Нястанішскі лямус. Адным з каштоўных помнікаў дойлідства ў нашым краі

Нястанішскі лямус. Адным з каштоўных помнікаў дойлідства ў нашым краі

Культура
21.05.2024
1661

Цікавасць да яго не згасла, нягледзячы на тое, што помніка ўжо няма. Ён прыцягвае пільную ўвагу даследчыкаў, а краязнаўчыя знаходкі апошняга часу пашыраюць і ўдакладняюць гэты твор беларускай архітэктурнай спадчыны.

лямус 2.jpg

Адна з першых звестак пра драўляную пабудову ўзгадваецца ў летапісе мясцовага касцёла, надрукаваным 10(23) сакавіка 1915 года. Сярод розных цікавостак аўтар матэрыялу ксёндз Ігнат Расалоўскі паведаміў пра тое, што «паміж будынкамі плябаніі вылучаецца двухпавярховы лямус з галерэяй і балконам, пабудаваны ў 1780 годзе». Паважны ўзрост будынка і ліхалецці  Першай сусветнай вайны не лепшым чынам адбіліся на яго стане, таму напрыканцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя правялі рамонт даху з частковай заменай бэлек. Што цікава, нястанішскі аб’ект быў адным з нямногіх свецкіх, дзе выконваліся такія работы пад наглядам Віленскай службы кансервацыі.

У 36 нумары ілюстраванага тыгодніка «Радыё» за 1931 год з’явіўся анонс радыёперадачы пад назвай «Наведайце Віленшчыну”, якая планавалася да выхаду ў эфір 10 верасня ў 17 гадзін 35 хвілін. У ёй галоўны кансерватар і кіраўнік дэпартамента мастацтваў у Віленскай ваяводскай управе Станіслаў Лорэнц знаёміў слухачоў, адпаведна патэнцыйных аматараў краязнаўчых вандровак, з турыстычнымі магчымасцямі края. На старонках выдання быў змешчаны фотаздымак нястанішскага лямуса, як аднаго з найкаштоўных узораў дойлідства найбліжэйшых ваколіц Вільні.

З таго ж самага ракурса, але без прысутнасці наведвальнікаў мясціны, можна пабачыць лямус на здымку, які трапіў у даследаванне прафесара Мар’яна Маралёўскага «Нарысы Віленскага мастацтва» за 1939 год. Мастацтвазнаўца ў творы нагадаў ранейшыя звесткі,  што помнік знаходзіўся ў Нястанішках пры плябаніі, быў з ломаным дахам, вакол будынка размяшчаліся галерэі, і ён з’яўляўся адным з найбольш маляўнічых ва ўсёй краіне.

Напрыканцы ХХ стагоддзя на яго звярнулі ўвагу беларускія гісторыкі архітэктуры. Апісанне лямуса трапіла ў грунтоўную энцыклапедыю «Архітэктура Беларусі», спасылкі на помнік сустракаюцца і ў іншых даследаваннях. На падставе новых крыніц і фотаздымкаў сёння можна больш дакладна раскрыць асаблівасці гэтага шэдэўра з дрэва, створанага мясцовымі цеслярамі.

Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя лямуса вызначалася дасканаласцю прапорцый. Яго аснову складалі слупавыя галерэі па перыметру будынка, а пластыка арак спалучалася з рысамі барока. Яшчэ ў міжваенны перыяд было адзначана, што гэта драўляная пабудова «з’яўляўся працягам або моцным рэхам будынкаў, якія раней узводзіліся для абаронных фартэцый» і жылля ў іх. Самі аркі, вісячая гірка ў цэнтры другога паверха  нагадвалі фрагменты аздобы ўваходнай брамы ў Мірскім замку. Кампазіцыя помніка сіметрычная, хіба толькі нахіл лесвіц па вуглах асноўнага аб’ёму крыху парушалі гэтую сіметрыю. З левага боку лесвіца вяла на другі паверх, а з супрацьлеглага – на дах. Пакрыты лямус быў ломаным гонтавым дахам, наверх якога быў выведзены комін.

Вядома, што ў такога тыпу пабудовах першы паверх меў гаспадарчае прызначэнне. Там захоўваліся харчовы правіянт і каштоўная маёмасць, а другі – быў прыстасаваны пад жыллё ў летні час ці для розных грамадскіх патрэб. На фотаздымку 1931 года можна заўважыць на фасадзе другога паверха два вялікія вокны па розныя бакі ад уваходных дзвярэй. Акрамя таго, прымацаваныя да слупоў галерэі невялікія сцягі таксама сведчылі пра грамадскае выкарыстанне прасторы верхняга паверха.

Магчыма, тут размяшчалася зала для сходаў і дэманстрацыі кіно тутэйшага Таварыства польскай моладзі. Пры гэтым культурна-асветніцкім цэнтры былі арганізаваны сталярная і шавецкая майстэрні, мелася вялікая бібліятэка, існаваў аркестр, які налічваў 20 інструментаў. Аднак лямус маглі выкарыстоўваць іншыя тагачасныя нястанішскія ўстановы: пасляваенная школа пад кіраўніцтвам Мажэйкі, пажарная каманда, паштовае агенцтва, каса ўзаемадапамогі ці мясцовы сельскагаспадарчы гурток.

На вялікі жаль, помнік не захаваўся да нашых дзён. Па адной з версій, пасля смерці ў 1963 годзе нястанішскага ксяндза маёмасць плябаніі перайшла ў калгас. Некаторы час будынак выкарыстоўваўся пад склад, потым у ім размяшчалася спажывецкая крама, а ў 1970-я гады мінулага стагоддзя быў знішчаны пажарам і перастаў існаваць. Новыя архіўныя крыніцы, графічныя матэрыялы і ўспаміны, як шчыра спадзяёмся, дазволяць нарэшце раскрыць усе таямніцы гэтага самабытнага твора народнага дойлідства.

Уладзімір ПРЫХАЧ

Статьи по теме: