Да Міжнароднага дня роднай мовы. Чаму так названа?

 

Да Міжнароднага дня роднай мовы. Чаму так названа?

Календарь событий
21.02.2024
369
21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У сувязі з гэтым прапануем азнаёміцца з паходжаннем некаторых беларускіх слоў.

д.jpg

Веласіпед, ровар

Першы веласіпед, падобны да сучаснага, называўся “rover” (ровэр), што азначае “вандроўнік”, і быў створаны ў 1884 г. англійскім вынаходнікам Джонам Кемпам Старлі. З англійскай мовы слова “ровэр” трапіла ў польскую і захавалася там, з польскай – у беларускую і ў беларускім вымаўленні стала “ровар”. Ужываецца ў нас як дыялектнае, бо літаратурнае – веласіпед (ад лац. velox, velocis – “хуткі” і pes, pedis – “нага”). У апошні час пашыраецца ўжыванне слова “ровар” як больш “гаваркое”, гэта значыць лёгкае для вымаўлення ў параўнанні са словам “веласіпед”.

Грыбы лісічкі

Лісічкі атрымалі сваю назву за ярка-рыжую (іншы раз амаль вогненную), як у лісы, афарбоўку, але не ад слова “ліса”. І грыб, і жывёліна так названыя за свой колер: старажытнарускі прыметнік “лисый” абазначае “жоўты” (тлумачыць газета “СБ”).

Кает, сшытак, тетрадь

У заходніх раёнах Беларусі можна яшчэ пачуць слова “кает”. Гэта французскае слова, якое абазначае “сшытак для пісьма”. Яно трапіла ў польскую мову, але захавалася там як дыялектнае, бо было сваё літаратурнае “зэшыт” (zeszyt), што значыць “сшыты”. Праз польскую мову слова “кает” прыйшло і да нас. Але таксама не прыжылося, перамагло сваё слова “сшытак” – сшыты, у адрозненне ад рускага “тетрадь” (грэчаскае tetra – “чатыры”) – складзены ліст у чатыры столкі, - такі быў першапачатковы выгляд “тетради”.

Ква́шаніна

На першы погляд можа здацца, што слова “ква́шаніна” паходзіць ад “ква́шаны”, атрыманы ква́шаннем, як квашаная капуста ці малако. Але ж халадзец не кіслы. Гэта страва з загусцелага пры ахаладжэнні мяснога адвару з дробнымі кавалачкамі мяса. І квасіць яго не трэба, каб зрабіць квашанінай.

Разгадка прыходзіць ад слова “квасок”. На Івянеччыне, можа, і ў іншых рэгіёнах, квасок – гэта суп з касцістага мяса з прыправамі, але без круп, бульбы, капусты і інш. Тое, што па-руску “бульон”. Калі ж квасок ахалодзіцца, загусцее, атрымаецца страва ква́шаніна.

Снеданне, завтрак, снядане

У слове “снеданне” гістарычны корань СН, як і ў слове “сон” (у сне). Значыць, снеданне – гэта ежа пасля сну. У рускай мове – “завтрак”, есці заўтра, пасля ночы, разумеем як “заўтра рана”. У польскай мове, як і ў беларускай, “сьнядане” (sniadanie), толькі без падаўжэння гука “н”.

Спісаць валовую скуру

Гэты народны выраз абазначае “напісаць шмат, выкарыстаўшы вялікую плошчу паперы”. Напрыклад: “Каб я табе ўсё расказала, можна было б спісаць валовую скуру” (г. Смаргонь).

Чаму валовую скуру? Выраз паходзіць з даўніх часоў, калі асноўным матэрыялам для пісьма быў пергамент – від спецыяльна апрацаванай цялячай скуры. Да вынаходства кнігадрукавання на паперы былі напісаны на пергаменце асноўныя помнікі ў Еўропе Xпачатку XV стагоддзяў. На Беларусі – з XI ст.: творы Кірылы Тураўскага, “Тураўскае Евангелле”, “Лаўрышаўскае Евангелле” і інш.

Валовая скура па памерах намнога большая за цялячую, таму напісаць на ёй можна было б намнога больш, калі б яе выкарысталі. А вобразны выраз дажыў і да XXI стагоддзя.

Леанарда АЛЯШЭВІЧ, настаўніца беларускай мовы,

выдатнік народнай асветы БССР, пенсіянерка

Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях

 

Статьи по теме: