Як гучыць Смаргоншчына? Рэгіянальны фестываль інструментальнай музыкі “Іграю, як знаю, скачу, як хачу” пройдзе ў Залессі

 

Як гучыць Смаргоншчына? Рэгіянальны фестываль інструментальнай музыкі “Іграю, як знаю, скачу, як хачу” пройдзе ў Залессі

Культура
29.05.2024
1598

Рэгіянальны фестываль інструментальнай музыкі “Іграю, як знаю, скачу, як хачу” пройдзе 2 чэрвеня ў аграгарадку Залессе. Знакавае месца для музычнага фестывалю, бо  менавіта ў гэтым месцы знаходзіцца сядзіба аўтара сусветна вядомага паланэза “Развітанне з Радзімай”.

Смаргоншчына заўсёды рада гасцям. І з вялікім задавальненнем не толькі дэманструе сваю багатую культурную спадчыну, але і знаёміцца з набыткамі іншых людзей у гэтым кірунку.

За апошнія дзесяцігоддзі наш рэгіён стаў асяродкам адраджэння разнастайных адгалінаванняў традыцыйнай беларускай культуры, але асаблівае месца тут займае  народная музыка. Адна з каштоўнасцей у скарбніцы Смаргонскіх традыцый – “Смаргонскія найгрышы”. У 2021 годзе элементу нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Музычна-інструментальная традыцыя (Смаргонскія найгрышы)” быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Што ж такое “Смаргонскія найгрышы”? Гэта народная музыка, пад якую танцавалі нашы дзяды і прадзеды, музыка, якая з 1990-х гадоў стала незапатрабаванай з-за разбуральных наступстваў урбанізацыі, а сёння, дзякуючы руплівай працы яе носьбітаў, адраджаецца і атрымлівае новае дыханне. На тэрыторыі Смаргонскага раёна народная інструментальная музыка актыўна развівалася напачатку ХХ стагоддзя, адчула сапраўдны росквіт у 1940-х – 1960-х гадах і працягвала існаваць да пачатку 1990-х. Калі шматлікія і разнастайныя ансамблі народных музыкаў яшчэ былі жывой з’явай. Свой музыка-саліст, альбо ансамбль музыкаў, быў амаль у кожнай вёсцы. Такога роду ансамблі называліся капэлямі. На Смаргоншчыне існавала вялікае мноства такіх капэль.  У нашым раёне захавалася шмат імён выбітных народных музыкантаў. Сёння “Смаргонскія найгрышы” складаюцца з шэрагу мелодый, частка – актыўна выкарыстоўваецца, а другая – пакуль захоўваецца ў форме аўдыязапісаў і знаходзіцца ў стадыі вывучэння, расшыфроўкі і асваення.

Цяпер распрацавана і зацверджана праграма захавання элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Смаргонскія найгрышы” на пяць год, якая ўключае меры для захавання, развіцця і папулярызацыі элемента.

Захаванне, распаўсюджванне і папулярызацыю “Смаргонскіх найгрышаў” ажыццяўляюць ў першую чаргу носьбіты і пераемнікі дадзенага нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека: узорны ансамбль народнай музыкі “Гулянок” (дзяржаўная ўстанова адукацыі “Смаргонская дзіцячая школа мастацтваў імя М. К. Агінскага”), узорны фальклорны гурт “Нальшчаначка” (дзяржаўная ўстанова адукацыі “Жодзішкаўская сярэдняя школа”, гурт “Кушлянская капэла” (дзяржаўная ўстанова культуры “Смаргонскі раённы Цэнтр культуры”).

Мелодыі вясковых варыяцый Смаргоншчыны гучаць на вясельных цырымоніях і святкаваннях, на сямейных святах, на народных і дзяржаўных святкаваннях. Напрыклад, 9 Мая і 3 ліпеня падчас святочных мерапрыемстваў у гарадскім парку на адкрытай пляцоўцы мясцовыя жыхары, сярод якіх большасцю моладзь, у натуральным асяроддзі танцуюць пад мясцовыя найгрышы. Такая ж адкрытая пляцоўка арганізоўваецца на фестывалі “Кераміка Крэва”, святкаванні Масленіцы, Дажынак, вечарынах і конкурсах народных побытавых танцаў (музычна-танцавальная вечарына “Скокі ва ўсе бокі”, свята побытавых танцаў “Жодзішкаўскі кагарод”, фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”, “Ветразь”). Таксама не абыходзяцца без выступленняў носьбітаў  і канцэртныя праграмы раённых святаў, шматлікія рэгіянальныя, рэспубліканскія і міжнародныя конкурсы і фестывалі.

Дзякуючы таму, што элемент выканальніцкага мастацтва «Смаргонскія найгрышы» атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, 18 чэрвеня 2022 года на базе музея-сядзібы Францішка Багушэвіча ў Кушлянах упершыню быў арганізаваны фестываль інструментальнай народнай музыкі. Фестываль праводзіцца на Смаргоншчыне адзін раз у два гады. Яго мэты і задачы – захаванне, развіццё і папулярызацыя традыцыйнай музычна-інструментальнай культуры, якая сёння аднаўляецца ў Смаргонскім раёне. Мерапрыемства садзейнічае вяртанню жывой прыгожай атмасферы свята, прыгожай камунікацыі з музычнымі і з танцавальнымі сродкамі, і тым самым – аднаўленню не толькі музыкі, але і пэўнай культуры беларускага традыцыйнага адпачынку.

Калі вы хочаце адчуць неверагодную атмасферу народнай музыкі, любіце танцы і спевы, калі маеце, што зайграць, то абавязкова прыязджайце на фестываль у Залессе! Вобраз Беларусі ў свядомасці яе жыхароў складаецца, як пазл, з элементаў нематэрыяльнай спадчыны, і гэты вобраз злучае нас у адзіны народ. Давайце разам збяром гэты прыгожы пазл і захаваем яго для нашчадкаў.

Жадаючыя прыняць удзел у фестывалі ў якасці выступоўцаў могуць пазнаёміцца з умовамі яго правядзення на сайце  https://rck.by/ru/.

фота 1.jpg

фота 2.jpg

фота 3.jpg

фота 4.jpg

фота 5.jpg

Наталля ЧУДАКОЎСКАЯ,

метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны РЦК


Статьи по теме: