Гісторык, дырэктар, журналіст

Люди Сморгонщины
24.07.2015
1305
Рыхтуючы матэрыял пра традыцыйную сустрэчу выпускнікоў сярэдняй школы №2 такога далёкага цяпер 1965 года, неаднаразова сутыкалася з іх успамінамі пра тагачаснага дырэктара школы Уладзіміра Клябанава, чыімі намаганнямі і была пабудавана сучасная трохпавярховая школа. Цікава, што былыя яго вучні і сёння падтрымліваюць сувязь са сваімі колішнімі настаўнікамі Уладзімірам Рыгоравічам і яго...
Клебановы 1Рыхтуючы матэрыял пра традыцыйную сустрэчу выпускнікоў сярэдняй школы №2 такога далёкага цяпер 1965 года, неаднаразова сутыкалася з іх успамінамі пра тагачаснага дырэктара школы Уладзіміра Клябанава, чыімі намаганнямі і была пабудавана сучасная трохпавярховая школа. Цікава, што былыя яго вучні і сёння падтрымліваюць сувязь са сваімі колішнімі настаўнікамі Уладзімірам Рыгоравічам і яго жонкай Вольгай Рафаілаўнай. Нехта нават прывёз ксеракопіі артыкулаў з амерыканкай газеты “Новости Филадельфии”, дзякуючы якім стаў вядомы лёс былога школьнага дырэктара. Мяркую, што многім смаргонцам, якія ведалі сям’ю Клябанавых ці чулі пра іх, будзе цікава гэта публікацыя.

Уладзімір Клябанаў – сын вядомага беларускага журналіста Рыгора Эмануілаваіча Клябанава, які напачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў адказным сакратаром рэспубліканскай газеты “Звязда”. Разам з бацькам у складзе невялікага калектыву паходнай друкарні давялося пакачаваць пад бамбёжкамі ды артабстрэламі і адзінаццацігадоваму Уладзіміру. Затым да 1944 года разам з маці і братам ён знаходзіўся ў эвакуацыі ў Ашхабадзе, а бацька працаваў у Маскве ў Беларускім штабе партызанскага руху. У Беларусь сям’я вярнулася ў жніўні 1944 года.
Пасля заканчэння гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта разам з жонкай Вольгай (з якой яны пазнаёміліся, дарэчы, на ўступных экзаменах у БДУ) Уладзімір Рыгоравіч едзе ў Смаргонь, дзе займае пасаду дырэктара СШ №2. Першапачаткова школа знаходзілася ў будынку старой гарбарні, пабудаванай яшчэ да рэвалюцыі. Пры новым дырэктары быў узведзены новы трохпавярховы будынак. У 1963 годзе Клябанавы пераехалі ў Мінск, дзе Уладзімір Рыгоравіч працаваў настаўнікам, завучам, дырэктарам СШ №42 ажно да самай пенсіі.
У Філадэльфіі сям’я жыве з 1991 года. У 2014 годзе Вольга і Уладзімір адсвяткавалі сваё брыльянтавае вяселле. У іх два сыны: Аляксандр і Рафаіл, якія разам з жонкамі працуюць праграмістамі; дзве ўнучкі і тры ўнукі, двое праўнукаў.
Гісторык па адукацыі і прафесіі Уладзімір Клябанаў з цягам часу перакваліфікаваўся ў журналіста. Як ён сам жартуе, прачнуліся бацькавы гены. Журналістыка ніколі не была для яго чужой. І не толькі таму, што журналістам быў бацька. У юнацтве Уладзімір пісаў вершы, быў членам рэдкалегіі школьнай газеты, але паступаць на журфак не асмеліўся, бо не адчуваў такога прызвання. Друкавацца пачаў яшчэ жывучы ў Мінску. Некалькі яго артыкулаў надрукавала “Настаўніцкая газета”, а школьныя тэлеўрокі па гісторыі Беларусі трансліраваліся па рэспубліканскім ТБ. Пераехаўшы на пастаяннае месцажыхарства ў ЗША, больш за дзесяць гадоў Уладзімір Клябанаў вёў пастаянную рубрыку “Гісторыя Амерыкі ў асобах” у газеце «Новости Филадельфии». Яго палітычныя каментары часта гучалі ў радыё-праграмах .
Аднойчы яго запрасілі пачытаць лекцыі, галоўная тэма якіх – гісторыя Амерыкі. Па словах Уладзіміра Рыгоравіча, ён з радасцю пагадзіўся. Па-першае, таму, што гісторыяй Амерыкі цікавіўся яшчэ ў свае студэнцкія гады і адну са сваіх курсавых пісаў на тэму “Грамадзянская вайна ў ЗША”. А па-другое, гэта справа вымагае заўжды быць у добрай фізічнай, творчай і інтэлектуальнай форме, што ў выніку працягвае паўнацэннае жыццё. У сваіх лекцыях ён ухіляецца ад прагнозаў, сцвярджаючы, што, як гісторык, ацэньвае факты, якія адбыліся. Ён лічыць, што гісторыя – навука дакладная, і хоць матэматычны метад да яе не прымальны, але гэта навука сваімі высновамі дае падставы не наступаць на адны і тыя ж граблі двойчы.
У кола яго лектарскіх інтарэсаў уваходзіць вядома ж і палітыка. Асабліва хвалюе праблема ісламскага тэрарызму, яго вытокі і цяжкія наступствы для ўсяго чалавецтва. Уладзімір Клябанаў шчыра прызнаецца, што больш чым Расія, яго цікавіць сёння Беларусь, якую лічыць сваёй Радзімай, дзе прайшла большая частка яго жыцця, і таму што ў беларускай зямлі знайшлі вечны спачын многія яго прашчуры.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.