На завод, як у свой дом

Люди Сморгонщины
17.07.2015 08:24
1263
Юрый Багдзевіч працуе ў ліцейнай вытворчасці амаль 12 гадоў. За гэты час зарэкамендаваў сябе як адказны работнік, вопытны спецыяліст. Ужо трэці год ён брыгадзір брыгады па аснастцы на ліцейна-механічным заводзе. За поспехі ў працы ўзнагароджваўся граматамі, а сёлета напярэдадні прафесійнага свята яго фотапартрэт будзе занесены на заводскую Дошку гонару.

Першай металургічнай...
IMG_9484Юрый Багдзевіч працуе ў ліцейнай вытворчасці амаль 12 гадоў. За гэты час зарэкамендаваў сябе як адказны работнік, вопытны спецыяліст. Ужо трэці год ён брыгадзір брыгады па аснастцы на ліцейна-механічным заводзе. За поспехі ў працы ўзнагароджваўся граматамі, а сёлета напярэдадні прафесійнага свята яго фотапартрэт будзе занесены на заводскую Дошку гонару.

Першай металургічнай школай для Юрыя Багдзевіча стала беларуска-расійскае прадпрыемства “Літкам”, дзе выраблялі аўтамабільныя поршневыя кольцы. Калі ў 2008 годзе здарыўся эканамічны крызіс, і гэта невялікая ліцейная кампанія спыніла сваю дзейнасць, Юрый Ігаравіч перайшоў на суседні ліцейна-механічны завод. Тут атрымаў спецыяльнасць “абрубшчык” і з таго часу разам з калегамі па брыгадзе абслугоўвае аснастку ў ліцейным цэху.
Спачатку Юрыю Багдзевічу дапамагалі асвойваць новую для яго спецыяльнасць вопытныя работнікі Сяргей Багданаў і Віктар Плоскі, якія адпрацавалі на ліцейна-механічным заводзе не адзін дзясятак гадоў. Яны падказвалі і паказвалі, як правільна выконваць тую ці іншую работу, а кемлівы вучань уважліва слухаў і запамінаў, з кожным годам набіраўся практычнага вопыту.
Металургія – не першая галіна народнай гаспадаркі, з якой звязаў працоўную дзейнасць Юрый Багдзевіч. Хлопец з вёскі Малінавая адразу ж пасля школы паступіў у Гродзенскі кааператыўны тэхнікум па спецыяльнасці “таваразнаўства”. Год адвучыўся – прызвалі ў армію. Пасля вяртанння са службы давучваўся, а потым атрымаў размеркаванне на працу ў Магілёўскую вобласць, завочна паступіў у Гомельскі кааператыўны інстытут і скончыў яго. Адпрацаваўшы вызначаныя тры гады на Магілёўшчыне, Юрый Ігаравіч вярнуўся ў родныя мясціны. У Смаргоні працаўладкаваўся ў райспажыўтаварыства, прызначылі намеснікам старшыні па гандлі. Прыходзілася круціцца як вавёрцы ў коле. Потым некалькі гадоў працаваў на “Ніве-ЗАС”.
Сям’я, дзеці, якіх трэба карміць і апранаць, у дадатак да гэтага выплачваць крэдыт за пабудаваную кааператыўную кватэру. А ў гандлёвай сферы заробкі не вельмі вялікія, таму і рашыў Юрый Ігаравіч пашукаць іншую работу. Неўзабаве ўладкаваўся на ліцейна-механічны завод простым рабочым. Як патлумачыў сам, быць кіраўніком яму расхацелася: цэлы дзень у напружанні, ды і дома галава не адпачывала ад вытворчых спраў. Цяпер жа выканаў пэўны аб’ём работ, выйшаў пасля заканчэння працоўнага дня за прахадную і пераключыўся на дамашнія клопаты.
Два-тры дні на тыдні Юрый Багдзевіч ездзіць да маці ў Малінавую, возіць ёй харчовыя прадукты, дапамагае па гаспадарцы. Хаця, якая там гаспадарка, куры ды градкі на агародзе. Маці не ў тым ужо ўзросце, каб трымаць многа жыўнасці. Але прыедзе сын, і ёй весялей. Адна засталася.
Менавіта маці з бацькам калісьці казалі свайму сыну, каб ён вучыўся, хаця хлопец хацеў пайсці працаваць вадзіцелем у мясцовую гаспадарку. “Туды заўсёды паспееш”, - пераконвалі бацькі. Але так склалася, што сын, паспытаўшы начальніцкага хлеба, цяпер заняты фізічнай працай. “Я ніколькі не шкадую, што так атрымалася, - сказаў Юрый Багдзевіч. – На ліцейным заводзе мне падабаецца, за 7 гадоў прывык ужо, іду сюды як у свой дом. Калектыў добры, прадукцыя рэалізоўваецца, зарплата выплачваецца своечасова. А што яшчэ трэба?”.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений