Рэлаксацыі на свежым паветры

 

Рэлаксацыі на свежым паветры

Общество
19.12.2020
1351
Сёння большасць правінцыйнай моладзі імкнецца з’ехаць у сталіцу або ў абласны цэнтр, каб там мець вартасны заробак і магчымасць здзейсніцца як асобе ў абраным кірунку. А разам з тым, ёсць частка сталічных жыхароў, якія купляюць, часам за бясцэнак, хаты ў вёсках або хутары. Гэта нават стала своеасаблівым трэндам. Прычым даволі часта ў вёску з’язджаюць не пенсіянеры, каб там, на прыродзе, бавіць свае сталыя гады, займаючыся ўнукамі падчас іх школьных канікул. Сярод маіх знаёмых ёсць нямала маладых людзей, што, з’ехаўшы ў глыбінку, знаходзяць сябе, свой эдэм і ўтвараюць там новую культурную прастору.

Арцём3.jpg

Музыкант Арцём наўрад ці чытаў “Радзіва “Прудок” Андруся Горвата. Магчыма, толькі сутыкаўся на інтэрнэт-абсягах з інфармацыяй пра пісьменніка, які ў рэжыме рэаліці-шоу ствараў кнігу, жанр якой крытыкі вызначаюць як нонфікшн. “Радзіва “Прудок” – незвычайная кніга. Яе аўтар з’ехаў у глухое Палессе, на радзіму сваіх продкаў, і там пачаў весці дзённік, у які занатоўваў усё, што здаралася з ім і аднавяскоўцамі. Затым гэты дзённік выдаў, як кнігу. Вынік быў ашаламляльны: у гісторыі беларускай літаратуры не здаралася яшчэ такога, каб за некалькі гадзін (не тыдняў і нават не дзён!) чытачы раскупілі амаль увесь наклад у тысячу асобнікаў. А справа не толькі ў тым, што свайго чытача Горват знайшоў яшчэ да выдання кнігі, выкладаючы асобныя яе часткі ў сацыяльных сетках. Па вялікім рахунку, новае пакаленне чытачоў чакала іншай манеры апісання беларускай вёскі. Таму што больш няма той, традыцыйнай, пра якую пісалі Я. Брыль, І. Мележ, І. Чыгрынаў, іншыя празаікі.

Арцём2.jpg

Што да смаргонскага музыканта Арцёма Фрэнкеля, то яго праект, калі так можна выказацца, меў на мэце іншае. Ён шукаў месца, каб адасобіцца і заняцца любімымі справамі: музыкай, мастацтвам, творчасцю. Бо вядома, што “служэнне муз не трывае мітусні”. Пачнём з таго, што Арцём чалавек гіпер-творчы. Гэта тычыцца не толькі музыкі. За якую б справу ён не браўся, усё робіць арыгінальна, крэатыўна, унікальна. Асобныя жыхары вёскі Зарудзічы, дзе Арцём і купіў сабе дом шэсць гадоў таму, скептычна, а часам нават вельмі крытычна выказваліся наконт яго творчых ініцыятыў пры “рэстаўрацыі” пабудоў. Слухаючы ўспаміны свайго знаёмага пра розныя выпадкі непаразумення мясцовымі яго задум, міжволі згадваю ідэнтычныя эпізоды з вясковага быцця аўтара “Радзіва “Прудок”. Вось толькі ў адрозненні ад Андруся Горвата, які насамрэч быў непрыстасаваны да вясковага ўкладу, Арцём даволі дасведчаны, часам дзякуючы інтэрнэту, у пытаннях новых тэхналогій як у будаўніцтве, рэканструкцыі, так і ў агратэхніі.

Арцём7.jpg

Дасведчанасць юнака сваімі каранямі сыходзіць яшчэ ў тыя часы, калі ён вучыўся ў Акадэміі музыкі ў Кёльне. Не толькі старажытны Кёльнскі сабор, раманскія цэрквы і млын Святога Гераона, але і сучасны архітэктурны комплекс у стылі мадэрнізму “Кранхаус”, відавочна, зрабілі адбітак у яго свядомасці і паспрыялі нараджэнню новага бачання. Таму, распачаўшы капітальны рамонт вясковай хаты ў Зарудзічах, Арцём як звонку, так і знутры будынка выкарыстоўваў ўласныя дызайнерскія ідэі, наро джаныя захапленнем старажытнай і сучаснай еўрапейскай архітэктурай. Архітэктурны стыль фахверк (або пруская сцяна) знайшоў адлюстраванне на дваровым фасадзе, які ўпрыгожаны бэлькамі ў форме загалоўнай літары імя яго і маці Ірыны.

Адметны дызайнерскі стыль прысутнічае і ў інтэр’еры пакояў, дзе няма сучаснай мэблі, а толькі адрэстаўрыраваная ўласнымі рукамі Арцёма, аўтэнтычная. Тут усё скрозь натуральнае: драўляны ложак, сасновы стол, падлога з натуральных “імпрэгнаваных” дошак. Нават мазаіка на падлозе каля кафлянай печкі выкладзена з пабітай талеркі багемскага чэшскага фарфору. Дарэчы, мазаічныя сцены ў доме і на гаспадарчых пабудовах у панадворку – адметная рыса стылю гэтай сядзібы.

Арцём5.jpg

Пачынаючы ўнутраны рамонт дома, Арцём перш-наперш разбурыў шматлікія перагародкі, і ў выніку засталіся толькі два пакоі: вітальня-сталовая і гасцёўня-спальня. Пры ўваходзе ў вітальню вас сустракае кантрабас, што сціпла прытуліўся завітком грыфа на кут, нібы ў чым вінаваты. Няма яго віны ў тым, што гаспадар дома сёння перавагу аддае клавішам і ўдарніку. Ударная ўстаноўка знаходзіцца ў суседнім пакоі і займае даволі шмат прасторы.

Арцём уключае камп’ютар, знаходзіць запіс свайго нядаўна напісанага музычнага твора, прысвечанага смаргонскаму мастаку Аляксандру Іванову, а для кампазітара проста дзядзі Сашы, сядае за барабаны, і пачынаецца наша рэлаксацыя пад размераны рытм, пад светлую і крыху сумную мелодыю. Гэта мелодыя нагадвае карціны Аляксандра Іванова, яго жыццярадасныя пейзажы, нягледзячы на тое, што пісаў іх мастак спаралізаваны. Жыццё майстра стала прыкладам і для Арцёма, які таксама мае сур’ёзную праблему са здароўем, але тым не менш зарэгістраваны і падпрацоўвае рамеснікам, выраб ляе рамкі, сувеніры, іншыя рэчы з дрэва. А найбольш займаецца любімай справай – піша музыку. А яшчэ працягвае добраўпарадкаваць і ўпрыгожвае дом, сядзібу, агарод.

Арцеём1.jpg

Я не задавала Арцёму лішніх пытанняў. Па тым, як ён шчасліва ўсміхаецца, апавядаючы пра сваё вясковае жыццё, пра заняткі музыкай, дызайнам, нарыхтоўкай зёлак і розных прысмакаў на зіму, відавочна, што чалавек задаволены, што ён знайшоў сэнс існавання і асалоду ад кожнага пражытага ў творчасці дня.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Фота аўтара.

Статьи по теме: