкі-выручалачкі Ніна Урбановіч і Надзея Александровіч – выдатныя спецыялісты аддзела культуры, Мікалай Ходаш, Аляксандр Лях, Таццяна Арловіч, Ала Дыро… Хіба ўсіх прафесіяналаў пералічыш? Выпадковых людзей у культуры не было. Я сваю работу любіла без памяці. І ніколі не разумела людзей, якія маглі б хадзіць на працу без імпэту. Я ім заўсёды казала: не любіш работу – мяняй! Не мучай ні сябе, ні начальніка… А сваіх падначаленых заўсёды старалася пераканаць: работнік культуры – гэта гучыць моцна!”.

2.jpg

Соф’я ЛАЗАР і кампазітар Аляксандр ШЫДЛОЎСКІ. 80-ыя гады ХХ стагоддзя.


Не адкрыю сакрэту, калі скажу, што Соф’я Іванаўна шмат зрабіла на ніве сацыяльна-культурнага развіцця і адраджэння гісторыка-культурнай спадчыны Смаргоншчыны. Цяжкасці яе ніколі не пужалі. Ні ў маладосці, калі паехала ў Казахстан, дзе ў прамым сэнсе слова падымала цаліну, за што нават атрымала медаль “За асваенне цалінных зямель”. Ні пасля – калі пачала працаваць на культурнай глебе. З удзелам Соф’і Лазар у раёне былі створаны народныя фальклорныя калектывы, гісторыка-краязнаўчы музей і дом-музей паэта-дэмакрата Францішка Багушэвіча, адраджаліся забытыя абрады, святы, звычаі.

“Кожнае мерапрыемства мы прадумвалі да дробязей. Абавязкова шукалі, чым яго можна падсаладзіць. Зрабіць так, каб усе ахнулі. Помню, арганізавалі свята рамёстваў, непадалёку ад Жодзішак. Што там толькі майстры не рабілі! На кроснах ткалі, вышывалі, плялі з лазы, саломкі, кавалі жалеза… А з самалёта-“кукурузніка” наш знаёмы Лёва Хлябовіч перад пачаткам свята спусціў гасцям  надзімныя шарыкі з праграмай мерапрыемства. Неверагодная радасць!

…Мне дагэтуль сніцца, што я нешта рыхтую, некуды бягу, нешта прыдумляю такое, чаго яшчэ не было”, - усміхаецца мая суразмоўца, а, між іншым, яна ўжо 20 гадоў, як на пенсіі.

3.jpg

Залатое вяселле ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Пятра і Соф’і КРЫВАНОС. 


Сям’я са сцэнічнай біяграфіяй

Не кожны мужчын пагадзіўся б прыняць такі лад жыцця жонкі. “Міша добра разумеў, як нялёгка арганізаваць належным чынам работу ўстаноў культуры. Ён заўсёды мог падставіць сваё дужае мужчынскае плячо”, - зрабіла важны акцэнт мая суразмоўца.

Дарэчы, Міхаіл Пятровіч  і сам са сцэнічнай біяграфіяй (хоць працаваў электраслесарам), быў удзельнікам ансамбля песні і танца імя Агінскага. Да 40 гадоў танцаваў на сцэне, а да 60 гадоў спяваў. Чалавека, улюбёнага ў мастацтва, можа зразумець такі ж самы фанат сцэны. Сямейнаму саюзу Лазараў – амаль пяцьдзясят сем гадоў. Іх аб’яднала любоў да музыкі, спеваў, танцаў. Гэта і стала галоўным сакрэтам іх сямейнага даўгалецця.

5.jpg

З мужам Міхаілам.


Жыццё не толькі песціла Соф’ю Іванаўну. Былі ўзлёты, былі і траўмы. Самыя моцныя – душэўныя, калі пакідалі свет яе родныя і блізкія. Ратаванне знаходзіла ў рабоце і ў добрых людзях. А калі сталі працаваць касцёлы – то і ў святынях, у малітвах, у размовах з Богам. 

“Мілы куток, дзе рэзан пупок”, - любіла паўтараць мама Соф’і Іванаўны. Мая суразмоўца зазначае: “З гадамі любоў да малой радзімы ў мяне толькі памнажаецца. Я пачала адчуваць неймаверную настальгію па сваім Данюшаве: па лясных сцежках, па высокіх хвоях, па прыгажуні-Віліі, па Данюшаўскім касцёле… Стараюся патрапіць туды, каб наталіць душу і цела”.

4.jpg

Соф’я ЛАЗАР. 


… Сяджу, размаўляю – і паверыць не магу, што перада мной – 80-гадовая жанчына. Бадзёрая, актыўна, прывабная, гаваркая, з выдатнай памяццю. На жаль, здароўе, часам, падводзіць. Але Соф’я Іванаўна не скардзіцца. Наадварот, нават пра фізічныя праблемы ўмее расказаць з гумарам. Прыпомніла гісторыю, як нядаўна давялося выклікаць “хуткую дапамогу”. Кардыяграма паказала “непрыгожую карціну”. Медыкі захваляваліся, сказалі ехаць у  бальніцу. “Сумку дапамагала збіраць суседка, я мала што тады разумела, - успамінае жанчына і заліваецца смехам. -  Але папрасіла, каб у сумку закінула мой любімы крэм для твару, бо надта скура стала сухая… На што доктар сказаў: “О! Будзеце жыць, калі пра крэм думаеце!”.

Медыкі ведаюць: вельмі важна, каб пацыент верыў у паспяховае лячэнне. Соф’я Іванаўна падлячылася і да свайго юбілею паспела вярнуцца дадому. А тым, хто яе віншаваў, урачыста заявіла, уставіўшы сваё любімае “не дождётесь”: “Яшчэ пажыву! Мінімум – да 90 гадоў! Мінімум! А там – паглядзім”. Яшчэ не вечар.

Галіна АНТОНАВА.

Фота з архіва Соф’і ЛАЗАР.