Рэха маладосці, альбо Першыя крокі ў творчасць

 

Рэха маладосці, альбо Першыя крокі ў творчасць

Общество
23.03.2023
1808
Гэта пазней ён атрымае званне заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, будзе кіраваць выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі і стане першым сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі…

Пісьменніцкі талент Генадзя Пашкова праявіўся яшчэ ў школьныя гады. А яго першыя публікацыі з’явіліся на старонках нашай газеты, якая на той час мела назву не “Светлы шлях”, а “Перамога”. Заметкі ў газеце ішлі з пазнакай “селькор”, і першы рубель юнак атрымаў менавіта за гэтыя допісы.

1.jpg

IMG_5771.JPG

Генадзь Пашкоў нарадзіўся 23 сакавіка 1948 года ў Чашніцкім раёне, але неўзабаве сям’я пераехала на Смаргоншчыну. “Згадваю зялёны, у рабінавым абрамленні хутарок паблізу вёскі Войстам на Смаргоншчыне. Мая маці, Марыя Харытонаўна, па спецыяльнасці настаўніца. Пасля Віцебскага педтэхнікума да вайны працавала ў вёсцы, на месцы якой цяперашні Новалукомль, - успамінае Генадзь Пятровіч. – Пасля вайны шмат якія спецыялісты пасля вайны накіроўваліся ў заходнія раёны дапамагаць хутчэйшаму ўздыму і цяснейшаму аб’яднанню. 3 прапанаванага маці выбрала Смаргоншчыну. Там, каля Крэва, да таго часу пасяліліся яе сёстры - Паліна і Вольга. Цётка Вольга, таксама настаўніца, не дачакалася мужа-лётчыка з вайны, жыла адна. Яна і ўпрасіла маці, каб на час пераезду ды ўладкавання аддала ёй на выхаванне маю сярэднюю сястру Валю. А мяне па гэтай жа прычыне забрала цётка Поля. Старэйшая сястра Галя засталася пры маці, на хутары каля Войстама, дзе купілі незайздросную хаціну, старгавалі па наяўных грашах. Гаспадар хутара выехаў у Польшчу, а хату на сваю рызыку - а што, як вернецца з «амэрыканцамі»?! - прадаў ягоны далёкі родзіч.

Майго бацьку, Пятра Трафімавіча, віднага мужыка з моцнага і разумнага роду, скрышыла вайна, ён цяжка хварэў і найчасцей ляжаў у шпіталях. Так і жылі мы некалькі гадоў у адным раёне ды ў розных семях. Дарэчы, бацька неўзабаве і пакінуў гэты свет.

Старэйшую стрыечную сястру Зіна, дачку цёткі, у сваіх успамінах Генадзь Пашкоў называў “мая хутаранская асветніца”. І нездарма.  Дзяўчына любіла чытаць, прыносіла са школы, дзе працавала сакратаром, кнігі і часопісы. Часта чытала для Пятра ўслых. У гэты час у хлопца зарадзіліся цікавасць да чытання і мастацкага слова. А потым, калі падрос, сам стаў пісаць. Вершы і заметкі ў газету пра вяскоўцаў. На той час ён быў вучнем Войстамскай школы.

Нядаўна ў тэлефоннай размове Генадзь Пятровіч згадаў, што яго паэтычны дэбют адбыўся менавіта ў “раёнцы”, калі ён быў у дзявятым класе. За два апублікаваныя вершы атрымаў ганарар – 10 рублёў! Купіў у сельмагу світар і фарсіў у ім па вёсцы.

IMG_5776.JPG

Нядзіўна, што юнак вырашыў свой прафесійны лёс звязаць з журналістыкай. Паступіў у БДУ. Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў рэдактарам літаратурна-драматычных перадач для дзяцей і юнацтва на Беларускім радыё. Потым – загадчыкам рэдакцыі ў часопісе «Полымя», адказным сакратаром і намеснікам галоўнага рэдактара. Быў таксама кансультантам гуманітарнага аддзела ў апараце ЦК КПБ, працаваў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Тэатральная Беларусь», рэдагаваў «Цэнтральную газету». Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, член-карэспандэнт Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры. На працягу дванаццаці гадоў быў дырэктарам выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, а потым першым сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі (у Саюзе пісьменнікаў БССР ён – з 1977 года).  

Успамінаецца 2013 год. Адзін з прыездаў Генадзя Пятровіча ў Войстам. Тады ў школе высадзіўся дэсант беларускіх пісьменнікаў, які ўзначаліў наш зямляк. Была вельмі цёплыя сустрэча з вучнямі, гасцей запрасілі ў школьны  музей. У  якасці падарунка яны перадалі  для школьнай бібліятэкі кнігі беларускіх аўтараў і “Беларускую энцыклапедыю” ў 18 тамах.  

Генадзь Пашкоў - аўтар каля двух дзясяткаў кніг паэзіі, дакументальнай прозы, дзіцячых зборнікаў. У 1975 годзе пабачыў свет яго першы паэтычны зборнік «Кляновік». А ў 1977 годзе Генадзь Пятровіч выступіў як публіцыст (выйшла кніга «Будзень як свята»). У 1980 годзе стаў лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Беларусі за паэтычныя зборнікі «Красный жаворонок» (Масква, 1977) і «Дыстанцыя небяспекі». Адна з апошніх кніг – “Парад планет” – выйшла ў 2016 годзе. Рыхтуецца да выдання яшчэ адна.

Творы пісьменніка перакладзены на многія мовы свету. У сваю чаргу ён пераклаў на беларускую кнігу знакамітага рускага паэта Юрыя Воранава, а таксама азербайджанскіх, украінскіх, армянскіх, таджыкскіх і латвійскіх аўтараў.

пашкоў.jpg

Пісьменнік па-ранейшаму ў добрай творчай форме. Піша вершы, нядаўна ў часопісе “Полымя” былі надрукаваны яго мемуары (частка, а ў планах – напісаць працяг).  

Генадзь Пятровіч прызнаецца, што да свайго юбілею ставіцца спакойна, ніякіх гучных урачыстасцяў не плануе. Правядзе яго ў коле самых блізкіх людзей. Прыгожае жыццёвае імгненне. З юбілеем, наш паважаны зямляк!

Галіна АНТОНАВА.


Статьи по теме: